Ігар Бабкоў: Перастаньце ляпіць з Міцкевіча класіка!

23.11.2011
Глеб Лабадзенка, TUT.BY, фота і відэа аўтара

Лепей прыходзьце на публічную лекцыю пра Міцкевіча!

Хто ўспамінаецца вам пры слове «філосаф»? Сакрат? Платон? Гегель? Ніцшэ? Кант? А што вам ўяўляецца, калі чуеце імя Адама Міцкевіча? Наваградак? «Пан Тадэвуш»? «Дзяды»? Свіцязь і Свіцязянка?

Чарговую публічную лекцыю з цыкла «Urbi et Orbi» («Гораду і Свету») прачытае беларускі філосаф Ігар Бабкоў. А прысвечана лекцыя, як вы здагадаліся, Міцкевічу. Вось толькі ні пра «Пана Тадэвуша», ні пра «Дзяды», ні пра «Свіцязянку» пачуць там не разлічвайце. І што Міцкевіч з Наваградка — лектар згадае, хіба, мімаходзь ды з іроніяй.

Вельмі верагодна, што лектар нават не будзе спыняцца на тым, што ў Рыме ў гонар Міцкевіча названая вуліца, а на Меркурыі — кратэр. Не будзе падрабязна распавядаць, за што паэта звольнілі з Калеж дэ Франс у Парыжы. Магчыма, абміне нават той факт, што памёр Міцкевіч у Канстанцінопалі, які сёння завецца Стамбулам і з’яўляецца сталіцай Турцыі, дзе да крызіса вельмі любілі прымаць сонечныя ванны тысячы беларусаў. Навошта казаць пра тое, што вы і самі даведаецеся з Вікіпедыі?..

Ігар Бабкоў нарадзіўся ў Гомелі 47 гадоў таму. У свой час у Гомелі паспяхова займаўся боксам. Скончыў менскі філасофскі факультэт БДУ, выдаў тры кнігі вершаў і тры кнігі прозы, стаў кандыдатам філасофскіх навук, заснаваў і працягвае курыраваць кніжную серыю «Галерэя Б». Сярод іншых узнагарод Бабкова можна ўбачыць патрапленне ў шорт-ліст (фінал) прэстыжнай літаратурнай прэміі Цэнтральнай Еўропы Angelus у 2009 годзе. Гэта, канешне, не перамога — але радавацца трэба, прыкладна як шостаму месцу Дзімы Калдуна на «Еўрабачанні». Умоўна кажучы, так высока мы забраліся ўпершыню.

У сваёй лекцыі «Міцкевіч як апокрыф» Ігар Бабкоў паспрабуе пераканаць вас, што Міцкевіч — не класік. Дакладней, не толькі класік — у звычайным разуменні гэтага слова. Міцкевіч — гэта непрачытаны паэт і мысляр, які для беларусаў застаецца ўсяго толькі «нашым выбітным суайчыннікам». Чаму мы не хочам чытаць і разумець Міцкевіча? У якім творы ён прадказаў сённяшнія падзеі ў Беларусі? Што трэба рабіць паэту, калі яго называюць «класікам»? Пра гэта — у невялікай гутарцы з Ігарам Бабковым напярэдадні лекцыі.

Глеб Лабадзенка: Спадар Ігар, калі Вы распавядаеце пра Міцкевіча, то менш гаворыце пра біяграфію і асобу, а больш — пра шлейф, вобраз і міф, які яго пераследуе на ўзроўні стэрэатыпу?

