Беларусь—Еўрасаюз напярэдадні Віленскага саміта і на тле ўкраінскага чынніка

27.11.2013
Радыё «Свабода»

Падзеі ва Украіне моцна паўплывалі на кантэкст Віленскага саміта. З чым едзе ў Вільню дэлегацыя Беларусі? Як паварот ва ўкраінскай пазіцыі паўплывае на беларускую замежную палітыку? Ці знізіцца планка патрабаванняў Еўрасаюза да краін-членаў Усходняга партнёрства?

Удзельнікі праграмы «Экспертыза Свабоды»: палітычны аглядальнік Андрэй Фёдараў і аналітык Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Алёна Зуйкова. Вядучы праграмы: Валер Карбалевіч.

Андрэй Фёдараў

Алёна Зуйкова

Валер Карбалевіч

З чым едзе ў Вільню дэлегацыя Беларусі?

Валер Карбалевіч: Беларускую дэлегацыю на Саміце Усходняга партнёрства ўзначаліць міністр замежных спраў Уладзімір Макей. Хачу нагадаць, што два гады таму на Варшаўскім саміце Усходняга партнёрства Беларусь свядома панізіла ўзровень свайго прадстаўніцтва. Тады беларускую дэлегацыю ўзначаліў амбасадар Беларусі ў Польшчы. І беларуская дэлегацыя ўчыніла скандал, дэманстратыўна сышла з Саміта. Гэтым разам пазіцыя афіцыйнага Мінска памянялася? Скандалу не будзе?

Андрэй Фёдараў: Цяпер сітуацыя трохі іншая. У 2011 годзе няшмат часу прайшло з 19 снежня 2010 года, гэта быў перыяд жорсткага супрацьстаяння Беларусі з ЕС. Афіцыйнаму Мінску ад таго Саміта нічога чакаць не выпадала, таму ён і справакаваў скандал.

Цяпер сітуацыя трохі іншая. Беларускія ўлады трохі больш зацікаўлены ў размарожванні адносін з ЕС. З свайго боку, і Брусель прыпыніў візавыя санкцыі адносна міністра замежных спраў Беларусі Макея. Магчыма якраз у разліку на тое, што менавіта Макей будзе ўзначальваць беларускую дэлегацыю на Віленскім саміце.

Але рабіць рашучыя крокі насустрач бакі не гатовы. У пытанні з палітзняволенымі бакі не хочуць саступаць, каб не страціць твар. А Мінск не бачыць неабходнасці вызваляць палітвязняў.

Алёна Зуйкова: У пазіцыі Беларусі нічога не змянілася. Саміт у Вільні — не беларускі саміт. Там у цэнтры ўвагі будуць іншыя краіны. Думаю, з беларускага боку скандалу не будзе. Кіраўніцтва дэлегацыі Макеем ёсць вынік доўгіх узгадненняў паміж Мінскам і Бруселем.

Як паварот ва ўкраінскай пазіцыі паўплывае на беларускую замежную палітыку?

Валер Карбалевіч: Сэнсацыйнае рашэнне Украіны прыпыніць падпісанне дамовы аб асацыяцыі з ЕС у пэўным сэнсе мяняе геапалітычны расклад у рэгіёне. Як гэта паўплывае на адносіны ў трохкутніку Беларусь—Расія—Украіна? Як гэта адаб’ецца на Беларусі?

Андрэй Фёдараў: Шмат залежыць ад таго, якую пазіцыю зойме Украіна далей. Вось украінскае кіраўніцтва сцьвярджае, што падпісанне Дамовы аб асацыяцыі з ЕС прыпынена на кароткі час. Гэта адна сітуацыя.

