Абвал даверу (Відэа)

28.06.2011
Юлія Цяльпук, Belsat.eu

Літаральна за 3 месяцы крызіс даверу насельніцтва да ўладаў перарос... у абвал даверу. Такую выснову можна зрабіць, параўнаўшы вынікі сакавіцкага і чэрвеньскага апытанняў беларусаў, якія правёў Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў. Калі яшчэ на пачатку вясны праціўнікаў палітыкі прэзідэнта і ўраду была меншасць, цяпер іх — пераканаўчая большасць.

...Кошты болей не будуць ляцець увышыню. У абменных пунктах ёсць валюта. Прадпрыемствы працуюць напоўніцу... Дабрабыт беларусаў змясціўся ў тры сказы — ад прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча.

Міхаіл Мясніковіч, прэм'ер-міністр Беларусі:

«Нашыя цяжкасці — часовыя. Мы ўжо амаль спынілі інфляцыю, запрацаваў валютны рынак. Штодня паміж прадпрыемствамі ажыццяўляюцца ўгоды на 70 мільёнаў долараў. На рынку наяўнай валюты насельніцтву прадаем каля 200 мільёнаў долараў на месяц».

Верыць хочацца, але не выпадае... За палітычнымі байкамі стаяць людзі, якім ужо няма чаго есці — кажа эканаміст Міхась Залескі.

Міхась Залесскі, эканаміст:

«Розніца паміж тым, што мы маем, і тым што заяўляюць начальнікі — яна робіцца ўсё большаю і большаю і, на жаль, пачынае ўжо раздражняць людзей, што зусім не пажадана. Людзі мусяць жыць спакойна».

Няма ні спакою, ні абяцанай стабільнасці, ні даверу да гэтых абяцанняў — паказваюць вынікі апытання, праведзенага ў чэрвені Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў. Матэрыяльнае становішча пагоршылася — прызнаюць амаль 74%. Большасць вінаваціць у гэтым... прэзідэнта — 44,5%, урад — 36,7%.

Алег Манаеў, дырэктар НІСЭПД:

«27% у сакавіку сказалі, што жыццё пагоршала. Тры месяцы прайшлі — і ўжо 74%! Не 37-47%, а 74% — у тры з лішкам разы болей! Гэта ўжо не проста зніжэнне рэзкае. Гэта абвал! І так па шматлікіх іншых паказніках».

І асабліва ў паказніках Аляксандра Лукашэнкі... Улада прэзідэнта не дае нічога добрага — выказаліся 59% апытаных беларусаў. З пастаўленымі ім самім прыярытэтнымі задачамі — пад'ёмам эканомікі, ростам стабільнасці, змаганнем з карупцыяй — Аляксандр Лукашэнка не спраўляецца. Зноўку прагаласаваць за яго ў сакавіку былі гатовыя 43%, цяпер — толькі 29% анкетаваных.

Алег Манаеў, дырэктар НІСЭПД:

«Усё гэта патэнцыйна можа прывесці да сур'ёзнай дэстабілізацыі. Але калі гэта і адбудзецца, то хутчэй за ўсё ў стыхійных формах».

Такім чынам можа развеяцца перакананасць Аляксандра Лукашэнкі ў тым, што не багатая на рэсурсы Беларусь можа абіраць свой, непаўторны палітычны і эканамічны шлях.

Андрэй Ягораў, палітолаг:

«Трэба ставіцца... як да малой краіны, якая вымушаная схіляцца да абрання тых ці іншых палітычных арыентацыяў. І цяпер вялікая праблема для Беларусі — гэта вось гэтая нявызначанасць у геапалітычных арыентацыях».

І гэтая нявызначанасць дзяржавы адлюстроўваецца і ў грамадстве: за далучэнне да Еўразвязу выказаліся 45% апытаных, за аб'яднанне з Расіяй — 31%.

Але... Ажно 65% апытаных НІСЭПД — ужо не цікавіць, на захад ці на ўсход. У цяперашняй сітуацыі паляпшэнне эканамічнага становішча Беларусі для іх важнейшае, чымся незалежнасць краіны.

Belsat.eu


Другие публикации