Андрэй Ягораў: Супраца Лукашэнкі з армянскім алігархам адмоўная для іміджу краіны (Відэа)

14.05.2013
Сяргей Марчык, Belsat.eu

Распачаўся не анансаваны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Арменію. Паводле экспертаў, фінансавая выгада ад яго для нашай краіны не вялікая. Затое прыватныя дывідэнды больш відавочныя. Візіт заяўлены як афіцыйны, аднак шмат пунктаў яго праграмы звязаныя з прапановамі... армянскага алігарха. Але ці мае прэзідэнт удзельнічаць у непразрыстых кантактах з замежнымі багачамі?

Арменія — былая савецкая краіна, якую нярэдка жартам называюць «беднаю раднёю Закаўказзя». Сапраўды, эканамічнымі дасягненнямі Ерэван пахваліцца не можа, што даволі істотна адбіваецца і на дабрабыце мясцовага насельніцтва. На ўласныя вочы пераканаліся ў гэтым нават журналісты нашага тэлеканала.

Валер Руселік, журналіст:

«Калі ад’язджаць ад сталіцы — ад буйных турыстычных цэнтраў, то ў астатніх рэгіёнах насельніцтва жыве бедна. Гэта заўважаецца, нават калі прыязджаеш з Беларусі, дзе, падавалася б, таксама невялікія заробкі».

Але тым не менш, менавіта Арменію Аляксандр Лукашэнка абраў для свайго чарговага візіту. Сёння прэзідэнт Беларусі наведаў Ерэван. У першы дзень афіцыйных сустрэчаў бакі падпісалі шэраг дакументаў аб супрацы ў галіне ядравай бяспекі, сельскай гаспадаркі ды спорту.

Аляксандр Лукашэнка, прэзідэнт Беларусі:

«Нам патрэбны супольны пошук новых сумесных форм эканамічнага ўзаемадзеяння, уключна з рэалізацыяй супольных прамысловых, інфраструктурных праектаў, з прыцягненнем інвестыцый і ўводам больш сучасных тэхналогій».

Варта адзначыць, што супраца ў гэтым кірунку вялася і раней — праўда, беспаспяхова. Летась таваразварот паміж Мінскам і Ерэванам склаў менш за 50 млн. долараў. Сярод экспартных найменняў — пераважна апоны, грузавыя аўтамабілі, трактары і нафтапрадукты.

Леў Марголін, эканаміст:

«Але ўсё гэта пакуль што ў такіх аб’ёмах, што можна было спакойна абысціся і без афіцыйнага візіту кіраўніка дзяржавы».

А таму ўвагу прыцягваюць іншыя акалічнасці візіту. Каля трапа самалёта Лукашэнку вітаў мясцовы алігарх і палітык Гагік Царук’ян. Больш за тое, прэзідэнт Беларусі пасяліўся ў ягонай віле ды плануе прыняць удзел у цырымоніі адкрыцця казіно і рэстарану армянскага бізнесоўца. Раней, яшчэ ў Беларусі, Лукашэнка прысутнічаў на адкрыцці лініі разліву армянскага каньяку, саўладальнік якой — усё той жа Царук’ян. Паводле экспертаў, такая шчыльная супраца прэзідэнта з алігархам негатыўна адбіваецца на іміджы Беларусі.

Андрэй Ягораў, палітолаг:

«Выглядае гэта не так прыстойна для кіраўніка дзяржавы беларускай. Хацелася б, каб калі б такое і было, каб гэта не выпіналася. Для рэпутацыі краіны гэта не вельмі карысныя дзеянні».

Што звязвае гэтых двух людзей — эксперты не бяруцца казаць. А вось той факт, што падчас візіту ў Ерэван Лукашэнка шукае яшчэ і палітычнага падтрымання ў міжнародных арганізацыях — наўрад ці хтосьці можа аспрэчыць.

Андрэй Ягораў, палітолаг:

«Гэта перш за ўсё Усходняе партнёрства. Вось напярэдадні Саміта неабходна ўзгадніць некаторыя пазіцыі з Арменіяй. Арменія заўсёды падтрымлівае Беларусь і ў пытаннях Еўранэста, і ў пытаннях больш поўнага ўключэння беларусаў у гэтую ініцыятыву».

І вось тут бакі займаюць цалкам салідарныя пазіцыі ды гатовыя бясконца адзін аднаго падтрымліваць. Дзівіцца тут няма чаго. Прэзідэнт Арменіі Сэрж Саргсьян прыйшоў да ўлады ў 2008 годзе. Тады апазіцыя пратэставала супраць масавых фальсіфікацыяў выбараў. У выніку сутыкненняў з праваахоўнікамі падчас мітынгу загінулі 9 асобаў. Сёлета Саргсьян пераабраўся на новы тэрмін, і чарговы раз яго абвінавацілі ў тым, што Арменія ўсё больш становіцца падобная да Беларусі.

Belsat.eu


Другие публикации