Інтэлектуальная сітуацыя Беларусі. Апытанне: Андрэй Ягораў

14.06.2014
Андрэй Ягораў

У новым нумары часопіса «Палітычная сфера» змяшчаны адказы шэрагу беларускіх інтэлектуалаў, адносна актуальнага інтэлектуальнага стану краіны. У апытанні ўзял удзел дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў. Прапануем азнаёміцца з яго адказамі на зададзеныя рэдакцыяй часопіса пытанні.

Чарговы нумар часопіса «Палітычная сфера» (№ 21(2), 2013) стаўся вынікам пазалеташняй канферэныі Лятучага ўніверсітэта «Інтэлектуальная сітуацыя Беларусі: абставіны і самавызначэнне мыслення» (Мінск, 14-15 снежня 2012 года). Больш падрабязна пра канферэнцыю глядзіце на сайце Лятучага ўніверсітэта.

* * *

Я паспрабую адказаць на вашы пытанні ў жанры ліста да сябра, з якім мяне яднае агульная сітуацыя і, у нейкім сэнсе, агульны лёс. Тым не менш, і нашы асабістыя траекторыі, і траекторыі нашай маленькай інтэлектуальнай супольнасці імкліва разыходзяцца ў прасторы часу і дзейнасці. Абранне такога жанру дыктуецца неабходнасцю дыстанцыянавання маіх уяўленняў пра сітуацыю ад нашых супольных, што раней для мяне існавалі амаль як адно і тое ж. Натуральна, гэта ніколі не можа адбыцца напоўніцу, але асабісты абшар веды і ўстановак успрымаўся мною як доля таго цэлага, што заўсёды большае за прыватную частку. У пэўным сэнсе, гэта пошук уласных прысабечаных адказаў на пастаўленыя вамі пытанні.

1. Сённяшні стан Беларусі, беларускай нацыі і культуры ёсць вынікам шмат якіх уплываў і фактараў. Ці ёсць сярод гэтых уплываў унёсак інтэлектуальнай і акадэмічнай працы значным, і што можна аднесці на гонар ці сорам інтэлектуалаў?

Стан свету заўсёды залежыць ад стану мыслення. Гэта нарматыўная тэза падаецца банальнай прыхільнікам школы метадалогіі Г.П. Шчадравіцкага і грунтуецца на асаблівым светаўспрыняцці метадолагаў. Культура фарміруе свет адпаведна свайму зместу, а змена гэтага культурнага зместу раней ці пазней змяняе стан рэчаіснасці. Адпаведна, інтэлектуальнае напружанне, што спрычыняецца да стварэння «гумусу» культуры ўплывае на існае і будучае развіццё сітуацыі. Змест інтэлектуальнай сітуацыі сёння ёсць зместам сацыяльна-дзейнасных адносін заўтра, а інтэлектуальная «касталія» нібы разгойдвае лад будучага свету.

У своеасаблівай інтэрпрэтацыі Бібліі Ірыны Дубянецкай словы і дзеі людзей твораць касмаганічную структуру космасу: праз гісторыю Саду ў свет прыходзіць першая няпраўда, сказаная Адамам Богу, у свет-без-смерці Каін прыносіць нязнаную да таго смерць. Нешта прыходзіць у свет не як адзінкавае, а як паўторнае і множнае, як шматлікія адбіткі ідэі альбо агульнага імя. Адзінкавае і выпадковае, не замацаванае ў ідэях і імёнах, мінае і не спрычыняецца да стварэння сусвету. Святая гісторыя працягвацца ў гісторыі мыслення, што спараджае і «схоплівае» новае ў такіх ідэальных, культурна нармаваных формах. Найбольш яскрава повязь зместу мыслення і стварэння новай канструкцыі рэчаіснасці разгортваецца ў час паўстання на грунце Асветніцкіх ідэй мадэрнага грамадства.

