Інтэлектуальныя козыры праціўнікаў адраджэнскага праекта

05.04.2014
Пётр Рудкоўскі

Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі выдаў зборнік матэрыялаў міжнароднай канферэнцыі «Беларусізацыя. Ці можна завяршыць працэс інстытуцыянальнага будаўніцтва незалежнай дзяржавы?», праведзенай 22 лістапада 2013 года ў Мінску.

Прапануем вашай увазе тэкст «Інтэлектуальныя козыры праціўнікаў адраджэнскага праекта» аўтарства філосафа і багаслова, магістра філасофіі, магістра тэалогіі, дактаранта Інстытута філасофіі Варшаўскага ўніверсітэта (Польшча) Пятра Рудкоўскага.

* * *

Цягам найноўшай гісторыі Беларусі (1990-2014) спроба ажыццяўлення адраджэнскага праекта суправаджалася спробамі яго інтэлектуальнага аспрэчвання. У дадзеным артыкуле маю намер рэканструяваць і пакласіфікаваць крытычныя аргументы адносна гэтага праекта з боку акадэмічных асяродкаў.

Адразу ж хацеў бы прыкмеціць, што не стаўлю сваёй мэтай падрабязны аналіз гэтых аргументаў; абмяжуюся толькі кароткімі заўвагамі лагічнага або тэорыя-аргументацыйнага характару. Чарговая засцярога: названне гэтых аргументаў «козырамі» зусім не азначае, што лічу іх бездакорнымі і пераканаўчымі. Азначае ўсяго толькі тое, што яны могуць уяўляць сабой пэўны інтэлектуальны выклік, які варта ўлічваць пры далейшым развіванні нацыянальнага праекта.

1. Паняцце «адраджэнне»

«Адраджэнне», гэтак сама як сваяцкія па сэнсу назвы «рэнесанс», risorgimento, palingenesis, — назва, насычаная метафізічна-рэлігійнымі канатацыямі, што можна мець свой уплыў на стасунак да з’яў, апісваных такімі назвамі. Стоікі называлі адраджэннем працэс няспыннай адбудовы сусвету Дэм’юргам; Філон Александрыйскі адраджэннем акрэсліваў тое, што адбылося пасля біблейнага Патопу; Плутарх — перамяшчэнне душаў; а ў Евангеллі паводле Мацвея Апошні Суд пазначаны як пачатак palingenesis, г.зн. рэгенерацыі, адбудовы свету.

У Новы час паняцце «адраджэнне» спачатку было прыменена для акрэслення ментальных і культурных перамен у Еўропе XV-XVI стагоддзяў (Рэнесанс), а пасля, пачынаючы з ХІХ стагоддзя, гэтае паняцце стала ўсё часцей асацыявацца з нацыянальна-вызваленчымі рухамі. І Беларусь тут не выключэнне.

Будучы яскрава метафарычным тэрмінам, «адраджэнне» не мае ўстойлівага значэння і можа асацыявацца з рознымі грамадска-культурнымі працэсамі. Няма чагось такога, як «сутнасць» адраджэння, таму не буду рабіць спроб акрэсліць, што такое «сапраўднае» адраджэнне. Тое, што я маю намер зрабіць зараз, — гэта рэканструяваць «канон адраджэнства» ў беларускім выданні. Думаю, што гэтая рэканструкцыя можа трактавацца як сінтэтычнае апісанне дадзенай плыні. Але калі хтось з гэтым нязгодны, то можа ўспрымаць яе проста як рэгулятыўную дэфініцыю.

