Размова шаснаццатая — пра тое, як адказваюць тэалогія, навука і філасофія на кантаўскія пытанні: «Што я магу ведаць?», «Што мушу рабіць?» і «На што магу спадзявацца?»
З чым Уладзімір Макей прыехаў у Брусель?
Адбыўся першы за тры гады візыт міністра замежных спраў Беларусі ў Брусель. У чым сімвалічнасць гэтай падзеі? Які палітычны багаж Уладзіміра Макея? Хто будзе прадстаўляць Беларусь на саміце Усходняга партнёрства ў Вільні?
Удзельнікі: дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў з Мінска і дактарант берлінскага Свабоднага ўніверсітэта Сяргей Богдан з Берліна. Вядучы праграмы: Валер Карбалевіч.
Значэнне візіту Макея ў Брусель
Валер Карбалевіч: 22 ліпеня міністры замежных спраў Еўрасаюза, а таксама міністры замежных спраў шасці краін-удзельніц Усходняга партнёрства правялі пасяджэнне, на якім абмеркавалі перспектывы Усходняга партнёрства і парадак дня саміта гэтай праграмы, які мае адбыцца пад канец лістапада ў Вільні.
Рутыннае мерапрыемства. І, мусіць, найбольш адметны момант гэтай падзеі палягае ў тым, што ў ім упершыню за тры гады ўдзельнічаў міністр замежных спраў Беларусі. Што азначае сам факт з'яўлення Макея ў Бруселі? Ці ёсць гэта нейкім сімвалам? Некаторыя эксперты назвалі гэта пачаткам новага этапу ў дачыненнях Беларусі з ЕС. Ці так гэта?
Андрэй Ягораў: Нічога сімвалічнага ў гэтым няма. Выключэнне Макея са спісу неўязных — гэта тэхнічнае рашэнне ЕС напярэдадні саміта ў Вільні. Брусель не хоча паўтараць сітуацыю мінулага саміта Усходняга партнёрства ў Варшаве, калі афіцыйны Мінск, незадаволены ўзроўнем свайго прадстаўніцтва, учыніў скандал.
Сяргей Богдан: Я таксама не лічу гэты візіт Макея нейкай вялікай знакавай падзеяй. Трэба ж з некім размаўляць. Бо цалкам абарваць адносіны з Беларуссю для ЕС няма рацыі. Брусель хоча шукаць шляхі паразумення пасля 19 снежня 2010 года. Увогуле для ЕС адносіны з Беларуссю — справа маргінальная. А з міністрам замежных спраў трэба час ад часу кантактаваць, хоць змен у беларускім рэжыме і не адбылося.
Які палітычны багаж Уладзімера Макея?
Валер Карбалевіч: Сп. Ягораў, вось вы кажаце, што зняццё візавых абмежаванняў з Макея — пытанне тэхнічнае. Але чамусці вакол гэтага «тэхнічнага» пытання шмат месяцаў у ЕС ішла дыскусія. Перамог пункт гледжання, што трэба даць магчымасць міністру замежных спраў Беларусі ездзіць у ЕС дзеля таго, каб ладзіць камунікацыі з афіцыйным Мінскам на высокім узроўні. Ну вось Макей прыехаў у Брусель. З чым? Ці ёсць у яго новы палітычны багаж, новыя ініцыятывы, як размарозіць адносіны Беларусі з ЕС? Або Макей прыехаў з пустымі рукамі?
Андрэй Ягораў: Узнікла пэўная калізія. Пасля 19 снежня 2010 года ЕС праводзіў адносна Беларусі палітыку «крытычнага ўцягвання». Беларусь пакінулі ва Усходнім партнёрстве, краіна не выключалася з кантактаў з ЕС. Дзеля гэтага міністра замежных спраў Беларусі Мартынава не ўключылі ў спіс неўязных у ЕС. Але міністар замежных спраў змяніўся, а новы міністр Макей быў пад санкцыямі. У выніку страціўся канал камунікацый. Таму і было паднятае пытанне, каб Макея выключыць са спісу неўязных. Натуральна, у ЕС ёсць прыхільнікі розных тактык адносна Беларусі, таму і ішлі спрэчкі. Але палітыка ЕС у беларускім пытанні не змянілася. Думаю, і Макей не прывёз нічога новага, і Брусель не прапануе нічога новага ў беларуска-еўрапейскіх дачыненнях.
Сяргей Богдан: Думаю, Макей усё ж мусіў з сабой нешта прывезці. Маю на ўвазе нейкія ўмоўна-лібералізацыйныя крокі. Бо пачаўся чарговы віток цыклу, які ў Беларусі звязаны з выбарамі.