Але тут мы ўсё яшчэ знаходзімся ў сферы нарматыўных разважанняў, уласна ж беларуская сітуацыя напаўняе гэту схему сваім матэрыялам. Тут паўстаюць пытанні повязі інтэлектуальнай сітуацыі Беларусі з агульным культурным зместам: ці тое, што мы маем зараз, ёсць спараджэннем беларускай культуратворчасці (беларускага мыслення, беларускай інтэлектуальнай сітуацыі) альбо наступствам змен іншай (па-за беларускай) мысліўнай працы і мы толькі адчуваем яе наступствы? Натуральнасці і стыхійнасці фарміравання культуры альбо кіраванасці і штучнасці культуратворчай працы беларусаў?

Сутнасны адказ на гэтыя два пытанні штосьці можа сказаць пра значнасць інтэлектуальнага ўнёску беларусаў у сваю сітуацыю жыцця і дзейнасці, а таксама гонар ці сорам інтэлектуалаў.

Мая ўласная сцежка сутыкнення з Беларуссю пачынаецца з гісторыі і гістарычнага наратыву, а менавіта з Міколы Ермаловіча і Уладзіміра Караткевіча. Гэта такое дзіўнае сцверджанне, бо ці не жыў я ў Беларусі ад свайго нараджэння? Так, жыў, але тое была іншая Беларусь, свет інстытуцыйных практык дзіцячага садка, школы, а потым універсітэта. З прысабечвання нацыянальнага гістарычнага міфа пачынаецца маё падвоенае жыццё. З аднаго боку, ёсць вось гэтая нацыянальная па змесце, «адраджэнская» культура, а з іншага боку — жыццё, сфарміраванае іншай культурай.

Магчыма, кожны, хто займеў прышчэпку нацыянальнага наратыву, адчуваў гэту падвоенасць. Мацкевіч асэнсоўваў яе праз канцэпт «культурных катастроф» і «барыкады», Акудовіч — як існаванне «архіпелага Беларусь» і жыцця астатняй краіны «без нас», без «адраджэнцаў», Абушэнка пісаў пра «крэольскасць», Бабкоў і Казакевіч — пра «калонію». Падвоенасць спрэс узнікае ў барацьбе «нацыянальнай літаратуры» з «савецкай», «беларускамоўных» з «рускамоўнымі», «оппаў» і «застабілаў» і іншых такога кшталту падыходах і спрэчках. Для мяне падвоенасць ёсць хутчэй натуральным станам, але пры гэтым яна па сутнасці няправільная, таму ўсё пераўтвараецца ў задачу асваення жыццёвага свету беларускай культурай.

Магчыма, адсюль і ўзнік штуршок да пераймання «культурнай палітыкі» і падыходу Мацкевіча, дзе вельмі выразна і амаль поўна сфармулявана названая задача. Што з гэтай гісторыі вынікае? Па-першае, тое што я дакрануўся да ўжо існуючага свету сапраўднай культуры. Ермаловіч і Караткевіч там былі, і, больш за тое, самі яны і іх культуратворчасць узгадаваліся на пэўнай глебе і працяглай традыцыі. Па-другое, большая частка навакольнага свету сканструяваная на глебе іншага культурнага зместу. І змест гэты, па сутнасці, савецкі, трансфармаваны глабальнай культурай савецкі змест...

Вынікае з гэтага даволі непрыемная рэч: да сённяшняга часу беларускія інтэлектуалы, тыя, што былі да мяне і ёсць зараз, не авалодалі ўсёй культурай, якая нармуе наша жыццё. Тое, што можна аднесці да гонару, створана ў вузкай прасторы гістарычнага наратыву і літаратуры — там можна дакрануцца і працягнуць традыцыю. Што ж да астатняга, то мы заўсёды аказваемся на хісткай глебе нібыта новага пачатку. Гэта «нібыта» ўзнікае таму, што нішто са створанага не мае прызнанай традыцыі і асновы. І вось гэта наш, інтэлектуалаў, галоўны сорам: няздатнасць уцягнуць у сферу нашага мыслення шырокія культурныя нормы, зрабіць іх сваімі, працаваць з імі.