Беларускае адраджэнне — гэта сукупнасць чатырох тэндэнцый або пазіцый:

  1. Тэндэнцыя да пашырэння і замацавання беларускай мовы ў публічнай прасторы (што зусім не азначае «татальнай беларусізацыі»);
  2. Вера ў культурную самабытнасць і палітычны патэнцыял беларускага народа і звязаны з гэтым імператыў абароны і развівання нацыянальна-культурнага і палітычнага суверэнітэту. У рамках гэтага агульнага імператыву месцяцца больш канкрэтныя імператывы, як, напрыклад, устанаўленне (вяртанне) нацыянальных сімвалаў — бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня» — у якасці дзяржаўных; захаванне тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі;
  3. Імкненне да распаўсюджвання, у тым ліку, праз сістэму адукацыі, нацыянальнага гістрычнага наратыву, а таксама «культурнай памяці» (шанаванне месцаў, дат, герояў, якія спрычыніліся да нацыянальнага станаўлення беларускага народа або могуць быць гэткім чынам інтэрпрэтаваны);
  4. Імкненне да будавання і культывавання надтэрытарыяльнай і надгістарычнай нацыянальнай супольнасці, г.зн. пачуццёвай лучнасці з беларусамі, якія жывуць не толькі ў Беларусі, але і па-за яе межамі (і наадварот); не толькі з тымі, хто жывуць у цяперашнім часе, але і тымі, што жылі да нас (продкі) і хто будуць жыць у будучым (нашчадкі).

Удакладненне. Адраджэнскі праект можа прадугледжваць эсэнцыялісцкае разуменне нацыі (г.зн. што нацыя характарызуецца аўтаномным, незалежным ад індывідаў спосабам існавання і што яна існавала ў дамадэрны час, толькі ў «неабуджным» стане). Аднак эсэнцыялізм нельга трактаваць як вызначальнік адраджэнскага праекта. Хтось можа падтрымліваць, напрыклад, тэзіс Андэрсана (нацыі — уяўленыя супольнасці) і пры гэтым заставацца паўнаспраўным адраджэнцам.

Названыя вышэй чатыры рысы лічу аснаватворнымі для беларускага адраджэнства. Канешне, у розных адраджэнскіх групах і колах могуць з’яўляюцца дадатковыя патрабаванні: напрыклад, прыхільнасць хрысціянскаму светапогляду, этычны кансерватызм або, наадварот, прыхільнасць секулярызму, этычны лібералізм. У канон «нацыянальнага этасу» могуць у розных асяроддзях уваходзіць розныя светапоглядныя ці рэлігійныя пастулаты, але гэта не змяняе таго, што аснаватворнымі — неабходнымі і дастатковымі — умовамі прыналежнасці да адраджэнскай плыні з’яўляюцца вышэй названыя чатыры рысы.

2. Антыадраджэнская аргументацыя

Выраз «антыадраджэнская аргументацыя» выкарыстоўваю тут як назвупарасон для інтэлектуальных канструкцый, пакліканых паказаць заганнасць адраджэнскага праекта або/і немэтазгоднасць яго культывавання як культурна-палітычнай опцыі. Дзеля зручнасці буду менаваць яе «антыадраджэнствам».

2.1. Антыадраджэнства са спасылкай на навуку

Рэканструкцыя пазіцыі:

  1. Дактрынальная складовая адраджэнскага праекта: а) грунтуецца на эсэнцыялісцкай метафізіцы; б) уваходзіць у супярэчнасць з тэорыяй канструктывізму; в) не ўлічвае навуковых даследаванняў нацый (у прыватнасці, ігнаруе тэзіс, што нацыі — мадэрная з’ява).
  2. Сучасная навука і большасць напрамкаў філасофіі дыстанцуюцца ад эсэнцыялізму. Пабудова сучаснага і еўрапейскага грамадства павінна ўлічваць прагрэс навукі і філасофскай думкі.
  3. Адраджэнства павінна быць адкінута як нееўрапейская або/і анахранічная грамадская праграма.

Такую або блізкую такой пазіцыю займалі некаторыя рускамоўныя лібералы з нагоды дыскусіі адносна адкрыцця беларускай праграмы на радыёстанцыі «Deutsche Welle» у 2005 годзе. Час ад часу такога тыпу аргументацыя з’яўляецца і зараз (напрыклад, з нагоды дыскусій вакол канцэпцыі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта). Таксама і ў тэкстах заходніх аўтараў, якія займаюцца беларускай праблематыкай, можна штось падобнае напаткаць. Напрыклад, Пэр Андэрс Рудлінг у артыкуле «Уздым і заняпад беларускага нацыянальнага руху: гістарычныя перадумовы і перспектывы на будучыню» [1] асацыюе адраджэнства з будаваннем міфаў і пазначае: «Дэканструкцыя, а не пабудова міфаў вядзе да ўзмацнення грамадзянскай адказнасці і свядомасці, адкрываючы магчымасць існавання альтэрнатывы і аўтаномнага выбару» [2].

