Грамадзянская супольнасць Беларусі: новыя крокі наперад

03.06.2013
Глеб Мартынаў, Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі»

Фота: ampby.org

Аб найбольш вострых праблемах, якія стаяць перад беларускім грамадствам, ішла размова на канферэнцыі Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства.

Як і чакалася, галоўныя пытанні на канферэнцыі, якая прайшла ў Мінску, тычыліся ў першую чаргу ўнутранага развіцця Нацыянальнай платформы. Напярэдадні канферэнцыі прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці Беларусі выказвалі пажаданні на кошт таго, каб Нацплатформа перайшла ў больш канструктыўнае рэчышча і тым самым павялічыла эфектыўнасць сваіх дзеянняў.

Таму не выпадкова асноўная ўвага была нададзена важным пытанням развіцця самой Нацыянальнай платформы, яе актуальным задачам і магчымасцям ва Усходнім партнёрстве і Еўрапейскім дыялогу па мадэрнізацыі.

Акрамя таго, падчас канферэнцыі Нацыянальная платформа рэкамендавала да ўдзелу ў 5-й сустрэчы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, які пройдзе восенню бягучага года ў Кішынёве, 26 беларускіх арганізацый .

«Што мы будзем рабіць далей?»

«Паміж Усходнім партнёрствам і Еўрапейскім дыялогам па мадэрнізацыі» — менавіта так была пазначана тэма канферэнцыі. Не дзіўна, што шмат часу падчас канферэнцыі удзельнікі Нацыянальнай платформы надалі праектам і праграмам арганізацый грамадзянскай супольнасці па тэматычных напрамках дзейнасці ў рамках УП і ЕДМ.

Эксперт Агенцтва гуманітарных тэхналогій, кандыдат педагагічных навук Святлана Мацкевіч, распавядаючы аб дзейнасці Грамадскага Балонскага камітэта, адзначыла важнасць таго, што адукацыйная палітыка камітэта напрамую залежыць ад таго, як менавіта будзе развівацца Нацплатформа і наколькі прадуктыўна будзе рэалізоўвацца на практыцы наяўная Канцэпцыя развіцця Нацыянальнай платформы.

Па словах старшыні праўлення ініцыятывы па стварэнні аб'яднання беларускіх пенсіянераў «Наша пакаленне» Таццяны Зялко, менавіта дзякуючы дзейнасці Нацыянальнай платформы ў прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці Беларусі з’явіліся шырокія магчымасці для наладжвання кантактаў з калегамі і партнёрамі як унутры краіны, так і за яе межамі: «Сёння мы ў стане параўноўваць, ацэньваць і дакладна вызначаць, што ж мы можам прымяніць у Беларусі ў галіне пенсійнага рэфармавання».

Аб моладзевых ініцыятывах, якія рэалізуюцца ў рамках сумесных еўрапейскіх праграм, распавяла прадстаўніца Альтэрнатыўнай моладзевай платформы Станіслава Гусакова. На яе думку, фармат узаемадзеянняў паміж суб’ектамі Усходняга партнёрства цалкам дазваляе ажыццяўляць самыя розныя праекты, накіраваныя на інтэграцыю беларускіх моладзевых грамадскіх аб’яднанняў у агульнаеўрапейскі кантэкст.

З меншай доляй аптымізму выказаўся старшыня Фонду імя Льва Сапегі Міраслаў Кобаса: «У нас не хапае праграм у рамках Усходняга партнёрства і Еўрапейскага дыялогу па мадэрнізацыі, але сёе-тое ў гэтым кірунку зроблена. Калі казаць канкрэтна аб мясцовым самакіраванні, то нядаўна ў нас была сустрэча ў рамках рабочай групы, дзе мы абмяркоўвалі пытанні далейшага ўзаемадзеяння, а таксама такую важную тэму для нас, як фінансавая дэцэнтралізацыя. І ў дачыненні да найбольш актуальных пытанняў усім нам трэба дакладна разумець: а што мы будзем рабіць далей? Як нам паступаць з ужо распрацаванымі і агучанымі ініцыятывамі? Пакуль, на жаль, нам не заўсёды хапае разумення, якія менавіта напрамкі лічыць найбольш прыярытэтнымі».

«Гэта будзе садзейнічаць зняццю напружання»

Адзін з лідэраў грамадзянскай супольнасці Беларусі, які займаў на працягу апошняга года пасаду старшыні Каардынацыйнага камітэта Нацыянальнай платформы, Уладзімір Мацкевіч у сваім справаздачным выступе адкрыта прызнаў, што ў дзейнасці Нацплатформы важна вылучаць не толькі пазітыўныя, але і негатыўныя моманты. Да «плюсаў», на яго думку, трэба аднесці сам факт захавання Нацплатформы ў складаных палітычных умовах і рост яе пазнавальнасці, а таксама тое, што за апошні год удалося дамовіцца, каб ЕС у рамках праграмы «Усходняе партнёрства» ўсё ж такі выдзеліў сродкі для падтрымкі працы Нацыянальных платформ ФГС УП. Сярод негатыўных момантаў Уладзімір Мацкевіч адзначыў некаторыя спрэчныя пытанні ўнутры Нацплатформы і недастатковы ўплыў грамадзянскай супольнасці на працэсы ўнутры Беларусі: «Мае спробы, спробы Каардынацыйнага камітэта паўплываць на працэсы кансалідацыі ўнутры краіны пакуль застаюцца без значных дасягненняў».

