Адміністрацыя мае кіраўніка (Відэа)

27.08.2012
Сяргей Скулавец, Belsat.eu

Тыдзень Аляксандр Лукашэнка падбіраў годную асобу на пасаду кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. Нечакана для аналітыкаў і медыя выбар кіраўніка дзяржавы паў на Андрэя Кабякова, які вырас у Расіі, але буйным чыноўнікам зрабіўся ў Беларусі. Ці варта з прыходам новага кіраўніка чакаць змен у дзейнасці структуры, якая вызначае ўнутраную палітыку краіны ды кантралюе ўсе дзяржаўныя органы?

Летась, калі Андрэя Кабякова, дарэчы, нарадзінца Масквы, прызначылі надзвычайным і паўнамоцным амбасадарам у Расіі, ён сказаў, што вяртаецца на радзіму. Але праз дзесяць месяцаў яго вярнулі ў Мінск. Чым кіраваўся Лукашэнка, не ведаюць нават ягоныя былыя працаўнікі...

Аляксандр Фядута, палітык, грамадскі актывіст:

«Ніякай логікі ў гэтым прызначэнні няма. Хутчэй за ўсё, проста не было ніякай канкрэтнай кандыдатуры. І патрэбен быў чалавек, які нікому б не перашкаджаў».

Андрэй Кабякоў з 2000 да 2010 годы быў віцэ-прэм’ерам, адказваў за эканамічны блок. Яшчэ раней узначальваў Камітэт дзяржаўнага кантролю. Пры гэтым чыноўнік карыстаўся рэпутацыяй рыначніка. Кабякоў браў удзел у шэрагу важных эканамічных перамоў, у тым ліку і пра энерганосьбіты, што традыцыйна адбываліся пад Новы год. У той жа час, ён вядомы сваім выказваннем, што ў адмоўным гандлёвым сальда вінаватая... рэклама замежных тавараў. Але на сапраўды важкія словы і, тым больш, рашучыя дзеянні Кабякоў не здольны — мяркуе іншы колішні чалец прэзідэнцкай каманды.

Анатоль Лябедзька, Аб’яднаная грамадзянская партыя:

«Кабякоў не скажа нічога новага і цікавага. Не скажа пра нейкія змены ва ўнутранай або знешняй палітыцы. Усё застанецца, як было ўчора. Проста на месца аднаго выканаўцы прыйшоў іншы. Мы ж можам толькі весці дыскусію, хто з іх лепшы выканаўца».

Цяперашнія прызначэнні палітыкі называюць хутчэй ратацыяй, што звязаная з добра вядомаю праблемаю кадравага голаду ў дзяржструктах. Таму, як лічыць былы начальнік упраўлення грамадска-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзідэнта, чакаць нейкіх зменаў у працы гэтай структуры не выпадае.

Аляксандр Фядута, палітык, грамадскі актывіст:

«Каго б куды ні прызначылі — у нашай краіне вызначае кірунак ува ўсіх напрамках толькі адзін чалавек».

Яшчэ тыдзень таму выглядала, што ў плане вонкавай палітыкі кадравыя перамены, ініцыяваныя Лукашэнкам, накіраваныя на паляпшэнне стасункаў з Захадам. Андрэй Кабякоў некалі наведваў і Варшаву, сустракаўся з віцэ-прэм’ерам Польшчы, міністрам эканомікі Вальдэмарам Паўлякам. Але найперш ён мае добрыя стасункі з чыноўнікамі Крамля.

Андрэй Ягораў, Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі:

«Пры прызначэнні Кабякова агучваецца, што еўразійскі вектар, Еўразійскі саюз і адносіны з Расіяй ёсць цяпер дамінантамі. Таму Адміністрацыя прэзідэнта павінна больш працаваць менавіта ў гэтым кірунку».

Але для Андрэя Кабякова, як, зрэшты, і для міністра абароны, унутраных спраў, міністра надзвычайных сітуацый і кіраўніка КДБ, прызначэнне на высокую чыноўніцкую пасаду ў Беларусі — гэта кульмінацыя кар’еры. Хоць не сакрэт, што Лукашэнка трымае ў сваім атачэнні толькі людзей, пазбаўленых залішніх амбіцый, ці няма тут яшчэ моманту дадатковай падстрахоўкі? Нават пры жаданні не народжаныя ў Беларусі не змогуць балатавацца на прэзідэнцкіх выбарах.

Belsat.eu


Другие публикации