Размова шаснаццатая — пра тое, як адказваюць тэалогія, навука і філасофія на кантаўскія пытанні: «Што я магу ведаць?», «Што мушу рабіць?» і «На што магу спадзявацца?»
Уладзімір Мацкевіч: Час зразумець, што беларусы — людзі са сваім месцам у свеце
Досыць гукаць з пакалення ў пакаленне лозунг, што хочам людзьмі звацца. Трэба выхоўваць беларускае стаўленне да ўсяго, што мы робім. Філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч разважае пра беларусізацыю.
Хутчэй, гэта не развагі, а дэкларацыя беларусізацыі, як яе бачаць інтэлектуалы, што напрыканцы мінулага тыдня правялі адмысловую міжнародную канферэнцыю на гэтую тэму. Не сакрэт, што традыцыйна пад беларусізацыяй разумеецца адраджэнне мовы і бясконцая палеміка з тымі, хто на ёй не размаўляе. Кіраўнік Рады Міжнароднага кансорцыюма «ЕўраБеларусь» Уладзімір Мацкевіч распавёў Службе інфармацыі «ЕўраБеларусі» пра іншую беларусізацыю:
— Ведаеце, вось гэта звужанае ўяўленне пра беларусізацыю як толькі пра распаўсюджанне беларускай мовы замінае практыцы выхавання, камунікацыі, паразумення паміж людзьмі, адмыслоўцамі, якія займаюцца самымі рознымі рэчамі. Пераход сродкаў масавай інфармацыі на беларускую мову, шыльды, рэклама на мове — гэта ўсё добра, але ж ёсць нетэкставыя, нелексічныя элементы беларускасці. Выяўленчае мастацтва, архітэктура, вуліцы і г.д.
Паглядзіце, у 1990-я гады на постсавецкай прасторы, у тым ліку і ў Беларусі, пачалося рэлігійнае адраджэнне. Рэлігія пачала станавіцца нармальнаю з’яваю — яна ўжо не забараняецца, пачынаецца аднаўленне цэркваў, культавых будынкаў і будаўніцтва новых. І паглядзіце, што будуе праваслаўная царква — гэта цалкам не беларускія будынкі. Ці не трэба беларусізацыю распаўсюдзіць і на тое, што калі ўжо ствараюцца культавыя будынкі рознымі цэрквамі, то каб і каталікі, і праваслаўныя, і пратэстанты рабілі гэтыя будынкі ў беларускім стылі, у беларускай манеры. Ці калі ўжо гэта сучасныя стылі, сучасныя формы (як, напрыклад, зараз каталікі будуюць касцёлы сучаснымі архітэктурнымі рашэннямі), то каб яны былі неяк звязаны з традыцыяй, хоць бы намякалі на яе. Беларусізацыя тут відавочна неабходна.
Простыя рэчы
— Калі мы кажам пра харчаванне, пра тое, што ямо, то тут, зразумела, таксама ёсць беларускія традыцыі. У хлебе, у малацэ, у кілбасах і г.д. А ў нас што прадаецца? Кракаўская, маскоўская, крамлёўская кілбаса, хоць усе вельмі любяць — і за межамі Беларусі — менавіта пальцам пханую. Беларусізацыя харчовай прамысловасці патрэбна? Безумоўна.
Глядзіце, шыльда — няважна нават на якой мове, — але што там напісана: «Запчасткі для айчынных і іншаземных марак». Ну якія айчынныя, калі ніводнага легкавога аўтамабіля ў Беларусі не было і няма? Пра якую тады айчыну пішацца? Таму беларусізацыя павінна тычыцца мазгоў, так бы мовіць. І якую галіну не вазьміце, паўсюль неабходна беларусізацыя.
А мы зацыкліліся толькі на мове, гэта выклікае раздражненне тых, хто пакуль не хоча на ёй гаварыць, з другога боку, гэтае звужэнне не дае распаўсюдзіць беларусізацыю на іншае.
Таму інтэлектуалы і пачалі пра гэта гаварыць — менавіта, каб пашырыць рамкі, пашырыць межы, прастору і кантэкст беларусізацыі. Без гэтага немагчыма.
