Памірае за сцяг (Відэа)

14.03.2012
Вольга Старасціна, Belsat.eu

Памірае за сцяг і змагаецца за справядлівасць. Сяргей Каваленка, асуджаны на 25 месяцаў турэмнага зняволення, ужо чацвёрты месяц не спыняе пратэставай галадоўкі. Ратуючы жыццё актывіста, ягоная жонка звярнулася з заяваю ў суд аб змяненні меры стрымання. Бо толькі гэта альбо поўнае зняцце абвінавачанняў можа змяніць рашэнне Сяргея, які гатовы трымаць галадоўку да канца. Трагічнага канца.

«Бел-чырвона-белы. Вось так. І разгарні вышэй. Божа, гэта ж ганарыцца трэба — не кожнаму дадзена гэты сцяг у рукі ўзяць!»

Бо не кожнаму хапае адвагі ўслаўляць і бараніць нацыянальныя каштоўнасці, як гэта рабіў Сяргей Каваленка. Улады ж, як аказалася, за любоў да беларушчыны караюць вязніцаю.

Таццяна Матвеева, журналістка:

«Сяргей увойдзе ў гісторыю. Калі будуць падручнікі, то ён туды трапіць за тое, што, ахвяруючы сабою, абараняў нацыянальныя каштоўнасці».

На знак пратэсту актывіст абвесціў галадоўку. Цяпер здароўе Сяргея Каваленкі — у крытычным стане.

Алена Каваленка, жонка палітвязня:

«Выглядае жудасна. На твары косці і складкі скуры, вага мінімальная».

А тым часам горад, над якім, дзякуючы Каваленку, лунаў гістарычны сімвал нашай краіны, працягвае жыць у сваім звыклым рытме. І не толькі ён.

Андрэй Ягораў, палітолаг:

«У якім жа маральным стане знаходзяцца беларусы, уся нацыя, калі нават гэтая драматычная падзея не аб’яднала нас, а зноў пакалола, раз’яднала, падзяліла нас на шматкі. Мне падаецца, што смерць Каваленкі не стане фактарам, каб нам злучыцца, для таго, каб змяніць гэтую сітуацыю. І вось гэта — самае жудаснае».

Значна больш віруе інтэрнэт-прастора, дзе з’яўляюцца ўсё новыя заклікі ратаваць жыццё Каваленкі.

Хартыя’97:

«Людзі! Трэба штосьці рабіць — чалавек памірае ! Збіраць подпісы, пісаць заяву ў Адміністрацыю ці іншае. Урэшце, мітынгаваць. давайце ратаваць чалавека, хутчэй!»

А дзеля паратунку патрэбна дамагацца вызвалення ці хаця б шпіталізацыі галадоўніка. Але колькі апазіцыянераў выйшлі з такім заклікам на вуліцы?

Андрэй Ягораў, палітолаг:

«Ні волі, ні крокаў, ні жадання гэта зрабіць ні ў адной палітычнай сілы сёння няма».

У Віцебску ў 7-хвілінным пікеце падтрымання Каваленкі ўзялІ ўдзел 2 актывісты, жонка Сяргея, сын ды 8-месячная дачушка. Лідары ж апазіцыі, у той час як памірае іхны паплечнік, бароняць... сваё права на вольнае перасоўванне:

Віктар Карняенка, каардынатар кампаніі «За свабодныя выбары»:

«Мы дамовіліся, калі казаць пра абарону нашых правоў, што будзем калектыўна абскарджваць рашэнне забараніць выезд за межы Беларусі».

Ды, вядома ж, выехаўшы за мяжу, распавесці еўрачыноўнікам у тым ліку і пра пакуты актывіста, якога рэжым даводзіць да смерці. А можа не толькі рэжым, але і нашая абыякавасць ці няўменне заступацца за сваіх? Калі ж мы цяпер не абаронім Сяргея, то ніхто не абароніць і нас.

Belsat.eu


Другие публикации