Носьбіты гэтай пазіцыі не ўлічваюць таго, што эсэнцыялізм не абавязкова мусіць быць інгерэнтны адраджэнскаму праекту. Па-другое, іхняя аргументацыя можа быць абцяжарана заганай argumentum ad novitatem — дагматызацыяй перадпасылкі, што «ўсё новае — рацыянальнае» або «толькі новае — рацыянальнае».

2.2. Спасылка на этыку

Рэканструкцыя:

  1. Адраджэнскі праект супярэчыць ліберальнаму этасу: прадугледжвае першынство калектыву (нацыянальнай супольнасці) над асобай, правы і свабоды чалавечай асобы ставіць ніжэй за культурную і палітычную суверэннасць нацыянальнай супольнасці.
  2. Толькі этыка, якая трактуе свабоду чалавечай асобы як найвышэйшую каштоўнасць, можа быць пакладзена ў аснову адкрытага грамадства.
  3. Адраджэнства павінна быць зведзена да прыватнай сферы; пастулат «культурнай прыпіскі» ніколі не павінен набываць агульнаграмадскага значэння.

Такога тыпу пазіцыю займалі ў 1990-я гады Юры Дракахруст і Алег Манаеў [3]. На пачатку ХХІ стагоддзя яна прасочвалася ў публіцыстыцы Аляксандра Адамянца [4] або Андрэя Екадумава [5].

Крытыка адраджэнства з выкарыстаннем такой аргументацыі прадугледжвае два неапраўданыя крокі: а) абсалютызацыя ліберальнай этыкі; б) прыняцце, што існуе быццам бы супярэчнасць паміж індывідуальнай свабодай і супольнаснай арыентацыяй.

2.3. Спасылка на законы гісторыі (гістарыцысцкі аргумент)

Рэканструкцыя:

Разумаванне гэтага тыпу можа мець два варыянты:

  1. Акаляючы свет (напрыклад, Еўропа) зараз рухаецца у напрамку Н. Адраджэнскі праект разыходзіцца з напрамкам Н. Такім чынам, адраджэнства павінна быць адкінута як нязгоднае з агульнымі еўрапейскімі/сусветнымі тэндэнцыямі.
  2. Нацыянальнае адраджэнне — гэта вынік заканамернага развіцця гісторыі. Адпаведна законам гісторыі, нацыянальнаму адраджэнню быў адведзены час на лініі часу Т. Час Т прамінуў. Беларусы не паўсталі як (класічная) нацыя ў часе Т. Позна адраджаць (будаваць) нацыю.

Адпаведна схеме 1 разважаў Рыгор Мінянкоў, аргументуючы, што Еўропа ўваходзіць у «постнацыянальную эпоху» [6], такім чынам, пастулат беларускага адраджэння ў ХХІ стагоддзі неапраўданы. Версію 2 можна напаткаць у Валянціна Акудовіча [7] і Грыгорыя Іофе [8].

Гістарыцызм — гэта дужа праблемны метадалагічны падыход. Наўрад ці пасля крытыкі гістарыцызму з боку Карла Попера магчыма культываванне такога падыходу на навуковым узроўні. А ва ўсякім разе, прыхільнікі такога падыходу мусяць спачатку паказаць — з улікам попераўскай крытыкі — магчымасць рацыянальнага аперавання канцэптамі, такімі як напрамак гістарычнага працэсу або законы гісторыі.

