Забаранілі прэзентацыю кнігі Уладзіміра Мацкевіча

31.05.2011
Іна Студзінская, Радыё «Свабода»

31 траўня а 18-й гадзіне ў фальварку «Добрыя мыслі», што на вуліцы Магілёўскай, 12, павінна была адбыцца прэзентацыя новай кнігі Уладзіміра Мацкевіча «Не думай пра рыжага і сляпога качканоса».

Гэтая кніга асаблівая тым, што яна задумвалася і выдавалася без удзелу яе аўтара — як падарунак Мацкевічу на дзень народзінаў (14 траўня яму споўнілася 55 гадоў).

Яна была падрыхтавана і выдадзена пры дапамозе і падтрымцы шырокага кола людзей, якім блізкія і важныя ідэі, тэксты і справы Уладзіміра Мацкевіча. Меркавалася, што ў прэзентацыі возмуць удзел вучні, сябры, калегі беларускага філосафа і метадолага: Валянцін Акудовіч, Алег Хаменка, Таццяна Вадалажская, Андрэй Ягораў, Павел Баркоўскі, Улад Вялічка, Ірына Сухій, Андрэй Аляксандраў, Андрэй Каравайка ды іншыя.

Калегі загадзя, за некалькі дзён, арандавалі кавярню, заплацілі задатак. За 20 хвілін да прэзентацыі супрацоўнікі фальварка «Добрыя мыслі» папрасілі прабачэння і сказалі, што ім патэлефанавалі з Мінгарвыканкама і паведамілі, што прэзентацыя гэтай кнігі непажаданая.

Прэзентацыю ў тэрміновым парадку перанеслі ў офіс Агенцтва гуманітарных тэхналогій.

Радыё «Свабода»


Другие публикации