Отступление об оппозиции.
Размова паэта з філосафам пра палітыку
Я займаюся палітыкай таму, што прапаную лідэрам адпаведны парадак дзеянняў і крытыкую іх безглуздыя дзеянні.
Частка І. Паэт і філосаф
Думаю пра тое, што б мне адказаць Уладзіміру Някляеву, які зрэагаваў на мой зварот да яго. У сваім адказе Некляеў падкрэслвае розніцу нашых пазіцый, тлумачыць мае словы і крытыку менавіта тым, што гэта сказаў філосаф. Нават, дзеля палітэсу, выказвае пэўную павагу да мяне, як да філосафа, з якім яму цікава размаўляць.
Ну, што ж, і я пачну з палітэсу: вельмі шаную паэта Уладзіміра Некляева, і як празаіка паважаю яго за апошнюю кнігу, якую нездарма адзначылі прэміяй Гедройца. Чакаю абяцаную наступную кнігу.
Але калі паэт размаўляе з філосафам пра палітыку, ці застаюцца яны паэтам і філосафам? Я ў сваёй крытыцы Некляева са Статкевічам і Лябедзькам не выкарыстоўваў адмысловых філасофскіх ці метадалагічных катэгорый і паняццяў. Някляеў не адказвае мне вершамі. Што робіць нас філосафам і паэтам у такой размове?
На жаль, у нас мала паэтаў, філосафаў, навукоўцаў, адмыслоўцаў, якія б грунтоўна выказваліся б па актуальных грамадска-палітычных праблемах. Вельмі ўдзячны Уладзіміру Некляеву за яго мужнасць, неабыякавасць і акрэсленую грамадзянскую пазіцыю!
Дык вось — грамадзянскую пазіцыю! Калі паэт з філосафам размаўляюць пра вострыя грамадска-палітычныя праблемы, яны абодва гавораць з вышыні сваёй грамадзянскай пазіцыі. «Паэтам можаш ты не быць», і філосафам не абавязаны! Нават быць грамадзянінам ніхто не абавязаны. Тым больш, быць палітыкам. Мы проста паважаем людзей, якія маюць выразную грамадзянскую пазіцыю, але нікога не прымушаем такую пазіцыю займаць. Хтосьці адчувае сябе сумленным грамадзянінам, свядомым беларусам, а камусьці дастаткова проста жыць сваім прыватным жыццём, уладкоўваць дом, гадаваць дзяцей, добра рабіць сваю справу. І такія людзі таксама вартыя павагі.
Частка ІІ. Палітык і грамадзянін
Калі я звярнуўся да Статкевіча (афіцэра), Някляева (паэта) і Лябедзькі (школьнага настаўніка), усе яны былі для мяне ў адным статусе — палітыкі. А кім яны ёсць па-за палітыкай, у гэтым звароце для мяне неістотна.
Дзякуй Богу, Някляеў гэта добра зразумеў. Таму, аспрэчваючы маю крытыку, адказвае не з пазіцыі паэта, а як палітык. Але тады атрымоўваецца падмена пазіцый у размове: гэта не паэт адказвае філосафу, а палітык філосафу!
Добра Някляеву, ён і паэт, ён і палітык! Захацеў верш напісаць — напісаў, захацеў Плошчу арганізаваць — ..., эх, не дайшоў, атрымаў па галаве і не патрапіў. І ўсё пайшло не так, як планавалася. А мне, філосафу, не так ужо і добра, Някляеў раіць мне займацца сваімі кніжкамі і не чапляцца да палітыкі, бо: «Ад філософа і метадолага ніхто не чакае нічога, апроч філасофіі і метадалогіі. І ў адносінах да яго — гэта навука. А ў адносінах да палітыка — балбатня».
Дык што ж мне, небараку-метадолагу, рабіць? Маўчаць бы вады ў рот набраўшы? Маўчаць жа іншыя навукоўцы, філосафы, нават палітолагі і сацыёлагі! А мяне хто за язык цягне?
Але справа ў тым, што крытыкуючы афіцэра, паэта і настаўніка як палітыкаў, я займаю пазіцыю грамадзяніна, актыўнага і неабыякавага грамадзяніна. Мяне, як грамадзяніна, непасрэдна тычыцца тое, што робяць палітыкі, мяне хвалюе тое, што яны зробяць, што ў іх атрымаецца ці не атрымаецца.
