ЕС думае над санкцыямі (Відэа)

19.06.2012
Алесь Залеўскі, Belsat.eu

Брусель рыхтуе чарговае пашырэнне спісу неўязных. Пра гэта паведаміла сёння ўплывовае еўрапейскае выданне «EUobserver». Паўза, якую трымала Аб'яднаная Еўропа, зацягнулася. Мінск пытання з вызваленнем палітвязняў не вырашае, а таму еўрапейскія палітыкі пасылаюць сігнал, што могуць ізноў перайсці да дзеянняў.

Пакуль ЦВК абвяшчае пра пачатак чарговых выбараў, Брусель, відаць, не чакаючы на іх вынікі, працягвае рыторыку санкцый.

Андрэй Ягораў, Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі:

«Няма цяпер падстаў для таго, каб адмяняць гэта. Бо яны ўводзіліся на момант, пакуль палітвязні ў турме. Паколькі яны ў турме, ЕС можа выкарыстоўваць абмежавальныя захады да Беларусі. У тым ліку іх і пашыраць».

Пра магчымасць пашырэння спісу неўязных напісала сёння аўтарытэтнае выданне «Euobserver», цытуючы высокапастаўленага чыноўніка вонкавай палітыкі ЕС Гунара Віганда.

Гунар Віганд, замежнапалітычная служба ЕС:

«Вызваленне двух палітычных вязняў не перакінула мяча на бок Еўрасаюза. Мяч па-ранейшаму застаецца ў Мінску. Мы можам пашырыць спіс людзей з візаваю забаронаю».

А такіх ужо больш за 240. Па кім брусельскі бізун ударыць гэтым разам? Еўрапейскае выданне ўказвае на прыбліжаных да Аляксандра Лукашэнкі бізнесоўцаў.

Уплывовыя алігархі Уладзімір Пефціеў і Юрый Чыж ужо пазначаныя ў спісе, на чарзе, паводле «Euobserver» —  Аляксандр Машэнскі. Уладальнік кампаніяў «Санта Брэмар» ды «Савушкін прадукт». Ён уваходзіць у шматлікія рады пры Адміністрацыі прэзідэнта. У тым ліку —  дзеля стварэння спрыяльнага інвестыцыйнага клімату ў краіне. Кляймо «невыязнога» можа ўдарыць па эканоміцы краіны ўвогуле. Але гэта ў выпадку, калі санкцыі зацвердзяць.

«Пытанне пашырэння санкцыяў не абмяркоўвалася», — кажа Анатоль Лябедзька пра спатканне з чыноўнікамі офісу Гунара Віганда тыдзень таму ў Мінску. Еўрапейцы сустрэліся з прадстаўнікамі апазіцыі пасля перамоваў з уладамі. Аляксандр Лукашэнка перакананы, што «падыграць» мусяць менавіта еўрапейскія палітыкі.

Аляксандр Лукашэнка, прэзідэнт Беларусі:

«Мяч цяпер на іхным баку. Гэта маё цвёрдае перакананне».

Цвёрдыя і аргументы Бруселю. Былы палітвязень Аляксандр Атрошчанкаў прысутнічаў і на апошнім спатканні з падначаленымі Віганда, а таксама меў асобную размову з гэтым еўрапейскім палітыкам увесну.

Аляксандр Атрошчанкаў, удзельнік спаткання з дэлегацыяй ЕС:

«Ён шчыра казаў, што атрымлівае шмат і намёкаў розных, і абяцанняў аб тым, што хутка выйдуць палітвязні. Цяпер у Еўропе ёсць сур'ёзнае расчараванне тым, што кіраўніцтва Беларусі няздольнае выконваць ніякіх дамоўленасцяў».

І каб пераканаць у адваротным, улады маюць роўна месяц. Напрыканцы ліпеня адбудзецца паседжанне міністраў замежных спраў Еўрасаюза. Пытанне Беларусі —  у парадку дня.

Belsat.eu


Другие публикации