Швецыя пераймае эстафету Усходняга партнёрства

27.05.2009
EuroBelarus.Info

На гэтым тыдні прадстаўнікі Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь» прысутнічаюць там, дзе абмяркоўваюцца перспектывы Усходняга партнёрства.

Рыхтуючы сваё старшынства ў Еўрапейскім Саюзе, Дэлегацыя ЕС ў Швецыі ініцыявала правядзенне ў Стакгольме 26 траўня аднадзённай канферэнцыі пад назвай «Усходняе партнёрства — інструмент дэмакратычнай і эканамічнай стабільнасці».

Мерапрыемства сабрала больш за 60 чалавек — прадстаўнікоў шматлікіх дыпламатычных прадстаўніцтв, працуючых ў Швецыі (у тым ліку амбасады Беларусі і некаторых іншых краін Усходняга партнёрства), грамадскіх і дзяржаўных арганізацый, зацікаўленых ў міжнародным супрацоўніцтве, чыноўнікаў з Бруселю, супрацоўнікаў швецкага ўраду, а таксама шэраг экспертаў з розным досведам і пазіцыямі па гэтым пытанні.

Сустрэча атрымалася як кваліфікаванае і матываванае абмеркаванне галоўнымі зацікаўленымі бакамі перспектыў рэалізацыі праграмы «Усходняе партнёрства», а таксама бачання шляхоў гэтай рэалізацыі і найбольш верагодных выклікаў, з якімі прыйдзецца мець справу.

Варта адзначыць, што канферэнцыя атрымалася хутчэй абмеркаваннем прадстаўнікамі Швецыі пытанняў рэалізацыі і перспектыў праграмы, чым дыялогам на гэты конт з усходнімі суседзямі ЕС. У якасці спікера, які, у пэўным сэнсе, рэпрэзентуе пазіцыю краін Усходняга партнёрства на канферэнцы выступаў толькі прадстаўнік Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь» Улад Вялічка. Ён звярнуў увагу ўдзельнікаў на адпаведныя рызыкі, звязаныя з арганізацыяй рэальнага і паўнавартаснага ўдзелу грамадзянскай супольнасці Беларусі і суседніх краін у праграме, а таксама каротка прадставіў вынікі канферэнцыі па пытаннях Усходняга партнёрства, якая адбылася 22 красавіка ў Мінску.

Сустрэча ў Стакгольме хутчэй выглядае як пачатак размовы, чым як спроба даць адказы на пытанні, якіх па-ранейшаму застаецца вельмі шмат. Як выказаўся прадстаўнік МЗС Швецыі, «час самітаў прайшоў, нас чакае рутынная праца, але без яе немагчыма рэалізаваць мэты праграмы». У любым выпадку, ад швецкага старшынства ў ЕС варта чакаць, што пытанне Усходняга партнёрства застанецца адным з самых прыарытэтных у павестцы дня Еўропы, і, адпаведна, такія сустрэчы у розных фарматах будуць рэгулярнымі.

EuroBelarus.Info


Другие публикации