Дык не мае рацыі паэт Некляеў, калі, размаўлючы са мной, робіць выгляд, што гэта палітык размаўляе з філосафам. Не, гэта палітык размаўляе з грамадзянінам, з выбаршчыкам, адным з мільёнаў грамадзян і выбаршчыкаў.
Статкевіч, Некляеў, а асабліва Лябедзька вельмі любяць паразважаць пра звычайных выбаршчыкаў, шэраговых грамадзян, тых, хто абітае на «прахадных заводаў». І любяць паразважаць пра іх, і паразважаць з імі. Яны вартыя іх увагі, увагі вядомых палітыкаў нацыянальнага ўзроўню. Рабочыя з прахадной вартыя, мінакі каля ўнівермага вартыя, а ёсць некаторыя грамадзяне, якія не вартыя, словы якіх «у адносінах да палітыка — балбатня». Някляеў залічвае мяне менавіта да такіх, не вартых увагі, грамадзян. Чаму?
А таму, што я філосаф і метадолаг! І таму, што, як ён афарыстычна сфармуляваў: «Палітыка філосафа і філасофія палітыка — розныя рэчы».
Дык навошта Някляеў так настойліва запіхвае мяне ў філосафы? А каб не размаўляць са мной як з грамадзянінам. Як грамадзянін з грамадзянінам. Ніяк не адказваючы на маю крытыку, Някляеў проста распавядае пра тое, што мы з ім не роўныя: ён — палітык, а я — філосаф, выказванні якога «ў адносінах да палітыка — балбатня».
Крыўдна? Мне асабіста — не. Бо гэта паэтычная бязглуздзіца. І лагічная блытаніна.
Калі б Някляеў паставіўся да маёй крытыкі не як да балбатні, а як да пэўнай грамадзянскай пазіцыі, што б ён мог адказаць? Баюся, што ў яго няма адказу на такую грамадзянскую пазіцыю. Мала таго, што няма адказу, ён нават не лічыць яе грамадзянскай пазіцыяй, бо гэта ж філосаф сказаў, а што філосаф можа сказаць вартага?
А сапраўды, ці вартая чагосьці мая крытыка ўчынка Статкевіча, Некляева і Лябедзькі? Чаму я вырашыў, што мая асабістая пазіцыя вартая ўвагі такіх паважаных людзей, кандыдатаў у прэзідэнты, палітыкаў нацыянальнага ўзроўню?
Можа, сапраўды, грамадзянін-філосаф горшы, чым грамадзянін-рабочы, ці селянін, ці бізнесовец, настаўнік, праграміст? Так бы мовіць, грамадзянін другога гатунку! Напэўна ж, з такім утрыраваным параўнаннем дэмакраты Статкевіч, Някляеў і Лябедзька не пагодзяцца і будуць пераконваць, што я такі ж грамадзянін, як і рабочы з калгаснікам, што я роўны сярод роўных. Яны проста скажуць, што рабочых сотні тысячаў у краіне, а разам з сялянамі і працоўнай інтэлігенцыяй мільёны, а колькі тых філософаў? Мацкевіч ды Акудовіч, ну і пара дзясяткаў прафесароў з дацэнтамі на стаўках філосафаў. Але апошнія маўчаць, а асабістае меркаванне Мацкевіча ні на што не ўплывае. Істотна толькі тое меркаванне, якое падзяляе большасць.
