«Хакейны кульбіт» Аляксандра Лукашэнкі

15.05.2013
Уладзімер Глод, Радыё «Свабода»

Прэсавы сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў заявіў, што Уладзімір Пуцін чакаў сустрэчы з беларускім кіраўніком. Яна магла адбыцца ў Сочы, дзе праходзіў фестываль Начной хакейнай лігі. Аднак Аляксандар Лукашэнка на гэтыя спаборніцтвы не з'явіўся. Таму сустрэча лідэраў Расіі і Беларусі так і не адбылася.

У Крамлі чакалі візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы і былі гатовы да яго сустрэчы з Уладзімірам Пуціным — заявіў прэсавы сакратар расійскага прэзідэнта. Размову двух лідэраў хацелі «прывязаць» да фестывалю Начной хакейнай лігі. У ім збіраліся ўдзельнічаць каманды і Пуціна, і Лукашэнкі.

Аднак нечакана для ўсіх каманду Лукашэнкі выключылі са спаборніцтваў. Для гэтага знайшліся дзве падставы. Першая — згодна з рэгламентам, у каманду нельга ўключаць былых прафесійных хакеістаў, якія скончылі сваю кар’еру пазней за 1997 год. У беларускай дружыне такіх парушальнікаў аказалася 10. І другая — у фестывалі не маюць права выступаць асобы, маладзейшыя за 40 гадоў. Між тым, старэйшаму сыну Лукашэнкі — 37 гадоў, сярэдняму — 33.

Беларускай камандзе залічылі тэхнічную паразу, і яна не змагла з-за гэтага гуляць у фінале. Праўда, ёй прапанавалі правесці матч за трэцяе месца з канадцамі. Беларусы пакрыўдзіліся і адляцелі дамоў, а Аляксандар Лукашэнка, якога чакалі на фінальнай гульні, у Сочы не паляцеў.

«Гэта чарговы выбрык Лукашэнкі, з якімі ўсе, у тым ліку і кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі, ужо звыкліся», — сказаў «Свабодзе» сустаршыня Рэспубліканскай партыі Расіі Уладзімір Рыжкоў:

«Гэта нагадвае бразільскія серыялы: пасварылася з каханым, памірылася з каханым, пасварылася-памірылася, рассталіся-сустрэліся. І гэтак да бясконцасці. І гэтая гісторыя з хакейным матчам — гэта 1215-я серыя.

Нічога новага не адбываецца. Уся гісторыя дачыненняў Лукашэнкі з Масквой — гэта ўвесь час адно і тое ж. Лукашэнка хоча ад Масквы грошай, танных нафты і газу. Масква, у сваю чаргу (хто б тут ні быў — Ельцын, Пуцін, Мядзведзеў, зноў Пуцін), хоча ад Лукашэнкі падкантрольнасці, лаяльнасці і актываў».

Ганаровы старшыня прэзідыума Рады знешняй і абароннай палітыкі Расіі Сяргей Караганаў ацэньвае паводзіны Аляксандра Лукашэнкі як «капрыз» і кажа, што ён не прывядзе да нечага незвычайнага:

«Мне падаецца, мы ўжо добра ведаем, з кім маем справу. Даўным-даўно ведаем. Блізкі сябар і партнёр. Чаго нам цяпер ад яго чакаць? Калі крэдыты даем, калі трохі прыціскаем. Так і жывем».

«Нелюбоў паміж Пуціным і Лукашэнкам існуе», — адзначае кіраўнік беларускага Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў:

«Напружанне паміж імі існуе. І гэта такі чарговы выбрык, які час ад часу здараецца ў гэтых адносінах. Я думаю, што тут ёсць дэманстрацыя незадаволенасці Масквы дзеяннямі беларускага боку. А беларускі бок, у сваю чаргу, дэманструе прыкладна тое ж самае: і ў рыторыцы, і ў дзеяннях.

Гэтае напружанне існуе. І я думаю, што тут нічога новага не здараецца. Проста мы бачым знешняе праяўленне такой сітуацыі».

«Хакейны кульбіт Лукашэнкі не паўплывае на далейшыя дачыненні афіцыйных Масквы і Мінска», — упэўнены Уладзімір Рыжкоў:

«Беларусь у цяперашнім сваім выглядзе і ў той мадэлі, якую пабудаваў Лукашэнка, эканамічна няздатная. А знешнюю дапамогу можа аказваць толькі Масква. Амерыканцы грошай не дадуць, еўрапейцы — не дадуць. Кітайцы проста так грошай не дадуць. Яны людзі прагматычныя. Адзіная сталіца, якая гатовая даваць грошы, а пасля іх спісваць, — гэта Масква. Таму Лукашэнку няма куды падзецца. Прыедзе і будзе сябраваць».

Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка цяпер змогуць пабачыцца 28 траўня. На гэты дзень у Бішкеку запланаваны нефармальны саміт кіраўнікоў краін АДКБ.


Другие публикации