Андрэй Ягораў: Палітычны рэжым у краіне — гэта таксама выклік для беларусацыі

22.11.2013
Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі»

Што такое «беларусізацыя»? Цi трэба яе звужаць толькі да аспектаў мовы і развіцця беларускай культуры? З чаго пычынаць «беларусізацыю» Беларусi?

Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі пры падтрымцы Міжнароднага кансорцыюма «ЕўраБеларусь» (Літва, Беларусь) і Фонду Генрыха Бёля (Германія) ладзіць міжнародную канферэнцыю «Беларусізацыя. Ці можна завяршыць працэс інстытуцыянальнага будаўніцтва незалежнай дзяржавы?», якая пройдзе ў Мінску 22 лістапада. Мерапрыемства збярэ экспертаў па пытаннях трансфармацыйных працэсаў з Германіі, Польшчы, Украіны, Расіі і Беларусі.

Арганізатары вызначаюць галоўную мэту форуму — абазначыць прынцыповыя праблемы і паглыбленне разумення прычын супраціву шэрагу постсавецкіх краін і народаў трансфармацыйным працэсам у XXI стагоддзі. Летась прайшла аналагічная канферэнцыя па праблемах дэсаветызацыі; гэтым разам арганізатары факусуюць сваю ўвагу на праблемах завяршэння інстытуцыянальнага будаўніцтва незалежных дзяржаў. Для Беларусі гэты комплексны працэс фарміравання сучаснай нацыі, уключаючы станаўленне новых грамадскіх інстытутаў і інстытутаў дзяржавы, па традыцыі можна пазначыць тэрмінам «беларусізацыя».

Які сэнс укладваецца ў паняцце «беларусізацыя»? Ці магчыма беларусізацыя за цяперашнім палітычным рэжымам? Як быць?

На пытанні Службы інфармацыі «ЕўраБеларусі» адказвае дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

— Трансфармацыя Беларусі трымаецца на трох кітах: дэсаветызацыя краіны, беларусізацыя, еўрапеізацыя. Зараз на павестцы дня стаіць праблема беларусізацыі. Ці азначае гэта, што дэсаветызацыя ўжо адбылася?

— Трыяда «дэсаветызацыя — беларусізацыя — еўрапеізацыя» сапраўды ёсць падставовай лініяй трансфармацый для Беларусі. Але ж гэта не статычныя этапы, гэта працэсы, што паралельна разварочваюцца ў часе. Савецкае змяняецца і знікае, але што прыходзіць на яго месца? На гэтае месца могуць прыходзіць змененыя формы таго ж самага савецкага ладу, альбо нерэфлексіўныя бяздумныя запазычанні з глабалізаванай культуры. Неабходна ж, каб працэс змен адбываўся пад кантролем нашай волі і розума і на месца састарэлых рэгулятываў і стандартаў прыходзілі сучасныя па форме і беларускія па змесце нормы арганізацыі жыцця і дзейнасці.

— Ці можна гаварыць пра беларусізацыю ў краіне, якую пасля моўнага рэферэндума 1995 года захапіла русіфікацыя, а беларуская мова загнаная ў гета?

— Пра беларусізацыю сёння не толькі можна і неабходна гаварыць, гэтую беларусізацыю трэба ажыццяўляць нават у тых неспрыяльных умовах, якія мы маем. Пры гэтым нельга звужаць беларусізацыю толькі да аспектаў мовы і развіцця нацыянальнай беларускай культуры. Нам трэба беларусізаваць усю краіну, усе інстытуты, што арганізуюць наша жыццё. Беларусізацыя — гэта станаўленне новага ладу незалежнай краіны, і яна павінна адбыцца ва ўсіх сферах: у эканоміцы, палітыцы, адукацыі, навуцы, архітэктуры і дызайне, прававой сістэме... Для кожнай сферы пытанне беларусізацыі будзе выглядаць па-рознаму, але ж будзе далёка пераўзыходзіць вузкі моўны аспект.

Для вышэйшай адукацыі, напрыклад, переасэнсаванне комплекса каштоўнасцей, на якіх грунтуецца сістэма адукацыі — гэта таксама беларусізацыя. Нельга папросту запазычыць архітэктуру еўрапейскай Балонскай сістэмы і на гэтым задаволіцца, трэба ствараць сучасныя формы адукацыі і рабіць яе лепшай у свеце. І калі мы так зробім, то гэта і будзе сапраўднай беларусізацыяй.

— Які сэнс укладваецца ў паняцце «беларусізацыя»? З чаго варта пачынаць вяртанне да нацыянальных каранёў?

— Пачынаць трэба са змены кірунку погляду: не вяртанне ў мінулае, а крок у будучыню. Нацыянальная традыцыя павінна пастаянна рэфлексавацца і развівацца, пераходзіць да жыцця, жыць у новых формах. У некаторых рэчах немагчыма апірацца на традыцыю, хутчэй трэба беларусізаваць, у пэўным сэнсе, каланізаваць і прысвоіць як свае новыя сучасныя практыкі. У некаторых аспектах мы, беларусы, знаходзімся перад выклікамі і задачамі, якія ніхто да нас у гісторыі не вырашаў. Той самы працэс дафармавання беларускай нацыі і нацыянальнай ідэнтычнасці не можа грунтавацца на звыклых падыходах эпохі мадэрну. Сучаснасць постмадэрнай эпохі і новыя формы сацыяльнасці, як бы мы да іх не ставіліся, размывае мадэрны нацыянальны коплекс: «этнас — мова — тэрыторыя — нацыянальная дзяржава». І гэта выклік, які патрабуе адэкванага адказу.

— Ці магчыма беларусізацыя за цяперашнім палітычным рэжымам?

— Цяперашні палітычны рэжым у краіне — гэта таксама выклік для беларусацыі. Гэты рэжым, відавочна, не адэкватны сучасным патрэбам развіцця краіны, ён замінае развіццю, спараджае крызісы і застой. І трэба беларусізаваць гэты рэжым, з несучаснага і небеларускага рэжыму зрабіць сучасны і беларускі, увесці адэкватныя часу беларускія формы арганізацыі палітычных адносін у краіне.

Ці ж не думаце вы, што гэта больш складаная задача, чым, напрыклад, рэформа навукі?!


Другие публикации