Можа, хтосьці з такім тлумачэннем нават пагодзіцца. Але не я. Чаму? Таму што тых, хто падзяляе маю пазіцыю, нашмат болей, чым тых, хто падзяляе пазіцыю Някляева. Праўда, іх меней за тых, хто не падзяляе ні маю пазіцыю, ні някляеўскую. І мая пазіцыя, і пазіцыя Някляева — гэта пазіцыі меншасці ў нашым грамадстве. Тут варта слухаць не філосафа з паэтам, нават не палітыка, а сацыёлага — напрыклад, Алега Манаева. Сацыёлагі ведаюць больш-менш дакладныя лічбы. Але нават сацыёлагі не падлічвалі колькасць прыхільнікаў нашых з Някляевым пазіцый, адкуль жа я гэта ведаю? Ну, не буду спасылацца на нашыя адпаведныя даследаванні, хоць іх і варта было б паглядзець і Някляеву, і астатнім, хто лічыць сябе палітыкамі. Проста паслухаем самаго Някляева, ён кажа: «200 чалавек, якія прыйшлі на пікет, сказалі НЕ «выбарам». Лічба ўражвае! Ну, хай сабе, гэта пікет, а не мітынг, і для пікета такая колькасць нармальная. А колькі не прыйшлі на пікет, прайшлі міма, не цікавіліся ім увогуле? Тых, хто не прыйшоў, Някляеў не бачыў, а ён давярае толькі таму, што бачыць на ўласныя вочы. Я нават пажартую, «лайкаў» пад маімі постамі ў Фэйсбуку з агульным зместам «НЕ «выбарам» у дзясяткі разоў болей.
Жарты жартамі, але вось пытанне: 200 чалавек, якія прыйшлі на пікет, толькі там даведаліся пра «НЕ «выбарам» ці ўжо прыйшлі ў гэтым перакананыя? І хто іх пераканаў? Можа, Лябедзька, які яшчэ месяц таму сам у гэтых «выбарах» прымаў самы актыўны ўдзел? Можа, Някляеў, які яшчэ ў траўні на маё пытанне, ці пойдзе ён на гэтыя «выбары», захоўваў інтрыгу: можа — пайду, можа — не! Можа, Статкевіч іх пераканаў, ініцыятыўную групу па вылучэнні якога ў кандыдаты ўзначальваў сам Някляеў?
Хутчэй, я маю падставы казаць, што пераканаў усіх гэтых людзей, бо першым пачаў заклікаць да ігнаравання гэтых «выбараў», у якіх сённяшнія пікетчыкі да апошняга часу ўдзельнічалі. Удзельнічалі, нават калі я іх прасіў не рабіць гэтага, аргументуючы тым, што раз ужо назваліся палітыкамі, то мусяць удзельнічаць у «выбарах», бо палітыкі нічога іншага не ўмеюць.
Маю падставы для таго, каб сказаць, што я пераканаў усіх гэтых людзей, але не буду так казаць, бо гэта няпраўда. Я мала каго пераканаў. І прычыны гэтага я яшчэ буду разглядаць асобна. Я проста выказаў услых меркаванне многіх свядомых і сумленных грамадзян. Так-так! Я проста агучыў меркаванне тых, хто сам прыйшоў да тых жа высноў, што і я. Многія людзі бачаць махлярства і маніпуляванні ў выбарчым фарсе і не збіраюцца прымаць у ім удзел. Не ўдзельнічаць ні ў якім выглядзе, проста ігнараваць. Ні ў якім выглядзе — гэта значыць, у тым ліку, і ў пікетах, і ў мітынгах.
Ігнараванне «выбараў» зусім не сведчыць пра адмову ад грамадзянскай пазіцыі. Наадварот, ігнараванне выбараў сёння — гэта паказчык самай свядомай грамадзянскай пазіцыі, актыўнасць праз пасіўнасць, або галасаванне нагамі. Пустыя ўчасткі — вось наш пратэст! Ну, што мне пра гэта гаварыць Статкевічу, Някляеву, Лябедзьку, калі сёння яны самі гавораць тое ж самае, тое, што я ў «сваёй балбатне» кажу ўжо апошнія два гады.
А чаму і як я магу агучваць меркаванне, да якога шмат грамадзян дайшлі сваім розумам? Таму, што, па-першае, я грамадзянін, такі ж самы, як і гэтыя людзі, па-другое, я яшчэ і філосаф. А сацыяльная функцыя, місія і пакліканне філосафа агучваць меркаванні, выводзіць іх у публічную прастору, надаваць ім аргументаванасці, крытыкаваць. І каб такую сацыяльную функцыю выконваць, трэба добра адчуваць тое, што адчувае грамадства.
