Андрэй Ягораў: МВФ не будзе «купляць» палітвязняў (Відэа)

03.06.2011
Belsat.eu

Міжнародны валютны фонд — гэта фінансавая інстытуцыя, таму «не трэба ўсё зводзіць да гандлю палітзняволенымі ды палітычнай сітуацыі», — мяркуе палітолаг Андрэй Ягораў.

Нагадаем, што ўрад і Нацыянальны банк Беларусі адправілі заяўку ў МВФ на атрыманне стабілізацыйнага крэдыту. Беларусь разлічвае мець ад $ 3,5 млрд да $ 8 млрд у межах новай праграмы супрацы з МВФ.

Працэс умоўнага гандлю палітзняволенымі будзе, хутчэй, ісці з Еўрасаюзам, чым з МВФ, лічыць дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў. Умовы ж Еўрасаюза жорсткія: «Гаворка можа быць толькі пра нармальную палітычную лібералізацыю і, натуральна, вызваленне ўсіх».

Паводле Ягорава, калі ўрад Беларусі гэтыя патрабаванні выканае, магчыма, Еўрапейскі Саюз вернецца да размовы пра 3 млрд, еўра якія міністры замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі ды Нямеччыны Гвіда Вэстэрвэле абяцалі падчас візіту ў Беларусь напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў — у выпадку адпаведнасці выбараў дэмакратычным стандартам.

Раней экс-кіраўнік Нацбанку Станіслаў Багданкевіч выказаў думку, што ўладам не ўдасца атрымаць крэдыту МВФ, пакуль у Беларусі працягваюцца палітычныя рэпрэсіі. Андрэй Ягораў адзначыў, што шанцы ёсць, але гэта будзе залежаць ад згоды кіраўніцтва Беларусі выканаць патрабаванні, перадусім эканамічныя: прыватызацыя і рэгуляванне праблемаў з плацежным балансам у краіне.

Belsat.eu


Другие публикации