Наша інтэлектуальная сітуацыя заўсёды застаецца меншай (фрагментарнай, партыкулярнай), чым Беларусь, якую трэба абмысліць. Прыкметамі такога стану з’яўляюцца адсутнасць прызнаных сучасных культурных герояў (ёсць беларускія рэжысёры — няма Рэжысёра, ёсць філосафы — няма Філосафа), паўсюднае адмаўленне інтэлектуальнага ўнёску сваіх суайчыннікаў (за што не зачапіся, дык нічога ў нас няма), будаўніцтва ўсяго з чыстага аркуша (хто б што ні пачаў, ён упэўнены, што першы), па-за разумнае (у лепшым выпадку напалову разумнае) існаванне палітыкі, адукацыі, медыцыны, права... Інтэлектуалы, тыя, хто павінен ствараць будучыню, не могуць ствараць яе як цэлую, і мы ўсе разам робімся прычынай знаёмай сітуацыі беларуса: «Я — тутэйшы, а край наш забраны».

Сталася так праз несучаснасць і спазненне развіцця зместу інтэлектуальнай сітуацыі, у параўнанні з развіццём практычнай (сацыяльна-гістарычнай) сітуацыі. Сёння мы жывем зместам канца 1980-х — пачатку 1990-х гадоў, напрацаваны ў той час гумус сёння нармуе наша «падвоенае» жыццё. Тады інтэлектуалы змаглі замацаваць магчымасць засваення наступным пакаленнем культурнай «тутэйшасці» і несавецкай «іншасці» праз узрушэнне нацыянальнай свядомасці. І тут не так шмат розніцы паміж беларускім-беларускім Дубаўцом і беларускай-рускай Шпарагай, Лятучым універсітэтам і ЕГУ, гэта якраз нарматыўна «тутэйшае», розніца куды больш адчувальная паміж усім гэтым і тым, што культурна нармуе напружанае штодзённае жыццё калектыва ЖЭС № 2, БДУ альбо Міністэрства аховы здароўя. Вось там жыве Іншы, там Вусцеж! (Хаця можа тут хутчэй гаворыць мой кафкіянскі страх перад безасабовасцю адміністратыўных сістэм...).

Праблема ж была ў тым, што гэтага культурна-нацыянальнага зместу інтэлектуальнай сітуацыі было замала для авалодання ўсімі складнікамі будучыні. Нейкі час таму, на семінары «Палітычнай сферы», мы разбіралі інтэлектуальныя дэбаты, што ішлі на старонках партыйных часопісаў на зломе савецкай эпохі. Мне патрапілі ў рукі рупары камуністычных партый 1989 года ў Беларусі — «Камуніст Беларусі» і Эстоніі — часопіс з назвай (уявіце ў 1989 годзе!) «Палітыка», бо «Камуніст Эстоніі» змяніў назву на больш адпаведную часу. Адпаведнасць часу зместу дэбатаў на старонках розных часопісаў таксама была паказальная, калі беларусы разважалі пра гаспадарчы разлік для Беларусі ў складзе СССР, то эстонцы абмяркоўвалі варыянты аўтаномнага існавання Эстоніі (шырокая аўтаномія ў складзе СССР, федэрацыя з СССР ці незалежнасць). У Беларусі гэтыя пытанні былі на перыферыі інтэлектуальных дыскусій, у той час збольшага ішла барацьба за мову і нацыянальную культуру (знакаміты ліст беларускіх пісьменнікаў да Гарбачова).

Беларускае мысленне аказалася няздатным агарнуць, увабраць у сябе ўсю цэласнасць культуры, што была  неабходнай для стварэння незалежнай дзяржавы. Інтэлектуальная сітуацыя ўчора з’яўлялася такой, што формы і сродкі мыслення, якімі валодалі беларускія інтэлектуалы, былі несувымерныя сацыяльна-гістарычнай сітуацыі. За 1990-я і 2000-я гады сітуацыя змяняецца да лепшага, але ж час, падаецца, бяжыць яшчэ хутчэй...

2. Сёння ў Беларусі прастора гуманітарнай думкі паўсюдна скарачаецца. Калі б трэба было «апраўдаць» існаванне ў Беларусі інтэлектуальнай працы, што можа быць такім «апраўданнем»?