І вось у гэтай здольнасці адчуваць настроі грамадства філосафы традыцыйна саступалі паэтам. Гэта ж сэрца паэтаў б’ецца ва ўнісон са «сваім народам». Філосафы саступалі ў здольнасці да імпатыі паэтам, але і канкуравалі з імі час ад часу. Канкуравалі — не ў сэнсе напісання вершаў і песен, а ў тым, хто раней і глыбей адчувае і раней агучыць гэтае адчуванне. Праблема толькі ў тым, што філосафы слухаюць паэтаў, а паэты да філосафаў ставяцца з пагардаю.
Але я не крыўдую. Хай Някляеў зараз гаворыць тое, што я казаў учора, у яго гэта атрымаецца лепш і больш паэтычна. Толькі чаму ён лічыць, што паэтычнае агучванне думак філосафаў надае яму статус палітыка?
Частка ІІІ. Палітык і палітык
Палітык-паэт Уладзімір Някляеў маніпулюе словамі і лукавіць, робячы выгляд, што адказвае журналісту БелаПАН пра мяне як пра філосафа. Я яму выказаў грамадзянскую пазіцыю значнай часткі апазіцыйнай і проста свядомай грамадскасці. Але, агучваючы пэўнае грамадскае меркаванне, я звяртаўся да яго як да палітыка, сам усведамляючы сябе палітыкам. Так, я — філосаф, я — яшчэ і неабыякавы грамадзянін, я — і палітык, у пэўным сэнсе гэтага слова.
Гэта хлусня, што палітык толькі той, хто ўдзельнічае ў выбарах. Яшчэ большая хлусня, калі такі «палітык» удзельнічае ў «выбарах». Так, і Улаховіча, і Уса, і Цярэшчанку можна залічыць у палітыкі. Палітыкай займаюцца лабісты: напрыклад, Гайдукевіч. Гайдукевіч не таму палітык, што як марыянетка вылучаецца на кожныя «выбары», а таму, што, падыграваючы рэжыму, ён лабіруе інтарэсы пэўных колаў сярэдняга бізнесу. Палітыкам з’яўляецца Пазняк, хоць і не ўдзельнічае ў ніякіх выбарах з 1995 года, і ўвогуле нічога не робіць, за яго працуе яго сімвалічны капітал. Калі б Пазняка не было, рэжым мусіў бы прыдумаць такого сімвалічнага палітыка. Палітыкай, у нейкім сэнсе, займаюцца нават тэрарысты.
Я займаюся палітыкай таму, што прапаную лідэрам адпаведны парадак дзеянняў і крытыкую іх безглуздыя дзеянні. Такім чынам уплываючы на стан грамадскай думкі і спосабы дзеяння. Маю я поспех ці не — гэта асобная размова. Але я імкнуўся распачаць размову з Някляевым (Статкевічам і Лябедзькам) як палітык з палітыкамі. І гэта амаль немагчыма. Каб такая размова змагла адбыцца, патрэбна, каб Някляеў вызнаваў ува мне палітыка. А ён (разам са Статкевічам і Лябедзькам) упарта не хоча гэтага, робячы выгляд, што з імі размаўляе філосаф. І гэта — у лепшым выпадку, Лябедзька карыстаецца іншым вызначэннем: «канапны палітык».
А што, калі параўнаць? Ну, вось возьмем грамадзянскую ініціатыву «Гавары праўду». Някляеў быў у гэтай грамадзянскай ініцыятыве, а я таксама ў грамадзянскіх структурах — «ЕўраБеларусь» і Беларуская нацыянальная платформа. У чым розніца? Сябраў і прыхільнікаў у АГП, старшынёй якой з’яўляецца Лябедзька, значна меней, чым у «Гавары праўду», куды перайшла частка АГП, і чым у Нацыянальнай платформе грамадзянскай супольнасці. Дык чаму Лябедька больш палітык, чым Някляеў і я? У Статкевіча няма ані партыі, ані грамадскай ініцыятывы, ёсць толькі статус палітвязня і палітычны капітал.
