Адкрыты семінар «Універсітэт у гісторыі і сучаснасці Беларусі» ў Гародні

15.10.2013
Лятучы ўніверсітэт

17 кастрычніка 2013 года Лятучы ўніверсітэт супольна з Гарадзенскай бібліятэкай ладзяць у Гародні адкрыты семінар «Універсітэт у гісторыі і сучаснасці Беларусі».

Універсітэт і Горад, Універсітэт і Нацыя, Універсітэт і Мысленне, Універсітэт і культурна-сацыяльныя змены — гэтыя звязкі назаўсёды ўвайшлі ў еўрапейскую гісторыю і гісторыю чалавецтва. Сёння цяжка ўявіць сабе развіццё краіны, народа, культуры без Універсітэта, але... Ці часта мы паглыбляемся ў роздум над пытаннем: «Якім сёння павінен быць Універсітэт, каб выконваць сваю гістарычную функцыю?» Беларуская рэальнасць вымушае нас засяроджвацца на больш простых і ў той жа момант балючых пытаннях не развіцця, а хаця б захавання таго, што ёсць. Але ніхто апроч нас, беларусаў, не будзе думаць і дбаць пра Універстэт для Беларусі.

Лятучы ўніверсітэт — гэта спроба асэнсавання і пошуку адказаў на пытанні: «Якім сёння павінен быць Універсітэт, дзе думаюць Беларусь?» Гэта пошукі і канцэптуальныя, і практычныя. Больш як 3 гады ідзе паступовае развіццё самых розных накірункаў універсітэцкай працы: семінары, школы, курсы, публічныя дыскусіі і лекцыі, канферэнцыі і даследаванні. І галоўнае — расце і развіваецца ўніверсітэцкая супольнасць.

Гародня — адзін з тых гарадоў Беларусі, дзе прысутнічае насычанае інтэлектуальнае жыццё, а без гэтага немагчыма станаўленне Універсітэта нацыянальнага маштабу. 17 кастрычніка 2013 года Лятучы ўніверсітэт у партнёрстве з Гарадзенскай бібліятэкай, пры падтрымцы і ўдзеле гарадзенскіх навукоўцаў і культурных дзеячоў ладзяць у Гародні адкрыты семінар «Універсітэт у гісторыі і сучаснасці Беларусі». У межах семінара з дакладамі выступяць бібліст, культуролаг Ірына Дубянецкая, філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч, адукатар Ігар Кузьмініч, а таксама адбудзецца публічная дыскусія «Гародня як месца сучаснага Універсітэта», да якой далучацца філосаф Павел Баркоўскі, метадолаг і каардынатар Лятучага ўніверсітэта Таццяна Вадалажская, а таксама эксперты па пытаннях развіцця ўніверсітэтаў з Мінска і Гародні. Мадэраваць працу на семінары будзе гісторык Алесь Краўцэвіч.

Ірына Дубянецкая ў сваім выступе «Універсітэт і нацыянальная ідэя ў беларускай рэчаіснасці» прапануе паразважаць над культуратворчымі і нацыятворчымі функцыямі Універсітэта. Нацыянальны ўніверсітэт так і застаўся неспраўджанай мрояй Беларусі, але варта  прыглядзецца да тых спробаў, якія былі ў гісторыі, больш дэтальна: як развівалася нацыянальная ідэя ў Віленскім універсітэце? Наколькі сёння рэалістычна казаць пра Нацыянальны ўніверсітэт — у постмадэрным, посткаланіяльным, постіндустрыйным, посткрытычным свеце?

Ігар Кузьмініч прапануе перафармуляваць пытанне аб крызісе ўніверсітэтаў у пытанне аб крызісе гуманітарных навук. Падчас выступу гарадзенскага выступоўцы «Сучасны ўніверсітэт як інавацыя» паспрабуем разабрацца з тым, перад якімі выклікамі апынуўся сёння Універсітэт і што павінна стаць яго інавацыйнай мэтай?

Паўставанне і развіццё Універсітэта немажліва без сталай працы над самой ідэяй Універсітэта, без абмеркавання, дыскусіі пра тое, што можа стаць агульнымі падмуркамі для супольнай практыкі. Уладзімір Мацкевіч, распавядзе пра тое, як, кім і дзе развіваецца «Ідэя Універсітэта ў сённяшняй Беларусі».

Акцэнтам агульнай дыскусіі «Гародня як месца сучаснага Універсітэта» стануць пытанні пра мажлівасці і перспектывы развіцця ідэі Універсітэта ў Гародні, пра тое, у якіх фарматах, накірунках дзейнасці можа развівацца супрацоўніцтва гарадзенскай акадэмічнай супольнасці і Лятучага ўніверсітэта.

Адкрыты семінар «Універсітэт у гісторыі і сучаснасці Беларусі» адбудзецца 17 кастрычніка па адрасе: г. Гродна, вул. Будзёнага, 48а (зала ва ўнутраным дворыку). Пачатак у 18.00.

Зарашаем да ўдзелу ўсіх зацікаўленых. Уваход вольны!


Другие публикации