Дыскусіі ў Варшаве: паслявыбарчае раздарожжа

26.10.2012
Юрый Дракахруст, Радыё «Свабода»

«Cтан грамадзянскай супольнасці ў Беларусі» — такую назву мае двухдзённая канферэнцыя, якая пачалася сёння ў Варшаве. Яе арганізатары — Савет Еўропы, канферэнцыя няўрадавых арганізацый Савета Еўропы і польскі фонд Казімера Пуласкага.

Гэтае мерапрыемства — чарговае ў серыі своеасаблівых «мазгавых штурмаў», якія прайшлі апошнім часам, пасля парламенцкіх выбараў у Беларусі, у Коўне, Берліне і Празе. Сітуацыя пасля выбараў стала пэўнымі ростанямі і мэта падобных форумаў — асэнсаваць бягучы стан грамадства, намацаць стратэгію пазітыўных змен.

У канферэнцыі ў Варшаве бяруць удзел дзеячы беларускай грамадзянскай супольнасці: Алег Гулак, Артур Клінаў, Вольга Карач, Уладзімір Мацкевіч, былы палітвязень, палітэмігрант Дзмітры Бандарэнка, кіраўнічка варшаўскага інфармацыйнага офіса салідарнасці з Беларуссю Юлія Слуцкая.

Таксама сярод удзельнікаў дыскусіі — польскія даследнікі Беларусі, дарэчы, удзельнікі аналітычных перадач «Свабоды» Ганна Дынэр і Каміль Клысіньскі і еўрадэпутат Марэк Мігальскі, абаронца беларускіх вязняў сумлення, прадстаўнік Савета Еўропы.

На адмысловай дыскусійнай панелі, прысвечанай медыя, выступяць дырэктарка «Белсата» Агнешка Рамашэўска-Гузы, кіраўнічка інфармацыйнай службы партала TUT.BY Марына Золатава, галоўны рэдактар інтэрнэт-выдання «Хартыя’97» Наталля Радзіна і кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.

Каміль Клысіньскі з варшаўскага Цэнтра ўсходніх даследаванняў адзначыў, што на апошніх выбарах у Беларусі ані ўлада, ані апазіцыя не мелі значных ідэй. Даследчык сказаў, што ўлада ў Беларусі перажывае канцэптуальны крызіс, яна не ведае, што рабіць. У сваю чаргу, апазіцыя, на думку Клысіньскага, сканцэнтравалася на ўнутраных спрэчках, на бессэнсоўных дэбатах паміж байкатыстамі і прыхільнікамі ўдзелу ў выбарах. Польскі навуковец заклікаў беларускую апазіцыю лічыцца з вынікамі сацыялагічных даследаванняў, у прыватнасці, з апошнімі звесткамі НІСЭПД, паводле якіх яўка на апошніх выбарах па краіне ў цэлым склала каля 66%, а ў Мінску — 44%.

Старшыня Беларускага Хэльсінскага камітэта Алег Гулак, характарызуючы бягучую сітуацыю ў Беларусі, зрабіў выснову, што сістэма не можа мадэрнізавацца, бо не можа ўключыць у сябе элементы нават кіраванай дэмакратыі. Крокі, падобныя нацыяналізацыі «Камунаркі», не дазваляюць чакаць нават эканамічнай мадэрнізацыі. З гэтага, падкрэсліў Гулак, робяцца супрацьлеглыя высновы. На думку праваабаронцы, многія недзяржаўныя арганізацыі былі ўцягнутая ў палітычнае супрацьстаянне, зарыентаваныя не на прадстаўніцтва інтарэсаў сваіх мэтавых груп, а на барацьбу з уладай.

Палітолаг Андрэй Ягораў запярэчыў Алегу Гулаку, ён прыгадаў, што лакальныя ініцыятывы не маюць плёну — пратэсты ў Астраўцы не могуць спыніць пабудову АЭС, акцыі пратэсту не могуць спыніць высечку паркаў у Мінску. Дзеля плёну, мяркуе Андрэй Ягораў, неабходная кансалідацыя і дзейнасць на нацыянальным узроўні.

Мастак Артур Клінаў сказаў, што без праекта культуры будзе кепскі праект палітыкі. «Кажуць, што беларусы — еўрапейская нацыя. Гэта няпраўда», — кінуў правакацыйны тэзіс Клінаў. Паводле яго, цяперашняя беларуская нацыя — нацыя посттаталітарная, постсялянская і постсавецкая. Аднак рух да Еўропы адбываецца і ў першую чаргу праз культуру. На думку Клінава, якраз у гэтым, у адрозненне ад палітыкі, ёсць відавочныя поспехі — гэта гурт «NRM», гэта часопіс «АРХЭ», гэта Галерэя «Ў». «Калі б «NRM» заклікаў выйсці на Плошчу, выйшла б больш, чым на заклік любой партыі», — сказаў мастак.

Лідэр Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства Уладзімір Мацкевіч адзначыў, што мастакі самі не хочуць змагацца за свае правы, ён распавёў пра сустрэчу платформы з мастакамі, на якой грамадскія арганізацыі, аб’яднаныя ў платформу, прапанавалі дзеячам культуры быць іх палітычнымі прадстаўнікамі. Аднак творцы ад прапановы адмовіліся.

Алею ў агонь дыскусіі падліла грамадская дзяячка і палітык Вольга Карач. Яна сказала, што трэба вызначыць, што такое беларуская культура. «Я не з інтэлігенцыі, як вы, я з пралетарска-сялянскай сям'і. І калі ў мяне ёсць час, я слухаю не «NRM», а расійскі шансон. Гэта беларуская культура?», — запытала Карач.

Жорсткая дыскусія разгарэлася паміж Алегам Гулаком і Уладзмірам Мацкевічам. Мацкевіч адстойваў неабходнасць палітызацыі дзейнасці грамадскіх арганізацый, выступаў супраць тэорыі «малых спраў», Гулак ставіў пад сумнеў тыя поспехі палітызаваных НДА, якія прыводзіў у прыклад Мацкевіч.


Другие публикации