Але вернемся да Някляева. Хто быў Някляеў у «Гавары праўду»? І хто там быў палітыкам? Не стану паглыбляцца ў гісторыю падрабязна, але нагадаю, што Някляеў быў запрошаны ў «Гавары праўду» ў якасці «зоркі». Не ён ствараў гэтую ініцыатыву (а Навумава, Фядута, Дзмітрыеў і яшчэ некалькі), не ён ёю кіраваў, не ён вызначаў, што і як робіць «Гавары парўду». Канешне, яго месца ў «Гавары праўду» было не такое, як зараз у Караткевіч, але вельмі падобнае. І нават калі мы зладзілі перамовы трох структур (Нацыянальнай платформы, Руху «За свабоду» і «Гавары праўду»), то мы з Мілінкевічам вызначалі пазіцыі на гэтых перамовах, даручыўшы нашым памочнікам іх арганізацыю, а пазіцыю «Гавары праўду» вызначалі Дзмітрыеў з Фядутам, Някляеў жа толькі прамаўляў ідэалагічныя лозунгі. Не, я не адмаўляю Някляеву ў палітычнай ролі, але яго роля вельмі аднабокая — спікер і прамоўца, а не той, хто вызначае палітыку нават той структуры, якую нібыта ўзначальвае.
Я сам ствараў і «ЕўраБеларусь», і Нацыанальную платформу грамадзянскай супольнасці. Зразумела, не адзін, а з паплечнікамі, але гэтыя структуры кіруюцца маімі ідэямі, праграмамі, нават калі я сыходжу з пасад. Дык і хто з нас палітык?
Кідацца на амбразуры — гэта не палітыка. Заклікаць на Плошчу, калі няма для гэтага ўмоў — гэта не палітыка. Удзельнічаць у «выбарах» — гэта не палітыка, а сімуляцыя. Палітыка — гэта штукарства (мастацтва) магчымага. Палітыка — гэта штодзённая праца па падрыхтоўцы да моманту, калі «сёння — рана, заўтра — позна». Палітыка — гэта ясная візія таго, што ты робіш сёння, каб зрабіць задуманае заўтра. І візія таго, які крок ты зробіш пасля поспеху ці паразы на першым кроку.
Усе правалы нашай апазіцыі звязаны з тым, што ніхто (ніхто, і Някляеў, у тым ліку) не пралічвае свае дзеянні хоць бы на два крокі наперад. А двух крокаў мала, мінімум трэба прадумваць на тры. Усе так званыя палітыкі прымаюць рашэнні толькі на адзін крок: удзельнічаць ці не? А што далей, калі вырашыў удзельнічаць — а як Бог дасць! Не кажучы пра тое, што рабіць, калі вырашыў не ўдзельнічаць. Заклікаць на Плошчу ці не заклікаць? А што рабіць, калі людзі прышлі ў дастатковай колькасці? Што рабіць, калі не прыйшлі? Што рабіць, калі пачаўся гвалт? А што рабіць, калі народ не спалохаўся гвалту і перамагае? Нічога разумнага і ўцямнага на гэты конт ад нашых «палітыкаў» не пачуеш. «Прыходзьце на Плошчу», а далей будзем слухацца мянтоў, пойдзем у той бок, куды яны дазволяць, будзем прамаўляць прамовы столькі, колькі яны дазволяць, потым усе сядзем і атрымаем «маральную перамогу»! Вось і ўвесь план. Усе планы, якія былі: ад Плошчы падчас дзяржаўнага перавароту 1996 года і па сённяшні дзень.
Чаму так адбываецца? А таму, што ўсе нашыя «палітыкі» не любяць філасофію. Лічаць, што «палітыка філосафа і філасофія палітыка — розныя рэчы». Яны і сапраўды розныя. Але палітыка неадрыўная ад філасофіі і тэорыі. Амаль як вайна, якая вызнаецца як працяг палітыкі іншымі сродкамі, так і сама палітыка — гэта практычная філасофія. Філасофія (у шырокім сэнсе гэтага слова) — гэта і аналітыка, гэта і сцэніраванне, і стратэгія, гэта і даследаванні, і выведка. Без гэтага няма палітыкі. Ці ёсць дрэнная палітыка, нават вельмі дрэнная палітыка. Такая, як, напрыклад, палітыка кампаніі «Гавары праўду» на працягу ўсіх пяці гадоў існавання.
