Гандаль палітвязнямі (Відэа)

05.04.2011
Вольга Жарнасек, Belsat.eu

Мінскі гарадскі суд пакінуў без зменаў прысуд удзельнікам мітынгу 19 снежня Аляксандру Атрошчанкаву, Дзмітрыю Новіку і Аляксандру Малчанаву. Касацыйныя скаргі іхных адвакатаў не былі задаволеныя. Рашэнне больш як нелагічнае на тле змякчэння абвінавачанняў іншым удзельнікам Плошчы. Што гэтым разам кіруе ўладамі?

Палітычныя стасункі паміж Беларуссю і Захадам — як гандляванні на фондавай біржы. Стартавы званок прагучаў. Гешэфты пачынаюцца. Хатнія арышты замест следчага ізалятару, змена абвінавачанняў на больш мяккія... Толькі ўжо асуджаныя палітвязні аказаліся ў найбольш невыгодным становішчы.

Дар'я Корсак, жонка Аляксандра Атрошчанкава:

«Ім гандляваць будуць у апошнюю чаргу... Бо ўжо ёсць прысуд — а астатнім няма. Шчыра кажучы, ад самага пачатку, з арышту, я не бачу логікі ні ў якіх рашэннях».

Не бачаць логікі і праваабаронцы. Паводле іх, прысуды не маюць нічога супольнага з заканадаўствам.

Людміла Гразнова, праваабаронца:

«Я спадзявалася, што будзе змякчэнне прысудаў, і гэта абумоўліваецца не толькі юрыдычна, бо не было масавых беспарадкаў і не было ўдзелу іх у масавых беспарадках».

Масавых беспарадкаў не было. Але гандаль удзельнікамі гэтых беспарадкаў стаўся мажлівым. І нежаданне змяніць прысуды Атрошчанкаву, Новіку і Малчанаву можа аказацца наўпроставым набіваннем кошту.

Уладзімір Мацкевіч, метадолаг:

«Хутчэй, гэтыя людзі будуць выкарыстоўвацца падчас гандлю. Ім ужо вынесеныя прысуды. Цяпер апеляцыі ці нейкія там вышэйшыя інстанцыі судовыя яшчэ маюць магчымасць перагледзець гэтыя прысуды».

І цяпер за гэтую магчымасць улады чакаюць прапановаў. Ды, імаверна, цягнуць час, змяняючы абвінавачанні. Учора новыя фармулёўкі пачулі Ірына Халіп, Павел Севярынец, Зміцер Бандарэнка і Сяргей Марцалеў. Іх вінавацяць ужо не ў рыхтаванні масавых беспарадкаў, а ў арганізацыі ды рыхтаванні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх. Магчымы ж прысуд — не 15, а «толькі» 3 гады зняволення.

Незалежныя эксперты пагаджаюцца ў тым, што палітвязняў у любым разе пакараюць, незалежна ад вынікаў гандлю з Захадам.

Андрэй Ягораў, палітолаг:

«Ва ўлады няма іншага выйсця для наладжвання стасункаў з Еўрапейскім Саюзам, акрамя як выпусціць гэтых палітзняволеных, але з іншага боку — яны не могуць пайсці на тое, каб вызваліць іх проста так без якога-небудзь пакарання».

Таму, на меркаванне эксперта, улады будуць шукаць розныя спосабы, каб задаволіць Захад і захаваць гонар. Напрыклад, пакідаць палітычных апанентаў на волі, прысуджаючы іх да ўмоўных тэрмінаў. Падобная схема, дарэчы, ужо запрацавала — двух расейскіх грамадзянаў за ўдзел у Плошчы пакаралі штрафамі ды вызвалілі ў зале суда. Масква, якая заступалася за “сваіх”, мусіла застацца задаволенаю.

Пераўтвараць людзей у прадметы для гандлю Аляксандр Лукашэнка заўсёды ўмеў выдатна. І цяпер, калі частка ягоных апанентаў ужо за кратамі, а іншыя — пад вялікаю пагрозаю апынуцца ў турме, надышоў найлепшы момант прасіць за гэты тавар адпаведную плату.

Belsat.eu


Другие публикации