Росту няма (Відэа)

25.10.2013
Сяргей Скулавец, Belsat.eu

Валавы ўнутраны прадукт прагнозаў слухаць не хоча. І расці паводле іх... не збіраецца. Чыноўнікі запланавалі павелічэнне ВУП больш як на восем адсоткаў. Але за дзевяць сёлетніх месяцаў эканоміка ледзьве выцягнула крыху больш за адзін адсотак. Растуць толькі лічбы на цэнніках ды колькасць тавараў на складах.

Планы амбітныя, а вось магчымасці аказаліся досыць сціплыя. Рэальны вынік росту эканомікі - у разы меншыя, чым планаваў урад. Зрэшты, закладаючы лічбы, чыноўнікі з самага пачатку былі гатовыя, што прагноз невыканальны, мяркуюць незалежныя эканамісты.

Антон Болтачка, эканаміст, «Ліберальны клуб»:

«Гэта быў досыць ідэалістычны такі погляд, і зразумела было адразу, што задача невыканальная. Адпаведна, цяпер мы і маем вынік: 1,1% рост ВУП за дзевяць месяцаў. Ну, і выканаць план 8,5 % — немагчыма».

Увогуле па выніках апошніх трох гадоў можна зрабіць наступныя высновы: урадоўцы ствараюць прагнозы, якія не маюць анічога агульнага з рэчаіснасцю. Гучыць вострая крытыка і пагрозы за гэта з боку кіраўніка краіны. Але нават шляхам пагрозаў не паўплываеш на выкананне закладзеных лічбаў. Росту эканомікі няма, калі не сказаць, што наадварот.

Цягам 9-ці месяцаў, паводле падлікаў Нацыянальнага статыстычнага камітэта, прамысловая вытворчасць знізілася на 4,6%. Выраб сельскагаспадарчай прадукцыі зменшыўся на 2,2%. Затое запасы гатовага тавару склалі 28,1 млрд руб., ці 70,6% ад сярэднямесячнага аб’ёму прамвытворчасці. Усё гэта ўжо нават у блізкатэрміновай перспектыве адгукнецца негатыўнымі наступствамі.

Андрэй Ягораў, палітолаг, Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі:

«Заробкі не будуць расці на такім жа ўзроўні, як і ў суседніх краінах. У выніку, мы будзем бачыць адток прафесійных кадраў. Гэта значыць, што мы будзем губляць рэсурсы для будучага росту».

Зрэшты, адток кадраў назіраем ужо цяпер. Гэтак жа, як і канстатуем, што ўзровень інфляцыі — найвышэйшы ў рэгіёне. Кожнае дзесятае беларускае прадпрыемства працуе сабе ў страту. У такіх варунках сітуацыя ад вострага крызісу, ад дэвальвацыі ратуецца толькі цудам.

Андрэй Ягораў, палітолаг, Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі:

«Ёсць значныя пазабюджэтныя сродкі ў крыніцах, напрыклад, фонда кіраўніка краіны, які не ўваходзіць у справаздачнасць беларускага бюджэта і адтуль могуць мільёны, сотні мільёнаў долараў паступаць на ратаванне сітуацыі. Мы бачылі гэта падчас папярэдняга крызіса. Такое ўжо было».

На гэтым жа фоне павялічваецца лічба вонкавых пазык перад беларускім прадпрыемствамі. Прычым толькі за верасень запазычанасці раптоўна выраслі ажно на 17% і склалі 3,2 трлн. руб. Праўда, з вуснаў кіраўніка краіны адразу прагучала тлумачэнне. Гэта вынік загаду разгрузіць склады і хітрасці чыноўнікаў, якія ў адказ пачалі вывозіць гатовую прадукцыю за мяжу. Якія ж вынікі ў эканоміцы можна чакаць з такім падыходам? Акурат гэты прагноз нескладаны.

Belsat.eu


Другие публикации