Там, дзе жывем
— Вось вы пераязджаеце дзяржаўную мяжу Беларусі, напрыклад, усходнюю, з Расіяй. Ці кідаецца ў вочы, што мы патрапілі ў іншую краіну? Гэта што да беларусізацыі нашай тэрыторыі. Ну там бардак, напрыклад, больш заўважны, дарогі дрэнныя, яшчэ нешта такое. Але ж не гэта адметнае. А вось калі мы пераязджаем беларуска-польскую мяжу — адразу бачна іншае, хаця нават і бардак там таксама ёсць, але ж формы ўладкавання вёсак, афармленне кавярняў — усё тут адмыслова польскае. То бок мы бачым польскасць, відавочную польскасць. А ці бачым мы беларускасць, калі едзем па Беларусі? Калі заплюшчыць вочы, пераязжаючы мяжу, потым адкрыць іх дзесьці ў цэнтры Беларусі, ці заўважым адразу, што мы ў Беларусі, а не, напрыклад, у паўночнай Украіне ці на Смаленшчыне? Я не пра тое, што трэба імкнуцца абавязкова вынаходзіць нейкія адрозненні ад суседзяў, хоць, думаю, гэта ўласціва кожнаму — мець адметныя рысы. Гэта ўласціва кожнай супольнасці і нацыі таксама. А ў нас адбываюцца проста дзве супрацьлеглыя рэчы, паміж якімі няма пэўнага пераходу. З аднаго боку, мы падкрэсліваем сваю тутэйшасць і непадобнасць на іншых, з другога, як толькі пачынаем нешта новае, то абавязкова запазычваем штосьці звонку, сціраючы тую самую адметнасць. І таму нашыя гарады падобныя на безліч гарадоў былога Савецкага Саюза, нашыя вёскі згубілі свой твар, згубілі хіба нават толькі з-за гэтых бетонных плотаў. Ну ці можна назваць бетонную гэтую агароджу плотам? Плот гэта ўсё ж нешта такое традыцыйна беларускае вясковае, альбо з дубцоў звязаны, альбо змайстраваны з дрэва. Плот ёсць плот, а вось гэтыя бетонныя пачвары, зробленыя сельскімі саветамі, гэта не тое, што робіць нас адметнымі, і гэта не тое, што спрыяе таму, каб людзі, асабліва новыя пакаленні, сказалі: «Вось гэта — маё, роднае. Маё, і да гэтага я захоўваю любоў».
Як мы захоўваем спадчыну? Як мы адбудоўваем старыя гарады і развіваем новыя? Як мы праводзім тыя самыя дажынкі і рэканструкцыі гарадоў? Паўсюль, куды ні кінь, нам патрэбна гэта самая беларусізацыя.
Што ж такое беларусізацыя
— А гэта значыць — думаць па-беларуску. Не толькі размаўляць — менавіта думаць па-беларуску. Думаць кожную маленечкую рэч, кожную адметнасць — менавіта як беларус. Балоты — гэта наша, дранікі — таксама, тэхніка, оптыка ваенная, БелАЗы, процьма ўсяго нашага. Пра ўсё гэта трэба дбаць, думаць, клапаціцца — менавіта па-беларуску. А значыць, трэба выхоўваць гэтае беларускае стаўленне, беларускія адносіны да ўсяго, што мы робім.
Пастка і як яе пазбегнуць
— І тут мы патрапляем яшчэ ў адну пастку. Пастку спалучэння ці супрацьстаяння глабалізацыі. Што робіць гэтая з’ява? Паўсюль транслюецца адна і тая ж музыка, паўсюль ідзе адзін і той жа прадукт у адным і тым жа дызайне, адно і тое ж адзенне. Глабалізацыя пранікае паўсюдна: ад побытавых да духоўных пластоў. Ведаеце, калі дзьме вельмі моцны вецер, то не варта пляваць супраць гэтага ветру. Глабалізацыя — гэта працэс, які мы не можам спыніць. А як жа спалучыць нашыя адметнасць ды беларускасць з глабалізацыяй? Як знайсці сваё месца беларусам у сучасным свеце? Не перыферыйна, правінцыйна, местачкова, каб мы зноў і зноў, пакаленне за пакаленне гукалі свой лозунг, што хочам людзьмі звацца. Давайце ўжо прызвычаімся да таго, што мы людзі і што нам патрэбна месца ў гэтым свеце, сваё адметнае месца. Не як барацьбітоў з гэтай глабалізацыяй, прымем яе як факт агульны для ўсіх краін свету. Але ж і ў гэтай глабалізацыі мусіць быць беларуская нота, беларускае адценне. І вось гэтае адценне ёсць тым, што палягае ў нашай рэфлексіі, прапрацоўцы, выбудоўцы і прад’яўленні ўсяму свету, Urbi et Orbi. Вось менавіта пра гэта ўсё і дбаюць інтэлектуалы на сённяшні дзень.
Другие публикации
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #4 (Видео)
1 июня беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел четвертый вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #3 (Видео)
28 мая беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел третий вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #2 (Видео)
25 мая беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел второй вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #1 (Видео)
21 мая беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел первый вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
Комментарии и дискуссии
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Размова шаснаццатая — пра тое, як адказваюць тэалогія, навука і філасофія на кантаўскія пытанні: «Што я магу ведаць?», «Што мушу рабіць?» і «На што магу спадзявацца?»