Публічныя лекцыі «Urbi et Orbi»: Ірына Сухій

23.10.2013
Лятучы ўніверсітэт

25 кастрычніка 2013 года Лятучы ўніверсітэт супольна з Міжнародным кансорцыюмам «ЕўраБеларусь», ладзяць чарговую лекцыю з цыкла «Urbi et Orbi». Да «Горада і Свету» з прамовай зверніцца эколаг і грамадскі дзеяч Ірына Сухій.

Што б мы ні казалі пра тое, што чалавек нашмат больш гарманічна адчувае сябе ў сваім натуральным асяроддзі — у прыродзе, рэаліі сённяшняга жыцця паказваюць, што нам дастаткова цяжка і складана было б адмовіцца ад усіх тых дабротаў, якія нам дало развіццё тэхналогій. Узяць нават самы звычайны прыклад: зусім нядаўна мабільны тэлефон быў практычна ўнікальным, сёння без яго не абыходзіцца нават самая пажылая бабуля. Пры гэтым мы рэдка аддаемся рэфлексіі таго, наколькі хутка, дзякуючы росту тэхналогій, нядаўнія фантазіі пісьменнікаў- фантастаў становяцца фактамі нашага жыцця. Не задумваючыся пра тое, якія наступствы могуць чакаць нас у будучыні, аднойчы раніцай мы можам прачнуцца і апынуцца ў зусім іншай рэальнасці — адрознай ад той, да якой мы прызвычаіліся.

З ростам тэхналогій адны звязваюць перспектывы развіцця чалавецтва і здабыццё неўміручасці, іншыя — выказваюць асцярогі і кажуць пра пагрозу знікнення чалавека як віду. Верагодна, тут не можа быць адназначных і прамых адказаў. Сапраўды, з аднаго боку, тэхналогіі могуць служыць на карысць чалавецтву: да прыкладу, дапамагчы ў вырашэнні многіх сучасных экалагічных праблем — такіх як выкід шкодных для навакольнага асяроддзя адходаў. Разам з тым, у выніку, мы можам апынуцца ў свеце, дзе чалавек ужо будзе не патрэбны — штучны інтэлект будзе жыць па сваіх правілах, для сябе. Людзі перастануць быць гаспадарамі гэтага свету, ператварыўшыся з жыхароў планеты ў жыхароў выдатных запаведнікаў. Ці хочам мы такой будучыні? Эколагі кажуць, што, на жаль, такая перспектыва значна бліжэй да нас, чым нам здаецца. Такія перасцярогі могуць падавацца чымсьці з вобласці фантастыкі і кіно. Але, як паказвае рэальнасць, фантазіі досыць хутка і нечакана для нас могуць стаць тэхналагічна ажыццяўляльнымі рэчамі.

Пра перспектывы будучыні нам прапануе паразважаць эколаг, грамадскі дзеяч Ірына Сухій на бліжэйшай публічнай лекцыі цыкла «Urbi et Orbi» Лятучага ўніверсітэта. У інтэрв’ю напярэдадні лекцыі спадарыня Ірына сказала: «У мяне няма адназначных адказаў на ўсе гэтыя пытанні і выклікі. Я прапаную на лекцыі разам паглядзець на нашу будучыню і прадставіць, чаго б мы хацелі. І, можа быць, потым паступова пачаць гэта рабіць».

Лекцыя Ірыны Сухій «Рэйманд Курцвайль супраць Дэніса Медаўза, альбо Неўміручасць ужо у 2045 ці крызіс цывілізацыі — новае Сярэднявечча» адбудзецца 25 кастрычніка 2013 года ў Галерэі «Ў», пачатак у 18.30. Уваход вольны!

Азнаёмцеся таксама, калі ласка, з інтэрв’ю, якое Ірына Сухій дала напярэдадні лекцыі.

UPD: Відэазапіс публічнай лекцыі:


Другие публикации