Ігар Бабкоў: На пытанне, кім ёсць Міцкевіч, у Менску або Наваградку цяпер адкажа кожны. То бок, Міцкевіч заняў годнае і пачэснае месца ў беларускім культурным каноне. Ужо не стаіць пытанне, каб давесці, што Міцкевіч — гэта «свой, тутэйшы». Але ж месца ў Міцкевіча ёсць і ў польскай культуры, дзе ён прадстаўляе такую «рамантычную спакусу», якой палякі часам паддаваліся, а часам з ёй змагаліся. Ёсць месца і ў літоўскай культуры — для якой ён «Пясняр гістарычнай Літвы», якая дбайна збірае ўсе гэтыя згадкі пра слаўнае мінулае. Але калі мы паглядзім, якое месца ў беларускім каноне ён займае, мы пабачым, што Міцкевіч выступае як «наш славуты зямляк». То бок, адзінае, што нам бачыцца і чытаецца ў Міцкевіча, — гэта ўсе тыя бясконцыя называнні розных рэчак, азёраў, усе гэтыя Свіцязянкі, фальклёр беларускі — такая рэдукцыя да «тутэйшасці». І ў гэтым сэнсе беларускі Міцкевіч — такі сентыментальны, нават не рамантык, а сентыментальны этнаграфіст. І тое, што адбылося — не столькі спосаб «прысваення» Міцкевіча, колькі спосаб «не ўслухоўвацца» ў тое, што Міцкевіч прамаўляе. Не чытаць ягоныя тэксты і не думаць над імі. Бо калі мы пачынаем звяртацца да рэальнасці ягоных ідэяў, ягоных словаў, мы знаходзім, што рэальнасць значна больш трывожная, пагрозлівая і нават у чымсьці больш страшная — і зусім не сентыментальна-народніцкая, як гэта нам бачыцца! Тое, што я буду спрабаваць рабіць у лекцыі — гэта прарвацца да гэтай трывожнай рэальнасці Міцкевіча. Лекцыя называецца «Міцкевіч як апокрыф» — бо чытаць Міцкевіча трэба менавіта як тэкст апакрыфічны, як тэкст забаронены, як тэкст нечаканы для нас. Усе гэтыя каноны, усе гэтыя «прысваенні» ў культуры — гэта машына баналізацыі сэнсаў. Міцкевіча трэба ўвесь час спрабаваць убачыць па-новаму.

— Чым для Вас адрозніваецца паэт-класік ад паэта-апокрыфа?

— Класіка чытаюць увесь час як «сучаснага любому часу». Паэт «класічны» тады, калі мы вырываем яго з кантэкста — і пераводзім у нейкую «сярэднезразумелую» перспектыву. Яго не абавязкова трэба вытлумачваць і бачыць у ягонай уласнай сутнасці.

— Гэта значыцца, што класік павінен быць зразумелы кожнаму?

— Так. Класічная літаратура — гэта літаратура «сярэдняй зразумеласці», дзе абсечаныя і занадта плыткія сэнсы, і занадта глыбокія. Застаецца вось гэты сярэдні ўзровень.

— Дык што, уся класіка — гэта нешта такое просценькае, мэйнстрым для шырокага чытача?

— Не абавязкова просценькае, але 100% мусіць быць мэйнстрым.

— Прывядзіце тады прыклады з «адназначна беларускіх» паэтаў — хто апокрыф, а хто — класік?

— Насамрэч няма такой сітуацыі, што хтосьці апокрыф, а хтосьці класік. Проста ў культуры ёсць дзве супрацьлеглыя тэндэнцыі. З аднаго боку, культура няспынна баналізуе вартых, цікавых паэтаў — пераўтвараючы гэта ў класічныя сэнсы. З другога боку, у той жа самай культуры ўвесь час адбываецца такая апакрыфізацыя — спроба прарвацца за гэтую паверхню да пэўных ідэяў і сэнсаў, якія не такія відавочныя ўсім.

— Атрымліваецца, што адзін літаратар можа быць і класікам, і апокрыфам адначасова?

— Можа! Таго ж Багдановіча мы можам чытаць і як паэта класічнага, і як паэта апакрыфічнага. Напрыклад, Стральцоў у сваім славутым эсэ «Загадка Багдановіча» робіць яго класікам. А ўсё, што робіць Разанаў датычна Багдановіча — гэта няспынная апакрыфізацыя. У Разанава таксама і купалаўскія, і коласаўскія тэксты раптам становяцца нечым зусім іншым, чым тое, да якога мы звыкліся.

— Так, здаецца, адбываецца і з найвыбітнейшымі сучаснымі паэтамі. Усе згодныя, што Барадулін — геній і класік, але насамрэч не ўсе разумеюць нават тыя словы, якімі ён піша вершы… Тут тая ж тэндэнцыя, якая пачалася з Міцкевіча?

— Так, 100%! Барадулін абсалютна непрачытаны, ён таксама пераведзены ў «стадыю сярэдняй зразумеласці».