2.4. Спасылка на непапулярнасць/слабасць/нерэпрэзентатыўнасць

Рэканструкцыя:

  1. Беларускі адраджэнскі праект мае мала агульнага са штодзённым жыццём людзей.
  2. Толькі такая грамадская праграма, якая выходзіць насустрач штодзённым праблемам беларусаў, вартая прасоўвання.
  3. Беларускае адраджэнства павінна быць адкінута, паколькі разыходзіцца з рэальнымі праблемамі большасці беларусаў.

Такая аргументацыя прасочваецца ў публіцыстыцы Аляксандра Пяршая [9], Святланы Алексіевіч [10]. Андрэя Екадумава [11], Янава Палескага [12], Вадзіма Казначэева [13], а таксама Пэра Рудлінга [14].

Такая аргументацыя абцяжарана заганай argumentum ad maioritatem — абсалютызацыяй меркавання «большасці». Апроч таго, не ўлічваецца тут, што як адраджэнскі праект, так і грамадская думка — гэта дынамічныя рэчаіснасці: пункты судакранання аднаго і другога ўвесь час падлягаюць флуктуацыі.

2.5. Спасылка на прыхаваныя інтарэсы (дэмаскатарскі канструктывізм)

Прыкладна ў сярэдзіне 1990-х гадоў у беларускую грамадскую думку пачынае пранікаць сацыяльны канструктывізм — інспіраваны філасофіяй Томаса Куна даследніцкі падыход, які зыходзіў з таго, што тыя ці іншыя формы грамадскага жыцця пазбаўлены трывалай натуры, што з’яўляюцца яны ўсяго толькі канструктам-канвенцыяй, якая свядома ці несвядома падтрымліваецца чальцамі дадзенай супольнасці.

У цеснай повязі з канструктывізмам як даследніцкім падыходам пачаў таксама культывавацца канструктывізм як дэмаскатарская стратэгія. Зыходнай устаноўкай гэтага другога падыходу ёсць кан’юнкцыя дзвюх тэзісаў: а) усякія сацыяльныя інстытуты з’яўляюцца канструктамі-канвенцыямі; б) за спробамі пашырэння і замацоўвання гэтых канструктаў заўжды хаваюцца нейкія эгаістычныя групавыя або індывідуальныя інтарэсы. Аб’ектам выкрывання могуць быць розныя рэчы, напрыклад, гендэрныя ролі, інстытут сям’і, інстытут дзяржавы, акадэмічная супольнасць. Часам нават навуковыя вынаходкі або філасофскія тэорыі могуць інтэрпрэтавацца як канструкты-з-мэтай-дамінацыі. Адраджэнскі праект разам з асноўнымі канцэптамі «нацыя», «ідэнтычнасць» — гэта адзін з тых канструктаў, за якім хаваюцца непрывабныя групавыя інтарэсы (напрыклад, культурная гегемонія ў агульнаграмадскім маштабе, здабыццё палітычнай улады).

Рэканструкцыя:

  1. Адраджэнскі праект — гэта спосаб здабывання культурнай гегемоніі або/і палітычнай улады.
  2. Стаўленне да беларускага адраджэння павінна быць такім жа, як і да любой формы гіпакрызіі — выкрыванне яго з мэтай этычнай і палітычнай кампраметацыі.

Такая пазіцыя выразна прасочваецца ў публіцыстыцы Алены Гапавай, Аляксандра Пяршая [15], Янава Палескага [16], Вадзіма Казначэева [17], а таксама ў нейкай ступені ў Пэра Рудлінга [18].

Дэмаскатарскі канструктывізм грунтуецца на прэзумпцыі злой волі, яго высновы нефальсіфікавальныя, а метадалогія рэдукавана да набору ўстойлівых словазлучэнняў (напрыклад, «карпаратыўныя інтарэсы», «гегеманічныя канструкты»), чыя дэскрыпцыйная або экспланацыйная вартасць дужа сумнеўная. Таму гэты падыход і заснаваную на ім крытыку адраджэнскага праекту складана трактаваць як нешта большае, чым ідэалагічна-прапагандысцкае прадпрыняцце.

