Беларуская Нацыянальная платформа: Еўрасаюз не павінен аслабляць увагу да Беларусі

05.11.2013
Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі»

Напярэдадні трэцяга Саміта Усходняга партнёрства, які пройдзе 28-29 лістапада ў Вільні, Беларуская нацыянальная платформа прыняла прысвечаную яму рэзалюцыю.

Дакумент стаў асноўным вынікам канферэнцыі «Будучыня Форума грамадзянскай супольнасці ў фокусе трэцяга Саміта Усходняга партнёрства».

4 лістапада ў Мінску прадстаўнікі Беларускай нацыянальнай платформы ФГС УП правялі аднадзённую канферэнцыю. Мерапрыемства пачалося з абмеркавання вынікаў пятай сустрэчы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, якая прайшла ў Кішынёве. Нараўне з важнымі пазітыўнымі бакамі, ўдзельнікі звярнулі ўвагу на шматлікія недапрацоўкі. На кішынёўскай сустрэчы так і не ўдалося сфармуляваць дакладнае пасланне ўдзельнікам Саміта Усходняга партнёрства ў Вільні, а выніковы дакумент не ўтрымлівае палажэнняў, здольных прасунуць Усходняе партнёрства наперад і ўзмацніць ролю арганізацый грамадзянскай супольнасці ў праграме. Гэта ставіць пад сумнеў палітычную значнасць Форума. Крытыкавалася і арганізацыя выбарчых працэдур Форума. У сваіх прапановах адносна праекта Стратэгіі Форума ГС удзельнікі мінскай канферэнцыі рэкамендавалі распачаць неабходныя намаганні па вяртанні Форуму яго стратэгічнай і палітычнай ролі ў рамках Усходняга партнёрства, узмацніць камунікацыю паміж Кіруючым камітэтам і нацыянальнымі платформамі, развіваць прамыя партнёрскія адносіны паміж Сакратарыятам Форума і нацыянальнымі платформамі — менавіта гэтыя меры могуць спрыяць паляпшэнню сітуацыі.

На канферэнцыі быў таксама прадстаўлены сайт Беларускай нацыянальнай платформы: npbelarus.info, створаны спецыяльна для камунікацыі паміж арганізацыямі-удзельніцамі Нацплатформы і для прадстаўлення поўнай карціны дзейнасці Нацплатформы.

Галоўным вынікам мінскай сустрэчы стала рэзалюцыя, адрасаваная ўдзельнікам Саміта Усходняга партнёрства ў Вільні 28-29 лістапада і беларускім уладам. Члены Беларускай нацыянальнай платформы пазітыўна ацанілі саму ініцыятыву «Усходняе партнёрства», якая за амаль 5 гадоў свайго існавання стала здольнай прыцягнуць на шлях паслядоўнай еўрапейскай інтэграцыі шэраг постсавецкіх краін. Адначасова ў дакуменце адлюстраваны і трывожныя моманты для развіцця як усяго Форума, так і беларускай грамадзянскай супольнасці, у прыватнасці. Пасля Віленскага саміту існуе пагроза падзелу краін-удзельніц Усходняга партнёрства на дзве нероўныя часткі: актыўных удзельнікаў і «аўтсайдэраў».

Вялікая верагоднасць таго, што з прычыны гэтага Еўрасаюз можа адказаць зніжэннем ўвагі да Беларусі, а гэта замарозіць сітуацыю перамен у краіне. «Усведамляючы ступень пагроз і важнасць выклікаў, а таксама ўласную адказнасць у гэтай сітуацыі, мы заклікаем усе краіны Усходняга партнёрства і Еўрапейскага Саюза не дапусціць нероўнага стаўлення да краінаў УП у залежнасці ад ступені прагрэсу ў дыялогу з Еўропай. Зрабіць усё магчымае для таго, каб захаваць і ўзмацніць ролю грамадзянскай супольнасці ў будучай канструкцыі Усходняга партнёрства», — адзначаецца ў рэзалюцыі.

У сувязі з пагрозамі і выклікамі маючага адбыцца Саміта, удзельнікі мінскай канферэнцыі звярнуліся таксама і да беларускіх уладаў, акцэнтуючы іх увагу на неабходнасці прадстаўніцтва на Віленскім саміце дэлегацыі не ніжэйшай за ўзровень кіраўніцтва МЗС краіны, а таксама на безумоўным вызваленні палітвязняў.

У рэзалюцыі таксама адзначаецца, што расце супрацьстаянне ў краіне паміж дзвюма рэгіянальнымі інтэграцыйнымі праграмамі: Усходнім партнёрствам і Еўразійскім эканамічным саюзам. Члены Беларускай нацыянальнай платформы заклікалі ўсе краіны Усходняга партнёрства і краіны Еўрасаюза прыкласці максімум намаганняў для зніжэння ступені супрацьстаяння паміж гэтымі праграмамі і для пошуку кампрамісаў па спрэчных пытаннях, што будзе спрыяць нармалізацыі міждзяржаўных адносін паміж краінамі-суседзямі.

UPD.: Гл. відэазапіс канферэнцыі

Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі»


Другие публикации