— Значыцца, калі чалавека называюць «жывым класікам» — гэта...

— Гэта — дамавіна, з якой трэба выбірацца! Бо калі так — то паэта не трэба разумець, усе і так сыйшліся на думцы, што ён класік! Гэта значыцца, што яго перастаюць чытаць як штосьці жывое і нечакана-трывожнае. А Міцкевіч якраз такі! І гэта вельмі адчувалі ягоныя сучаснікі. Таму што яшчэ пры жыцці Міцкевіч стаўся аб’ектам работы гэтай машыны культуры па пераўтварэнню ў жывога класіка. Яго разглядалі як патрыятычнага паэта № 1 — а ён весь час парушаў усе табу, парушаў логіку вобраза. Яму спрабавалі падказваць, што ён паводзіць сябе не так і робіць зусім не тыя рэчы. Ён мусіў натхняць жаўнераў на змаганне — а ён сыходзіў у містычную плоскасць, выломваўся жорстка і свядома.

— Апакрыфічнасць выражаецца ў здольнасці пабачыць, угадаць, прадказаць больш, чым звычайны чалавек. У Міцкевіча вы такія прадказанні знаходзіце?

— Напрыклад, у яго ёсць фантастычны няскончаны твор «Гісторыя будучыні», дзе ён прадказвае не толькі тое, што адбываецца з Беларуссю, а ўвогуле гэта — гісторыя Еўропы! Там Міцкевіч зусім не Міцкевіч «Пана Тадэвуша», дзе можна апісваць працэдуру гатавання кавы на колькі старонак. Гэты тэкст — страшны. І самае цікавае, што шмат што з апісанага там спраўдзілася…

— Што сённяшняму беларусу павінен даць Міцкевіч-апокрыф?

— Даць метафізічную глыбіню культуры. Міцкевіч — гэта інтэлектуальны і паэтычны выбух ХІХ стагоддзя, які па-сутнасці, адбыўся ў цэлым рэгіёне. І Міцкевіч, можа быць, першы стварыў у тагачаснай беларуска-польска-літоўскай культуры гэтую метафізічную глыбіню. Таму што Асветніцтва — гэта эпоха, якая робіць стаўкі на розум. А Міцкевіч — гэта чалавек духа, чалавек традыцыі. Ён быў не проста сентыментальным паэтам, але да таго ж і мысляром, які сфармуляваў вельмі важныя ідэі і канцэпты. Прычым гэта — чалавек нашай традыцыі. І гэтую традыцыю ў сваіх лекцыях ён спрабаваў прадставіць у Калеж дэ Франс у Парыжы — не толькі для французаў, але для амерыканцаў, для немцаў... Гэта фантастычна цікава — але і тыя ягоныя лекцыі «непрачытаныя» дагэтуль!

— Карацей, Вы, як многія, не ставіце пытанне, беларус ці не беларус Міцкевіч?

— Гэта самае глупае пытанне, якое можна ставіць у дачыненні да Міцкевіча! Гэта таксама як і «наш славуты зямляк» — спроба пазбегнуць вось гэтай трывожнай рэальнасці.

— Адвесці ў бок ад галоўнага?

— Адвесці ў бок ад тых ідэяў і думак, якія мы мусім «судумваць» разам з Міцкевічам. Прычым пра тое, кім ён быў, спрачаемся не толькі мы, але і літоўцы, палякі — і ўсе разам мы адводзім у бок ад галоўнага. Занадта шмат спосабаў не думаць разам з ім, успрымаючы яго як дэкарацыю, фігурку комікса з нашай гісторыі.

ТАКІМ ЧЫНАМ

Лекцыя Ігара Бабкова з цыкла «Urbi et Orbi»
«Міцкевіч як апокрыф»
адбудзецца 25 лістапада 2011 года (пятніца) а 18.30
у Галерэі Шчамялёва (Мінск, прасп. Ракасоўскага, 49)
праезд ад вакзала на тралейбусах №№ 20, 30, аўтобусах №№ 8, 127 да прыпынка «Шэпічы» (універсам «Палессе»)

Уваход вольны!

Глеб Лабадзенка, TUT.BY

UPD.: Відэазапіс публічнай лекцыі:


Другие публикации