Адмыслоўцы гаварылі пра беларусізацыю

24.11.2013
Галіна Абакунчык, Радыё «Свабода»

«Беларусізацыя. Ці можна завяршыць працэс інстытуцыйнага будаўніцтва незалежнай дзяржавы?» — міжнародная канферэнцыя пад такою назваю прайшла ў нямецкім адукацыйным цэнтры ў Мінску. Форум быў арганізаваны Цэнтрам еўрапейскай трансфармацыі.

Праблема жыццядзейнасці нацыянальнай мовы — адна з найвастрэйшых у справе станаўлення і развіцця незалежнай Беларусі. Тэма прысутнасці беларускай мовы ў працэсах дзяржаўнага развіцця і сталася сярод асноўных у тэме канферэнцыі. Але не толькі яна, кажа адзін з удзельнікаў, метадолаг Уладзімір Мацкевіч:

«Моўныя пытанні не могуць быць вырашаны без шэрагу паралельных працэсаў, у якіх пытанне мовы можа набыць не ідэалагічны, а дзейны і практычны характар. Таму мы тут абмяркоўваем не моўнае пытанне як такое, а беларусізацыю як праграмны кампанент у шэрагу працэсаў. Гэта неабходна для таго, каб беларуская нацыя сталася гаспадаром тых працэсаў, якія адбываюцца на тэрыторыі, якую мы кантралюем».

Праблемнымі пытаннямі развіцця сваіх краін падчас канферэнцыі падзяліліся таксама прадстаўнікі Украіны, Расіі і Нямеччыны. Расійскі навуковец Уладзімір Каганскі адзначыў, што для Расійскай Федэрацыі больш актуальнае пытанне паслясавецкай спадчыны:

«Расію псуе тое, што яна занадта вялікая і моцная. І дагэтуль імперская спадчына не пераадолена. Імперыялісты не хочуць абмяркоўваць гэтую тэму, бо гэта для іх відавочная каштоўнасць. А лібнральныя дэмакраты не абмяркоўваюць імперыю, бо лічаць гэтую тэму неўкладальнай у іх ідэалагічную парадыгму. Таму тэма імперыі — практычна не абмяркоўваецца, яна правальваецца паміж апалагетамі і тымі, хто не прызнае гэтую тэму значнай».

Як паведаміў доктар культуралогіі з Украіны Уладзімір Нікіцін, Украіна таксама яшчэ не вырашыла ўсе праблемныя пытанні станаўлення сваёй дзяржаўнасці. Прыкладам таму — падзеі, якія адбыліся ў Кіеве напярэдадні, а менавіта — адмова ўкраінскага ураду ад падрыхтоўкі да ўступленьня дзяржавы ў Еўрасаюз.

Уладзімір Нікіцін: «Насамрэч, Украіне не трэба выбіраць паміж Расіяй і Еўрасаюзам, але чамусці яе ставяць у такія ўмовы. Таму трэба пабудаваць вельмі прагматычныя адносіны з Расіяй: адарвацца ад ідэі братэрства і перайсці да ідэі нармальнага суседзтва. Але і Еўрасаюз не павінен навязваць свае каштоўнасці і крытэрыі розных ацэнак для Украіны».

Дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў па завяршэнні форума падсумаваў ягоныя вынікі:

«Ад гэтай канферэнцыі нічога не палепшыцца заўтра. Але мысленне змяняе культуру, змяняе свет. І таму паўплывае на тое, як мы далей будзем мысліць і жыць. Адбываецца гэта не адразу і не зараз».

Радыё «Свабода»


Другие публикации