Апалогія Сакрата такая, так?.. Што ўвогуле можа быць апраўданнем для існавання інтэлектуальнай працы? Развіццё, хіба што. Калі ёсць развіццё, калі з’яўляецца тое, чаго не існавала... У нас ёсць гэтае развіццё, інтэлектуалы спрычыняюцца да змен у краіне і ствараюць тое, што неабходна для жыцця незалежнай краіны. Асвойваюць прастору культуры. Калі 20 гадоў таму ў нас сапраўды шмат чаго не было, то зараз яно ёсць. Есць літаратурная крытыка, есць інтэлектуальныя часопісы, есць гуманітарныя і сацыяльныя даследаванні, есць кнігі і энцыклапедыі, есць інтэлектуальныя школы, есць людзі Вялікай Культуры: Уладзімір Мацкевіч, Валянцін Акудовіч, Міхал Анемпадыстаў... ужо цяжка пералічыць усіх... Ёсць канцэпцыі і ідэі... Ёсць з’явы сацыяльнага жыцця, заснаваныя на падставе інтэлектуальнай працы. Есць ЕГУ, Беларускі калегіюм, Лятучы ўніверсітэт, Беларуская нацыянальная платформа грамадзянскай супольнасці, «Палітычная сфера» і Кангрэс даследчыкаў Беларусі... Есць я і вы, якіх ніколі б не было такімі, што мы есць сёння без «плана ідэальнага», закладзенага Мацкевічам, Акудовічам, Ігарам Бабковым, Беларускім калегіюмам, семінарам Абушэнкі-Бабкова, метадалагічнымі семінарамі...

Толькі ўсяго гэтага замала, замала для такой краіны, як Беларусь, усё яшчэ замала...

3. Што сёння ёсць выклікам для беларускіх інтэлектуалаў — у ідэях, у сацыяльнай сітуацыі і ў культуры? Які з гэтых выклікаў Вы адчуваеце як свой асабісты?

Для беларускіх інтэлектуалаў у сацыяльнай сітуацыі выклік ляжыць у пераадоленні дваістасці існавання Беларусі, неабходна разбурыць «барыкаду» (па Ул. Мацкевічу), прывесці рэальнасць у адпаведнасць з планам ідэальнага. Але ж гэты план ідэальнага не ў стане сёння змясціць гэтае рэальнае, таму неабходна развіццё самога мыслення. Так, наш метадалагічны «прагрэсарскі» падыход сутыкаецца з непадатлівай нам рэальнасцю, сацыяльнасць хоча нас з’есць, падпарадкаваць, знічтожыць. Тое самае адбываецца і з іншымі прэтэндэнтамі на інтэлектуальную пазіцыю, толькі яны пра гэта не ведаюць. Таму трэба сканструяваць новыя «ўхваты» для гэтае сацыяльнасці, для яе разумення, даследавання, пераўтварэння... І, у той жа час, гэтая праца мусіць рабіцца праз «каланізацыю» яшчэ-не-нашай Культуры і культурапераўтваральную працу (больш вузка і трошкі ідэалагічна мы апісвалі гэта ў трыядзе «дэсаветызацыя—беларусізацыя—еўрапеізацыя»). І тут самім інтэлектуалам неабходна стаць «кіруючым класам», перайсці ад намінальнага праўлення да рэальнага. Гэта патрабуе іншага самавызначэння і іншага мяне самога як інтэлектуала, што, падаецца, самае складанае.

У апытанні часопіса «Палітычная сфера» таксама прынялі ўдзел: Алег Манаеў, Сяргей Дубавец, Андрэй Лаўрухін, Алесь Краўцэвіч, Мікалай Лявонаў, Зміцер Майбарада, Аляксей Ластоўскі і Пётра Рудкоўскі. З адказамі ўсіх удзельнікаў апытання можна азнаёміцца па спасылцы.

Пра аўтара:

Андрэй Ягораў — дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, магістр палітычных навук. Скончыў аддзяленне паліталогіі і магістратуру па спецыяльнасці «Паліталогія» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У галіне палітычных даследаванняў працуе з 2001 года. Фокус даследчых інтарэсаў: трансфармацыя постсавецкай прасторы, грамадзянская супольнасць, палітычныя трансфармацыі ў Беларусі і рэгіёне Усходняга партнёрства, еўрапейскія даследаванні.


Іншыя публікацыі