Трохі пра самога Макея. Гэта чалавек, які на тле іншых людзей з атачэння Лукашэнкі выглядае крэатыўным і дынамічным. І калі нейкі новы план размарожвання дачыненняў Беларусі з ЕС і з'явіцца, то аўтарам яго будзе Макей. Падчас ягонай дыпламатычнай працы ў Страсбургу ён камунікаваў з прадстаўнікамі апазіцыі, якія туды прыяжджалі. Калі ён працаваў у МЗС, то ягоныя калегі згадваюць, што нават падчас «мёртвага сезону» ў дачыненнях Беларусі з ЕС Макей пісаў аналітычныя запіскі, здзіўляў сваёй упартасцю ў імкненні палепшыць адносіны з Еўропай.
Хто будзе прадстаўляць Беларусь на саміце ў Вільні?
Валер Карбалевіч: Калі сапраўды ў Мінска няма ніякіх новых прапаноў, то адзіная палітычная інтрыга палягае ў тым, хто будзе прадстаўляць Беларусь на саміце Усходняга партнёрства ў Вільні напрыканцы лістапада. Ці магчымая прысутнасць там Лукашэнкі, калі раптам ён вызваліць усіх палітзняволеных? Або, калі не запросяць Лукашэнку, то Беларусь учыніць нейкі скандал, як гэта адбылося на мінулым саміце Усходняга партнёрства ў Варшаве? Хачу нагадаць, што на той саміт запрасілі міністра замежных спраў Беларусі Мартынава, але той адмовіўся ехаць, а кіраўніком беларускай дэлегацыі быў прызначаны амбасадар Беларусі ў Польшчы.
Сяргей Богдан: Думаю, запрашэнне ў Вільню Макея задаволіць афіцыйны Мінск. Але да саміта яшчэ шмат часу, многае можа змяніцца.
Андрэй Ягораў: Таксама думаю, што запрашэнне ў Вільню Макея задаволіць афіцыйны Мінск. Таму што падчас папярэдняга саміта Усходняга партнёрства ў Варшаве якраз паміж Беларуссю і ЕС быў пік канфлікта. Для Мінска было важна захаваць твар. І таму запрашэнне міністра замежных спраў было ўспрынята як паніжэнне статуса. Цяпер сітуацыя іншая. І запрашэнне Макея будзе ўспрынята як падвышэнне статуса.
Сумняваюся, што ЕС можа запрасіць Лукашэнку нават тады, калі будуць вызваленыя ўсе палітвязні. Бо трэба час, каб ЕС мог правесці перамовы, узгадніць пазіцыі. А часу няшмат. Таму запросяць альбо міністра замежных спраў, альбо прэм’ер-міністра.
Цікавей тое, якое месца зойме на саміце беларускае пытанне. Саміт пройдзе пасля абмеркавання Еўрапарламентам даклада Палецкіса. На мінулым саміце ЕС прапанаваў дэкларацыю па Беларусі. Аднак члены-партнёры Усходняга партнёрства адмовіліся яе падпісаць. Таму, думаю, гэтым разам такой дэкларацыі не будзе.
Ці пачаўся новы цыкль?
Валер Карбалевіч: Розныя эксперты даюць розную ацэнку таго, што цяпер адбываецца ў адносінах Беларусі і ЕС. Кажуць пра пачатак новага цыклу, новага перыяду, новага этапу. Гэта сапраўды так? Або нічога новага не адбываецца?
Андрэй Ягораў: З 19 снежня 2010 года нічога новага не адбываецца. Ідуць перамовы, але няма новага цыклу. ЕС захоўвае патрабаванне вызвалення палітвязняў як умовы пачатку нейкіх змен у палітыцы.
Сяргей Богдан: Расійскі чыннік блакуе развіццё дачыненняў Беларусі з ЕС. Бо Расія дае Беларусі столькі льгот, колькі ЕС ніколі даць не зможа. Для ЕС Беларусь не настолькі важная, каб дзеля яе змагацца з Расіяй. Але Бруселю трэба думаць пра тую альтэрнатыву ў Беларусі, якая нейкім чынам выспявае.
Радыё «Свабода»
Другие публикации
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #4 (Видео)
1 июня беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел четвертый вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #3 (Видео)
28 мая беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел третий вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #2 (Видео)
25 мая беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел второй вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #1 (Видео)
21 мая беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел первый вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
Комментарии и дискуссии
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Размова шаснаццатая — пра тое, як адказваюць тэалогія, навука і філасофія на кантаўскія пытанні: «Што я магу ведаць?», «Што мушу рабіць?» і «На што магу спадзявацца?»