Чаму Кабякоў? (Відэа)

28.08.2012
Belsat.eu

Паслабленне ці ўзмацненне ролі Адміністрацыі прэзідэнта ў геапалітычных паводзінах Расіі? Пра што сведчыць прызначэнне на пасаду кіраўніка гэтай установы былога расійскага амбасадара і сталага прадстаўніка Беларусі пры ЕўрАзЭС?

Дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў называе Адміністрацыю прэзідэнта «фактычна, галоўным кіроўным органам у краіне», які прымае геапалітычныя рашэнні, — у адрозненні ад урада і парламента. Такім чынам, паводле рангу кіраўнік такога ведамства — адзін з найгалоўнейшых чыноўнікаў у краіне.

Пасля зняцця са згаданай пасады Уладзіміра Макея галоўнаю інтрыгаю заставалася пытанне: ці азначае гэта паслабленне пазіцыяў Адміністрацыі прэзідэнта ці, наадварот, крок да яшчэ большага ўзмацнення яе ролі?

Паводле Андрэя Ягорава, прызначэнне Андрэя Кабякова, які дагэтуль займаў даволі значныя пазіцыі, у тым ліку, на важным для Беларусі расійскім вектары, азначае, што паслаблення значнасці органа чакаць не варта. А вось змены геапалітычнай арыентацыі краіны — акурат. Уладзімір Макей, хутчэй, быў прыхільнікам нармальных дачыненняў з Еўрасаюзам. Прызначэнне Кабякова мае сведчыць пра перавагу еўразійскага вектара.

Андрэй Ягораў мяркуе, што на новай пасадзе былы амбасадар забяспечыць умовы для выдачы крэдыта ЕўрАзЭС і магчымай прыватызацыі пэўных беларускіх прадпрыемстваў, будзе займацца пытаннямі Мытнага саюза, з якімі звязанае ўступленне Расіі ў СГА.

Да сённяшняга прызначэння Андрэй Кабякоў працаваў паслом Беларусі ў Расіі ды адначасна сталым прадстаўніком Беларусі пры Еўразійскай эканамічнай супольнасці (ЕўрАзЭС). На апошнюю пасаду яго прызначалі летась у лістападзе. Былы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей 20 жніўня прызначаны міністрам замежных спраў Беларусі.

Belsat.eu


Другие публикации