У 1990-я гады ў Беларусі ўтварыліся некалькі «фабрык думкі» і інтэлектуальных цэнтраў, якія былі гатовыя працаваць на супольныя з палітычнай апазіцыяй мэты, гэта былі інтэлектуальныя ўтварэнні грамадзянскай супольнасці дэмакратычнай скіраванасці. Рэжым граміў менавіта іх у першую чаргу. І калі яны былі цалкам разгоромленыя, партыі сталіся цалкам бяспечнымі. Рэжым добра ведае, на што яны здольныя, што яны будуць рабіць і што ён з імі можа рабіць.
Такім чынам, хацеў бы я паразмаўляць з Некляевым як палітык з палітыкам. Але не атрымоўваецца. Усё-такі ён больш паэт, чым палітык.
Дык, можа, калі не з Някляевым, дык з кімсьці іншым! Але ўзіраюся я ў нашу палітычную апазіцыйную прастору і не бачу ў ёй палітыкаў. Таму і сам не магу быць такім палітыкам, як мае быць. Тое, што я філосаф, ніяк не можа замінаць мне быць палітыкам, наадварот, гэта вельмі дапамагае. Дапамагае значна больш, чым быць афіцэрам у адстаўцы, настаўнікам ці паэтам. Замінае тое, што ў нашай апазіцыі і дэмакратычнай супольнасці няма запатрабавання на палітыку і палітыкаў.
Нашая супольнасць засяроджана на акцыях і «карцінках». Запатрабаваныя журналістамі, экзальтаванай моладзю і разачараванымі грамадзянамі. Безумоўна, «главары і бунтаўшчыкі», Вінаградаў, Сіўчык, Бандарэнка і г.д. — патрэбня, як патрэбныя і акцыі, пікеты, мітынгі і дэманстрацыі. Але гэта не справа палітыкаў нацыянальнага ўзроўню, палітычных і грамадскіх лідэраў.
Палітычны лідэр можа выйсці на мітынг, як калісьці хадзілі на іх Карпенка ці Багданкевіч. Але арганізацыя акцый, пікетаў і мітынгаў — гэта справа Сіўчыка ці Івашкевіча. Ці Мустафы Наема. Але ні Сіўчык, ні Наем не могуць рабіць тое, што мусіць рабіць нацыянальны лідэр.
А што ж зараз мусіць рабіць нацыянальны лідэр? Пытанне аналагічнае таму, як Чапаеў пытаўся ў Пецькі: «Дзе павінен быць камандзір, калі атрад ідзе ў наступ? А дзе ён павінен быць, калі нашыя занялі абарону?»
Дзе павінен быць сёння нацыянальны лідэр? Дакладна не каля «прахадной ГУМа» сярод 200 грамадзян, палова з якіх журналісты. Ён павінен быць там, дзе «мазгі нацыі», павінен паставіць задачу гэтым мазгам, пазначыць мэту і, нарэшце, стварыць, ці вырасціць, группу, якой памяркоўны беларус, шэраговы апазіцыянер, сумленны грамадзянін зможа паверыць: «Вось гэтыя здолеюць! Ім ёсць, што прапанваць! Ім мы згодныя дапамагчы! Скажыце, чым вам дапамагчы?»
Частка IV. Паэт і палітык
А чаму сёння здольны паверыць памяркоўны беларус, шэраговы апазіцыянер, сумленны грамадзянін? Сёння, калі згодна з сацыалагічнымі апытаннямі, 85% беларусаў нікому не вераць, нічому не давяраюць?
Перад тым, як адказваць на гэтае пытанне, трэба задаць іншае: а чаго зараз чакаюць беларусы, акрамя звычайных рэчаў: падвышэння заробкаў, зніжэнння падаткаў, танных віз, парадку і дабрабыту? А яны сёння чакаюць — сэнсу!
У чым сэнс таго, што адбываецца ў краіне? Ці варта тут заставацца жыць? Калі варта, то як жыць годна? Навошта адзін беларус другому беларусу?
Навошта я, філосаф, паэту Некляеву? А навошта паэт Некляеў другому паэту Баярыну, які не верыць Караткевіч, але пойдзе за яе галасаваць? Навошта мы ўсе нам самім?
