Лекцыя Сяргея Харэўскага «Колькі шчыгулаў да разуменьня Менску»

23.10.2011
Лятучы ўніверсітэт

28 кастрычніка 2011 года Лятучы ўніверсітэт запрашае на першую лекцыю ў новым цыкле публічных лекцый «Urbi et Orbi».

«Часам трэба задумвацца над тым, што робіцца ў тваім доме, горадзе, у тваёй краіне. Ну, нельга ўвесь час думаць выключна пра сябе і свой ненатольны страўнік»

Адам Глобус,
з прадмовы да кнігі Сяргегя Харэўскага «ПраМоўленае»

Вядомы гісторык мастацтва, культуролаг, мастак Сяргей Харэўскі ў мінскай Галерэі Шчамялёва прамовіць «Гораду і Свету» лекцыю «Колькі шчыгулаў да разуменьня Менску». Гэта падзея распачынае на галерэйнай пляцоўцы цыкл публічных лекцый «Urbi et Orbi», скіраваны на паглыбленне асэнсавання і абмеркавання важных для беларускай культуры і мастацтва тэм. У якасці запрошаных лектараў — вядомыя інтэлектуалы, мастакі, культурныя і грамадскія дзеячы, якія будуць мець магчымасць данесці да шырокага кола людзей думкі, ідэі і праблемы, якім яны прасвячаюць сваё жыцце і дзейнасць.

«Колькі шчыгулаў да разуменьня Менску» — тэма лекцыі адсылае нас да аднаго з раздзелаў кнігі Сяргея Харэўскага «ПраМоўленае», выдадзенай у 2008 годзе, дзе аўтар выдатна вымалёўвае вобраз горада. Але не толькі. Праз гістарычныя факты і падзеі, праз біяграфію вядомых асоб, праз этымалогію гарадскіх тапонімаў, архітэктурныя асаблівасці і гісторыю ўзнікнення помнікаў культуры ствараецца своеасаблівая філасофія гараджаніна-мінчука. Разуменне горада прыводзіць да разумення гарадскога асяроддзя як апірышча культуры, нашай адметнасці. Гэтае разуменне спрыяе разумнаму стаўленню да актуальных праблем прасторы нашага жыцця, да нашай ролі і месца ў развіцці ці дэградацыі гарадской культуры.

Што засталося па-за друкаваным тэкстам? Як прагучаць разважанні лектара ў сенняшнім кантэксце? Якім будзе ўспрыняцце сенняшняга слухача? Запрашаем разам з Сяргеем Харэўскім паразважаць, а магчыма, і падыскутаваць пра гуманістычныя каштоўнасці, архітэктуру і мастацтва гарадской прасторы.

Публічная лекцыя Сяргея Харэўскага «Колькі шчыгулаў да разуменьня Менску» пройдзе 28 кастрычніка 2011 года ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Л. Шчамялёва (Мінск, прасп. Ракасоўскага, 49). Пачатак у 18.30. Уваход вольны!

UPD.: Відэазапіс публічнай лекцыі:


Другие публикации