Пэўная праблема, на думку Уладзіміра Мацкевіча, заключаецца ў тым, што ўдзел Беларусі ва Усходнім партнёрстве знаходзіцца сёння пад рэальнай пагрозай. У той час, як няўрадавыя арганізацыі двума рукамі «за» далучэнне Беларусі да Усходняга партнёрства ў поўнай меры, дзяржава дыстанцуецца і адсоўваецца ад еўрапейскай ініцыятывы. І шмат у чым менавіта таму прасоўванне грамадскіх інтарэсаў у палітыцы дзяржавы ў цэлым і ў межах Усходняга партнёрства у прыватнасці сёння практычна немагчыма.

Таксама Уладзімір Мацкевіч панаракаў на тое, што беларуская Нацплатформа праявіла недастаткова актыўнасці і ўплыву на працэсы ў краіне. Зрабіўшы справаздачу перад удзельнікамі канферэнцыі аб поспехах і недахопах уласнай дзейнасці, ён выказаў упэўненасць у тым, што Нацыянальная платформа ўсё ж такі стане кансалідуючай пляцоўкай для грамадзянскай супольнасці, пасля чаго зняў сваю кандыдатуру з ліку прэтэндэнтаў на пасаду новага старшыні Каардынацыйнага камітэта Нацплатформы. «Я лічу, што мой выхад з Каардынацыйнага камітэта будзе садзейнічаць зняццю пэўнага напружання, якое існавала ў Нацплатформе, і адаб'ецца на яе больш плённай працы», — пракаментаваў сваё рашэнне Уладзімір Мацкевіч.

Нагадаем, што незадоўга да канферэнцыі Уладзімір Мацкевіч у інтэрв'ю Службе інфармацыі «ЕўраБеларусі» распавядаў пра тое, што грамадзянская супольнасць у нашай і некаторых іншых краінах перажывае зараз не лепшыя часы.

«Гэта вельмі важна для грамадзянскай супольнасці»

Новым старшынёй каардынацыйнага камітэта Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства быў абраны Улад Вялічка. За кандыдатуру кіраўніка Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь» прагаласавалі прадстаўнікі 37 з 44 зарэгістраваных на канферэнцыі арганізацый.

Абраны старшыня выказаў надзею, што ў бліжэйшы год прадстаўнікам грамадзянскай супольнасці Беларусі ўдасца вырашыць шэраг праблем, якія перашкаджаюць развіццю Нацыянальнай платформы.

На думку Улада Вялічкі, у дзейнасці Нацыянальнай платформы маецца нямала пытанняў, якія можна аб’яднаць тэрмінам «праца над памылкамі»: «Апошні год, на жаль, некалькі адкінуў нас у рамках працэсу Усходняга партнёрства, але парадак дня УП, Еўрапейскага дыялогу па мадэрнізацыі застаецца вельмі актуальным для Беларусі. Уключэнне краіны ў агульнаеўрапейскую арбіту мае стратэгічны характар і істотна адаб’ецца на будучыні нацыі. А значыць, гэтае пытанне вельмі важнае і для грамадзянскай супольнасці». Адзначым, што раней Улад Вялічка ўжо засяроджваў увагу на тым, што патэнцыял грамадзянскай супольнасці не выкарыстоўваецца належным чынам.

Акрамя новага кіраўніка на канферэнцыі быў абраны і новы склад Каардынацыйнага камітэта Нацыянальнай платформы грамадзянскай супольнасці Беларусі. У склад камітэта ўвайшлі прадстаўнік Экалагічнага таварыства «Зялёная сетка» Яраслаў Бекіш, прадстаўнік «Гомельскага дэмакратычнага форума» Пётр Кузняцоў, прадстаўнік Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч, прадстаўнік арганізацыі «Саюз-Чарнобыль Беларусь» Аляксандр Валчанін, кіраўнік Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў i прадстаўнік Цэнтра сацыяльных інавацый Аксана Шэлест.

Удзельнікі канферэнцыі, акрамя таго, аднагалосна прынялі рэзалюцыю , у якой адзначылі, што, падзяляючы каштоўнасці і мэты ініцыятыў ЕС «Усходняе партнёрства» і «Еўрапейскі дыялог па мадэрнізацыі», яны вымушаны канстатаваць адсутнасць паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Пры гэтым у рэзалюцыі вітаюцца спробы Еўрасаюза пачаць новы этап дыялогу з Беларуссю пры выкананні беларускімі ўладамі прынцыповай і галоўнай умовы — неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных — і пры відавочным паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека.

Гл. відэазапіс канферэнцыі


Другие публикации