Мемарандум паяднання (Відэа)

29.10.2011
Сяргей Падсасонны, Belsat.eu

Грамадзянская супольнасць яднаецца. Мемарандум аб супрацоўніцтве ў межах Нацыянальнае платформы Форуму грамадзянскае супольнасці Усходняга партнёрства прынялі ў Мінску. Паўнапраўнымі ўдзельнікамі платформы стануць таксама і ўсе будучыя падпісанты дакументу. Разам яны мусяць імкнуцца да ўсталявання дэмакратычных каштоўнасцяў ды набліжэння Беларусі да агульнаеўрапейскіх працэсаў у сацыяльнай ды эканамічнай сферах.

Грамадзянская супольнасць мае гаварыць адным голасам і з Еўрасаюзам, і з дзяржаваю. Як пакуль, слухае дэмакратаў толькі Еўрасаюз.

Сяргей Мацкевіч, Асамблея наўрадавых арганізацый:

«Выйсце тут толькі адно — гэта праца з грамадствам і заручацца падтрыманнем грамадства нашага, каб ягоную пазіцыю даводзіць да ўлады, і, у пэўным сэнсе, патрабаванне тых ці іншых прынцыпаў».

Новы дакумент скіраваны на замацаванне дэмакратычных стандартаў у краіне і адкрыты для падпісання ўсімі ахвочымі недзяржаўнымі арганізацыямі. Мэты:

  • умацаванне грамадзянскае супольнасці;
  • развіццё супрацы з Еўрасаюзам;
  • змаганне за правы ды свабоды.

Усё гэта ў межах ініцыятывы «Усходняе партнёрства», якая базуецца на палітычнай ды эканамічнай супрацы Еўрасаюза з краінамі Усходняе Еўропы і Паўднёвага Каўказу: Арменіяй, Азербайджанам, Беларуссю, Грузіяй, Малдовай, Украінаю.

Але афіцыйны Мінск у апошнім саміце Усходняга партнёрства ў Варшаве ўдзельнічаць адмовіўся.

Аляксандр Мілінкевіч, лідэр Руху «За Свабоду»:

«Для Еўропы вельмі важна, каб мы былі дэмакратычныя, прадказальныя і каб мы развіваліся ў супрацоўніцтве з імі, добрасуседства. І Еўрасаюз нам не кажа: «Ідзіце да нас». Бо і свае праблемы ёсць. Там у іх крызіс, яны не будуць зараз пашырацца. А рэжым увесь час думае пра тое, колькі там даюць грошай».

Грошы з Еўрасаюза таксама магчымыя, але толькі ў выпадку дэмакратычных зменаў. Пакуль улада на іх не гатовая, таму размаўляе з Аб’яднанаю Еўропаю грамадзянская супольнасць.

Улад Вялічка, сустаршыня ФГС УП:

«Набор задачаў Нацыянальнае платформы абмяжоўваецца з-за таго, што ўзаемадзеянне з дзяржаваю на сённяшні момант вельмі абмежаванае, нават немагчымае».

Ад гэтага дыялогу ўлады таксама адмаўляюцца. Дэмакраты ж сваю адзіную пазіцыю будуць выказваць на Форуме грамадзянскае супольнасці Усходняга партнёрства праз месяц у Познані.

Андрэй Ягораў, палітолаг:

«Нацыянальная платформа Беларусі паедзе ў Познань, будзе працягваць тое, што пачала рабіць на 1-м і на 2-м форумах, з гэтай ідэяй дарожных мапаў».

То бок тое, як размаўляць з уладамі. Іншая рэч, ці афіцыйны Менск урэшце захоча слухаць грамадзянскую супольнасць і Аб'яднаную Еўропу.

Belsat.eu


Другие публикации