3. Падагульненне і заключэнне

Як было пазначана на пачатку, мэтай артыкула была перадусім рэканструкцыя асноўных тыпаў антыадраджэнскай аргументацыі і сфармуляванне заўваг лагічнага або тэорыя-аргументатыўнага характару. Паколькі маем тут дачыненне не з дэдукцыйнымі сістэмамі, то наяўнасць тых ці іншых лагічных заганаў не мусіць азначаць поўны крах тых ці іншых «антыадраджэнскіх» аргументаў. Некаторыя з іх, нават пры пэўнай лагічнай слабасці, могуць захоўваць каліва рацыянальнасці. Таму пажадана, каб аналіз лагічнага ці метадалагічнага характару быў дапоўнены эмпірычным даследаваннем, але гэта ўжо справа асобнага артыкула ці нават серыі артыкулаў.

Тое, аднак, што ўжо на базе выяўленага ў гэтым артыкуле можна сказаць, што найбольш тыповыя антыадраджэнскія інтэлектуальныя канструкцыі наўрад ці могуць прэтэндаваць на большую «навуковасць» або «рацыянальнасць», чым сам адраджэнскі дыскурс. Многія з крытычных закідаў не задавольваюць прынцыпу дэскрыпцыі (які з’яўляецца перадумовай рацыянальнай аргументацыі). Парушэнне прынцыпу дэскрыпцыі тут можа быць дваякім: або з’явы апісваюцца такім чынам, што невядома, да якіх аб’ектаў дадзеная характарыстыка адносіцца, або выражана на метафарычнай мове, з-за чаго немагчыма зразумець дакладны сэнс апісання. У некаторых выпадках аргументацыя абцяжарана заганай petitio principii (як у выпадку крытыкі адраджэнства з (маўклівым) прыняццем гістарыцысцкіх перадпасылак), totum pro parte (як, напрыглад, прыняцце некаторых навуковых тэндэнцый за ўсю навуку), argumentum ad novitatem (як у выпадку закіду, што адстойванне нацыянальнага адраджэння — праява культурнай адсталасці).


1. Артыкул апублікаваны ў зборніку: Бунт у імя свабоды: забыты беларускі ген? / Рэд. Пётр Рудкоўскі, Кацярына Колб. — Варшава, 2013.

2. Тамсама, С. 118.

3. Гл.: Каким быть Белорусскому народному фронту? // Согласие. — 1990. — 29 октября.

4. Гл.: Конец «возрожденческого проекта» в Беларуси [Электронный ресурс] // Новая Эўропа. — Интернет-журнал.  — 16.02.2007. — Режим доступа (на 30.03.2014): http://n-europe.eu/content/index.php?p=1210, свободный. — Загл. с экрана.

5. Гл.: Белорусская идентичность: в поисках пятого угла [Электронный ресурс] // Новая Эўропа. — Интернет-журнал.  — 16.11.2007. — Режим доступа (на 30.03.2014): http://n-europe.eu/content/index.php?p=2814, свободный. — Загл. с экрана.

6. Не маю пры сабе пісьмовага тэкста, у якім Мінянкоў выказваў бы гэтае меркаванне. Прыпісваю яму гэты погляд на базе вуснага яго выказвання падчас семінара «Незалежная Беларусь: шляхі нацыянальнага самавызначэння», які адбыўся 22 кастрычніка 2006 года.

7. «...беларусы спазніліся з нацыянальным адраджэннем» — Акудовіч В. Вайна культураў, альбо Піраміда Хеопсу за мурам Мірскага замку: http://old.knihi.com/akudovic/vajna.html (Дата доступу: 15.11.2013).

8. «Калі звярнуцца да ўплывовай мадэлі Гроха, якая прадугледжвае трохэтапны працэс фармавання нацыі <...>, то беларусы знаходзяцца на этапе Б» — Nieustanne poszukiwania tożsoamości białoruskiej // Tożsamości zbiorowe Białorusinów, red. R. Radzik, Lublin: Wydawnictwo UMCS 2012.

