Трывогі напярэдадні Віленскага саміта

05.11.2013
Уладзімір Глод, Радыё «Свабода»

У Мінску адбылася канферэнцыя Беларускай нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства.

У пасланні да ўдзельнікаў Саміта Усходняга партнёрства, які пройдзе напрыканцы лістапада ў Вільні, удзельнікі канферэнцыі выказалі пажаданне, каб Еўрасаюз звярнуў больш пільную ўвагу на праблемы Беларусі.

Неабходнасць паслання нацыянальны каардынатар Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства Андрэй Ягораў патлумачыў Радыё «Свабода» так:

«Мы вельмі непакоімся, што пасля Саміта Усходняга партнёрства ўсе краіны будуць падзеленыя на дзве няроўныя часткі. Да тых краін, якія адстаюць у працэсе еўрапеізацыі і не робяць спроб збліжэння з Еўрасаюзам, увага з боку Бруселя вельмі моцна знізіцца. І Беларусь можа трапіць у гэты шэраг. Гэта непажаданы варыянт развіцця падзей. Таму мы б не хацелі, каб ва Усходнім партнёрстве адбылася такая сегрэгацыя. А хочам, каб Беларусь захавалася ў пэўным статусе ўнутры Усходняга партнёрства. І каб да яе ўвага была нават павялічаная. Бо праблемным краінам трэба аддаваць больш увагі, каб тут нешта змянялася і рухалася ў правільным кірунку».

Беларусі трэба шмат працаваць на еўрапейскім кірунку, бо яна адрозніваецца ад іншых удзельнікаў праграмы «Усходняе партнёрства», лічыць старшыня Рабочай групы Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі Сяргей Мацкевіч:

«Тое, што камунікацыі паміж няўрадавымі арганізацыямі і ўрадамі ў іншых краінах іншыя, — гэта так. Хіба толькі Азербайджан набліжаецца да нашай сітуацыі. Ва ўсіх іншых краінах кантакты ў той ці іншай ступені адбываюцца. А ў трох краінах — Украіне, Малдове, Грузіі — яны навогул на даволі добрым узроўні. Гэта вынікае з таго, што названыя тры краіны імкнуцца да больш шчыльнага супрацоўніцтва з Еўропай. І таму ў іх камунікацыі на значна вышэйшым узроўні, асабліва ў параўнанні з такімі краінамі з аўтарытарнымі тэндэнцыямі, як Беларусь і Азербайджан».

На падтрымку Бруселя спадзявацца трэба. Але неабходна падвышаць і ўласную актыўнасць, лічыць кіраўнік зарэгістраванай у Літве публічнай установы «Ліга развіцця дэмакратыі — грамадзянскі вердыкт» Ігар Рынкевіч:

«Мы адзіная краіна ў блоку Усходняга партнёрства, якая не мае працоўных груп. А гэта азначае, што мы не маем спецыялізацыі і пэўнага сярэдняга узроўня кіравання ў Нацыянальнай платформе Беларусі па тэматычных платформах. А іх усяго пяць.

Я больш зацікаўлены ў працоўнай групе нумар 1. Яна тычыцца праваабарончай тэматыкі, выбараў, медыяў. Наспеў час узмацніць нашы групоўкі па тэматычных кірунках. І маё чаканне ад сённяшняй канферэнцыі, што яна надасць імпульс гэтаму працэсу. Гэта дасць магчымасць больш актыўна ўдзельнічаць у працэсах Усходняга партнёрства з боку грамадзянскай супольнасці Беларусі».


Другие публикации