Улад Вялічка: Патэнцыял грамадзянскай супольнасці не выкарыстоўваецца належным чынам

27.05.2013
Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі»

Грамадзянская супольнасць не змагла знайсці свайго месца ў праграмах супрацоўніцтва паміж ЕС і Беларуссю — Усходнім партнёрствам і Еўрапейскім дыялогам па мадэрнізацыі.

Такую думку выказаў старшыня Міжнароднага кансорцыюму «ЕўраБеларусь» Улад Вялічка, гаворачы пра актуальныя праблемы, вартыя абмеркавання на чарговай Канферэнцыі Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, якая пройдзе 1 чэрвеня.

Тэма канферэнцыі пазначаная, як «Грамадзянская супольнасць паміж Усходнім партнёрствам і Еўрапейскім дыялогам па мадэрнізацыі». «Гэта значыць, што ў пэўнай ступені грамадзянская супольнасць апынулася паміж гэтымі праграмамі, не знайшоўшы свайго месца ні там, ні там. Гэта задача, якую яшчэ належыць вырашыць», — заўважыў Улад Вялічка.

Безумоўна, асобныя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасць актыўна задзейнічаныя ў абедзьвуюх праграмах, пагадзіўся старшыня «ЕўраБеларусі». «Але ў інстытуцыянальным сэнсе, у сэнсе ролі і месца грамадзянскай супольнасці ў такіх працэсах і міжнародных праграмах, яе патэнцыял не выкрыстоўваецца належным чынам. І гэта праблема не толькі з боку саміх арганізацый, але і з боку Еўрапейскага Саюза ды іншых зацікаўленых суб’ектаў», — адзначыў ён.

Агулам жа, на думку Улада Вялічкі, ад чарговай Канферэнцыі Нацыянальнай платформы не варта чакаць чагосці асаблівага. Бо, у першую чаргу, яна павінна вырашыць шэраг працоўных пытанняў. Сярод іх — выпрацоўка рэкамендацый беларускіх арганізацый да ўдзелу ў пятай сустрэчы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства ў Кішынёве ды пераабранне Каардынацыйнага камітэта Нацплатформы.

Разам з тым, у фармаце Канферэнцыі Нацыянальная платформа не сустракалася з лістапада мінулага года, нагадаў старшыня «ЕўраБеларусі». На ягоную думку, «апошняя актыўнасць у беларуска-еўрапейскіх кантактах, пэўная актывізацыя дзяржаўнага боку таксама патрабуюць каментарыя, асабліва ў святле Саміта Усходняга партнёрства, запланаванага на восень гэтага году, і дыскусіі наконт таго, ці будзе Беларусь на яго запрошаная».

«Думаю, грамадзянская супольнасць павінна выставіць свае адзнакі дзяржаве ў дачыненні да Усходняга партнёрства і выказацца наконт таго, якіх дзеянняў варта чакаць з боку Еўрасаюза ў дачыненні да гэтага пытання», — адзначыў Улад Вялічка.

Ён лічыць, што галоўны аспект, паводле якога будзе вырашацца пытанне аб запрашэнні беларускіх уладаў на Саміт у Вільні, палягае ў пытанні «ці існуе нейкі хаця б маленькі прагрэс у пытаннях палітвязняў і наяўнасці хаця б пэўнай лібералізацыі ў краіне?».

«Са снежня 2010 года прайшло ўжо 2,5 гады. І можна казаць, што з таго моманту фактычна ніякіх істотных пазітыўных змен у дачыненнях паміж грамадзянскай супольнасцю і дзяржавай не назіраецца. Хутчэй, ідзе паўзучы далейшы рэгрэс. Таму я не думаю, што беларуская грамадзянская супольнасць будзе аптымістычна глядзець на пытанне ўдзелу афіцыйнага Мінска да Усходняга партнёрства і запрашэння яго на Саміт», — заўважыў Улад Вялічка.

«З другога боку, такая сітуацыя не можа доўжыцца бясконца, — празнаў ён. — Вядома, што ў той ці іншай форме пытанне размарозкі стасункаў павінна быць вырашана. Адзінае, што яно не павінна вырашацца за кошт прынцыповых пытанняў, такіх як палітвязні і ціск на грамадзянскую супольнасць».


Другие публикации