«Свята непаслухмянасці», якое мы страцілі? (Відэа)

23.09.2011
Belsat.eu

«Не самы масавы ўдзел у апошняй акцыі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» сведчыць пра тое, што ўзнаўленне гэтых акцыяў не прынесла новага сэнсу. Тая праблема, што прывяла да прыпынення «маўклівых пратэстаў», а менавіта адсутнасць выразнай мэты і пазітыўных стымулаў і ўрэшце страта ўсялякага сэнсу ў гэтых акцыях, не была вырашаная», — мяркуе палітолаг Андрэй Ягораў.

У апошнюю сераду, 21 верасня, «маўклівы пратэст» адбыўся ў сталіцы і шэрагу іншых гарадоў. Акцыя скончылася без затрыманняў. У большасці гарадоў на месцы збору людзі не выйшлі ўвогуле або вышлі толькі некалькі чалавек. У Мінску некалькі соцень удзельнікаў напрыканцы пачалі пляскаць у ладкі, пасля чаго разышліся.

«Калі я кажу пра бессэнсоўнасць акцыі, я маю на ўвазе, што чалавек, які прыходзіць туды, не мае нічога, акрамя выражэння сваёй маральнай пазіцыі, — гаворыць палітолаг. — Ён не бачыць канкрэтных эфектаў, вынікаў гэтых акцыяў, нейкага прасоўвання агульнай сітуацыі, напрыклад, да большых магчымасцяў для пераменаў у краіне».

Андрэй Ягораў упэўнены, што такія акцыі перасталі быць прывабнымі для беларусаў менавіта з прычыны адсутнасці канкрэтных вынікаў. «Першыя акцыі «Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку» неслі ў сабе пазітыўную энергію нейкага карнавалу, «свята непаслухмянасці», і гэты складнік адыгрываў значную ролю, але потым быў страчаны», — дадаў палітолаг.

Эксперт таксама зазначае, што ўвесну і на пачатку лета адбываліся пераломныя падзеі ў эканоміцы і сацыяльным жыцці Беларусі. «Падавалася, што сітуацыя дэстабілізуецца, і масавыя пратэсты былі спробамі выказаць недавер да кіраўніцтва і таго, што адбываецца ў краіне. Цяпер жа сітуацыя стабілізавалася, людзі прызвычаіліся да крызісу», — падкрэсліў Андрэй Ягораў.

Belsat.eu


Другие публикации