9. Пар.: «Падаецца, што беларускі інтэлектуальны нацыянальны дыскурс не выходзіць далей за межы кола саміх інтэлектуалаў»; «Інтэлектуальны дыскурс на Беларусі — самазасяроджаны [self-centred], элітарны і інтэлектуальна арыентаваны»; «Калі ёсць цэнтар, які прамаўляе, дык чаму ніхто ня слухае?» — Questioning the Hegemony of the Nation State in Belarus: Production of Intellectual Discourses as Production of Resources. Nationalities Papers. Vol. 34. № 5. (November 2006). P. 623-635.

10. Пар.: «Людзі з «ARCHE» i «Нашай Нівы» не прадстаўляюць беларускага народа. Тое, што яны прадстаўляюць, — гэта ўласныя мары аб беларускім народзе» — З спрэчкі вакол мовы новай праграмы «Deutsche Welle» для Беларусі, радыёперадача «Праскі акцэнт», 24 верасня 2005 года, www.svaboda.org.

11. Пар.: «Национальное Возрождение», «беларушчына» пребывают по ту сторону жизненного горизонта львиной доли белорусов»; «…этот идеальный образ не находит пылкого отклика у обывателя» — Миссионеры в гипермаркете. Белорусский этнонационализм и потребитель: http://www.3dway.org/node/7584 (Дата доступу: 15.11.2013).

12. Пар.: «Калі славуты нацыянальны дыскурс — гэта цэнзураваны дыскурс абмежаванай колькасьці асобаў, ды яшчэ ў прыдачу і мала цікавы для «вонкавых» карыстальнікаў (расейцаў, палякаў, часткі беларусаў), дык на якой падставе ён называе сябе «нацыянальным»?» — Невозможность симбиоза: http://nmnby.eu /news/discussions/2225.html (Дата доступу: 15.11.2013).

13. Казначеев В. Волна и пена [Электронный ресурс] // Наше мнение. — Аналитическое интернет издание. —  31.08.2005. — Режим доступу (на 30.03.2014): http://nmnby.eu/news/discussions/2553.html.

14. Пар. яго выказванне наконт беларусізацыі 1920-х гадоў: «Нацыяналізм і нацыянальная ідэнтычнасць мелі мала агульнага з паўсядзённым жыццём людзей»; «Беларусізацыя праводзілася з імклівай хуткасцю і без вялікай увагі да настрояў у грамадстве. <...>  Для большай часткі сялянства пытанні беларускай саматоеснасці і нацыянальнага будаўніцтва былі даволі абстрактнымі пытаннямі, вельмі далёкімі ад праблемаў іх паўсядзённага жыцця». — Op.cit.

15. «Акцэнтуючы вяртанне Беларусі да Еўропы, нацыянальны праект дазваляе беларускім інтэлектуалам выбраць і прасоўваць тую мадэль нацыі, якая найбольш адпавядае іх карпаратыўным інтарэсам»; «Нацыянальны дыскурс зьвязаны з двума гегеманічнымі канструктамі — дамінацыяй нацыянальнай дзяржавы і дамінацыяй інтэлектуалаў» — Pershai, Alexander. — Op.cit.

16. Гл.: артыкул «Невозможность симбиоза...», дзе Янаў Палескі дэмаскуе прэтэнзіі «беларускамоўных» на «моўнае настаўніцтва».

17. «Вы [натывісты] раскідваецеся вострымі заявамі. Але ўжо сам тон вашых заклікаў уяўляе сабой пэўную праблему. Што будзе, калі прыйдзеце да ўлады? Ці проціпаставіцеся спасусе выкарыстоўвання метадаў прымусу  [каб навязаць беларускую мову]?». — Op.cit.

18. «Нацыянальныя актывісты [маецца на ўвазе перыяд беларусізацыі 1920-х гадоў] нагадвалі гульцоў у рулетку, якія гулялі толькі на адну стаўку. Стаўкі былі высокія — істотная ўлада і ўплыў...». — Op.cit.

Электронную версію зборніка можна спампаваць у раздзеле «Бібліятэка».

З відэазапісам ходу канферэнцыі можна азнаёміцца​​, пяройдучы па спасылцы.


Іншыя публікацыі