Штэфан Фюле: Хворы чалавек Еўропы?

29.01.2012
Алёна Зуйкова, Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі | Пераклад Яўгеніі Камаровай, «ЕўраБеларусь»

Еўрапейскі камісар па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Штэфан Фюле падкрэслівае, што беларускае пытанне застаецца адным з тэрміновых прыярытэтаў для Еўрапейскага Саюза. Цяперашні падыход ЕС да Беларусі мае два асноўных напрамкі.

Першы ўяўляе сабой шэраг санкцый, накіраваных на самую аснову рэжыму. ЕС ужо зразумеў, што далейшае двухбаковае супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі не будзе мець сэнсу, пакуль не будуць вызваленыя і рэабілітаваныя ўсе палітычныя зняволеныя, а таксама без адчувальнага прагрэса ў галіне правоў чалавека. Сп. Фюле робіць важную заўвагу пра тое, што не рэжым, а людзі Беларусі знаходзяцца ў цэнтры ўвагі еўрапейскай палітыкі: «Мы будзем падтрымліваць супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі толькі ў тых сферах, дзе спыненне нашай падтрымкі будзе мець негатыўныя следствы для беларускага народа, а не для рэжыма».

Другі напрамак уяўляе сабой узаемадзеянне з людзьмі ў Беларусі, якія падтрымліваюць рэформы і мадэрнізацыю. Сп. Фюле звяртае ўвагу, у прыватнасці, на супрацоўніцтва з арганізацыямі грамадзянскай супольнасці ў Беларусі: «Асабліва важны роль арганізацый грамадзянскай супольнасці ў тым, што яны знаходзяцца ў авангардзе барацьбы за прынцыпы дэмакратыі і правы чалавека».

Супрацоўніцтва з беларускай палітычнай апазіцыяй таксама захоўваецца, што будзе спрыяць абмеркаванню патэнцыйнай еўрапейскай будучыні для краіны. ЕС заахвочвае гэтае супрацоўніцтва «для павышэння значнасці беларускай палітычнай апазіцыі для народа Беларусі». Але гэтае супрацоўніцтва мае свае ўмовы: «У сваю чаргу, яны павінны працягваць прытрымлівацца адзінага і цвёрдага падыходу ў стварэнні выразнай дэмакратычнай альтэрнатывы цяперашняй уладзе і ўцягванні ў гэты працэс усіх тых, хто падтрымлівае рэформы ў краіне».

Падыход сп. Фюле з’яўляецца доўгатэрміновым. Ён разлічаны на тое, каб закласці аснову для нашмат больш значных пераўтварэнняў у Беларусі. Яго мэта — уключыць грамадзянскую супольнасць і палітычную апазіцыю Беларусі ў далейшыя працэсы трансфармацый. Еўрапейскі Саюз мае шэраг інструментаў, якія могуць дапамагчы падтрымліваць устойлівыя змены ў краіне. Гэта, у сваю чаргу, мае важнае значэнне для вызначэння ключавых рэформ, неабходных для стварэння неабходных палітычных умоў, якія адкроюць магчымасці для выкарыстання большай часткі еўрапейскай падтрымкі.

Рэзюме паводле: The Parliament magazine. Issue 341, 23.01.2012, pages 6-7: http://www.theparliament.com/digimag/issue341


Іншыя публікацыі