Гэта галоўнае палітычнае пытанне зараз. Бо незалежная дзяржава і суверэнітэт — гэта дамова, кампраміс, адзінства аперцэпцыі (прабачце за гэты адзіны філасофскі тэрмін на ўвесь артыкул, не ўстрымаўся) супольнасці ЛЮДЗЕЙ, ПАТРЭБНЫХ АДЗІН ДРУГОМУ.
Калі мы адзін другому не патрэбны, мы не супольнасць, тым больш, не грамадзянская. Калі мы не супольнасць, то мы нічога не здольныя зрабіць са сваёю краінай, усё робяць за нас, ці «без нас», як казаў іншы беларускі філосаф.
І што тут можа сказаць паэт?
Я не ведаю. Бо ва ўсіх нашых стасунках з Някляевым я быў ініцыятарам, а ён без асаблівай ахвоты пагаджаўся. У нас не адбываецца размовы, нават калі ён адказвае на маю крытыку, то не мне, а проста журналіст яго прымусіў. Смешна, канешне, чуць такое: «Так, напрыклад, было, калі ён даводзіў мне, што ўсе мае высілкі ў стварэнні руху «За незалежнасць і дзяржаўнасць Беларусі» марныя. А напрыканцы нашага дыялогу ледзьве не запісаўся ў актывісты руху».
Не запісаўся, і не збіраўся, бо было відавочна, што паэт рытуальна мяне агітуе ў эфіры перадачы, на якую я яго запрасіў, і не мог я, як вядучы, выстаўляць госця ў дрэнным святле. Было б добра, каб узгаданы рух «За незалежнасць і дзяржаўнасць Беларусі» існаваў у рэчаіснасці, а не толькі ў паэтычным уяўленні Някляева. Але яго, на жаль, не існуе.
Мне ўсё яшчэ патрэбен Някляеў, як беларус, як палітык, як грамадзянін, як паэт. Але нічога не варты палітык Някляеў, калі яму не патрэбныя філосафы. Хай не я, хай нехта іншы.
Бо я яшчэ больш за 20 гадоў таму ўбачыў, што пра Беларусь шмат пяюць, танчаць, малююць. І няма каму думаць пра Беларусь. А пра яе трэба думаць, трэба чысціць, упрыгожваць. І перш за ўсё ведаць, ведаць такой, якая яна ёсць.
Вершамі, лозунгамі, пікетамі, нават Плошчай сучасную Беларусь не адбудаваць.
Палітыкі, калі вы сапраўды хочаце імі быць, незалежна ад таго, чаму вы вучыліся і чым зараблялі на хлеб раней (вершамі, службай у войску ці фізічным выхаваннем школьнікаў), — шукайце паразуменне з мыслярамі, творцамі, майстрамі, прадпрымальнікамі! Кіньце папулізм і стварэнне «карцінак»! Ведайце, што беларусы згубілі цікавасць да выбараў не ў выніку вашых пікетаў на 200 чалавек і не тады, калі яны пракінулі вас з подіісамі за вашае вылучэнне ў кандыдаты, а значна раней. Калі не атрымоўваецца ведаць самім — спытайцеся ў мяне і такіх, як я. Мы ўсё яшчэ гатовыя да супрацы з вамі, гатовыя дараваць вам вашыя памылкі, калі вы іх пачнеце прызнаваць і выпраўляць.
Гэта я вам не як паэтам, а як палітык палітыкам кажу.
Іншыя публікацыі
-
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 10.3
Еще несколько добавлений про сети и сетевое общество.
-
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 10.2
Сетевое общество и сетевая коммуникация уже давно в центре внимания культурологов и политологов. Сейчас эта тема обсуждается в связке с интернетом и таким интернет-явлением, как социальные сети.
-
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 10.1
Доступно ли гражданское общество непосредственному наблюдению? Как его можно увидеть, зафиксировать, измерить?
-
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 9.2
Мужество иметь собственное мнение, о котором я говорил в предыдущем фрагменте, ничего не стоит без истинности этого мнения.
Каментарыі і дыскусіі
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Размова шаснаццатая — пра тое, як адказваюць тэалогія, навука і філасофія на кантаўскія пытанні: «Што я магу ведаць?», «Што мушу рабіць?» і «На што магу спадзявацца?»