Андрэй Ягораў: Беларусь мусіць вярнуцца да народных рухаў узору 1980-х (Відэа)

07.01.2011
Belsat.eu

Паводле эксперта, цяпер апазіцыя адарваная ад іншай часткі дэмакратычнага грамадства. Палітолаг Андрэй Ягораў з Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі мяркуе, што арышт лідараў перашкаджае апазіцыі асэнсаваць свае памылкі.

«На сённяшні дзень існуюць шмат бар’ераў унутры незалежнай супольнасці, якая не мае адзінай стратэгіі дзеянняў. Перашкодай гэтаму ў значнай ступені ёсць наяўнасць традыцыйнай палітычнай апазіцыі, якая не рэінтэгруецца з астатняю часткаю незалежнага грамадства, бо мае неадэкватнае ўяўленне пра працэсы, якія адбываюцца ўнутры дэмакратычнай супольнасці і ў краіне наогул», — кажа эксперт.

Паводле яго, апошнія падзеі зрабілі з апазіцыйных лідараў герояў, а гэта перашкаджае крытычнаму погляду на іхныя дзеянні падчас прэзідэнцкай кампаніі. Андрэй Ягораў кажа, што пры вялікай ступені віны рэжыма, пэўную адказнасць за тое, што адбылося, нясуць і дэмакратычныя лідары. Апошнія не мелі адэкватнай стратэгіі дзеянняў, таму яны не змаглі кіраваць натоўпам, гарантаваць бяспеку ўдзельнікаў акцыі пратэсту і спыніць правакацыі.

Памылкаю традыцыйнай апазіцыі эксперт называе «палітыку бессэнсоўнай барацьбы» і адарванасць ад іншых прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці. Гэта перашкаджае перамовам з незалежным грамадствам і выпрацоўванню адзінай стратэгіі. Каб гэтага пазбегчы, трэба стварыць адзіны дэмакратычны рух, які б уключыў розных суб’ектаў: ад палітычных партыяў да прафсаюзаў і грамадскіх арганізацый.

«Не трэба думаць, што такога кшталту рух можа быць створаны як адзіная арганізацыя, — тлумачыць палітолаг. — Дэмакратычны рух — гэта рух розных суб’ектаў, іх можа аб’ядноўваць агульная стратэгія, ён не можа мець фармальна прызначаных лідараў, якія кіруюць гэтым працэсам. Мы мусім вярнуцца да часоў народных рухаў канца 1980-х, якія ставілі мэты не толькі палітычнага характару, але і культурных, сацыяльных, эканамічных пераўтварэнняў».

Belsat.eu


Другие публикации