Другі варыянт: Украіна будзе імкнуцца да далучэння да Мытнага саюза. Адбыўся шэраг сустрэч Януковіча з Пуціным. Масква нешта паабяцала Кіеву за прыпыненне падпісання Дамовы аб асацыяцыі з ЕС (зніжкі на газ, крэдыты і інш.). У гэтым выпадку, Расіі давядзецца траціць на дапамогу Украіне немалыя рэсурсы. А яшчэ ж трэба аказваць дапамогу іншым партнёрам па Мытным саюзе ці тым, хто збіраецца далучацца да яго. А эканамічны стан РФ цяпер не лепшы. З улікам таго, што Украіна мае для Масквы большае значэнне, чым Беларусь, пераразмеркаванне расійскай эканамічнай дапамогі будзе не на карысць Беларусі.

Валер Карбалевіч: Януковіч, які доўга маўчаў, нарэшце сёння выступіў з заявай, у якой падзякаваў мітынгоўцаў за грамадзянскую пазіцыю. То бок адразу ж зрабіў усіх людзей на Майдане сваімі саюзнікамі.

Алёна Зуйкова: Януковіч імкнецца знайсці прыхільнікаў з улікам таго, што ў 2015 годзе ў краіне будуць прэзідэнцкія выбары. Паварот Украіны у бок Расіі дае Маскве большую прастору для манёўра ў адносінах з Беларуссю. І значыць, больш магчымасці ціску на Мінск.

Праграма «Усходняе партнёрства», як і Палітыка суседзтва ЕС, грунтуецца на тых жа прынцыпах, што і палітыка пашырэння Еўрасаюза. То бок яна зыходзіць з таго, што краіны-партнёры зацікаўлены ў еўрапеізацыі і гатовы прыняць еўрапейскія стандарты. Аднак высветлілася, што ў нашым рэгіёне прынцып «большае за большае» не працуе. Што і прадэманстравала Украіна.

Як выратаваць Усходняе партнёрства?

Валер Карбалевіч: Спадарыня Зуйкова закранула важную тэму. Віленскі саміт планаваўся як форум дэманстрацыі поспеху праграмы ЕС «Усходняе партнёрства». Але вось спачатку Арменія дэманстратыўна павярнула ў бок Расіі. Цяпер Украіна прыпыняе працу па падпісанні Дамовы з ЕС аб асацыяцыі і стварэнні зоны вольнага гандлю. Толькі адна Малдова вытрымала планку патрабаванняў ЕС і, нібыта, падтрымлівае гэты працэс. Як збіраецца ЕС ратаваць гэты праект? Магчыма, панізіць планку патрабаванняў да партнёраў? То бок заплюшчыць вочы на палітзняволеных, правы чалавека і на першае месца высунуць геапалітыку?

Андрэй Фёдараў: На першы погляд такое рашэнне — знізіць планку патрабаванняў — было б лагічным. Але, думаю, ЕС на гэта не пойдзе, бо не зможа вынесці каштоўнасці за дужкі адносін з суседзямі.

Сапраўды, Віленскі саміт павінен быў прадэманстраваць прарыў, поспех праграмы «Усходняе партнёрства». А тут застаецца адна Малдова. Ды і там на мінулым тыдні быў шматлюдны мітынг супраць падпісання Дамовы аб асацыяцыі з ЕС. Таму і тут нельга казаць, што еўрапейскі шлях Малдовы канчаткова вызначаны.

Праблема ў тым, што краіны, якія ставілі задачу далучыцца да ЕС (краіны Цэнтральнай Еўропы, Балтыі), гатовы былі да ахвяр. Былі вялікія стымулы.

А да еўрапеізацыі краін-членаў Усходняга партнёрства не гатовы ні ўрады, ні грамадствы гэтых краін. А ЕС не можа траціць вялікія рэсурсы на гэтую праграму. Бо эканамічны стан еўрапейскіх краін не лепшы. І грамадства гэтых краін не даруе палітыкам, калі грошы падаткаплацельшчыкаў будуць траціцца на падтрымку ўдзельнікаў праграмы «Усходняе партнёрства». Таму тут з двух бакоў ёсць абмежаванні.

Крыж на праграме «Усходняе партнёрства» ставіць не варта. Усё ж пэўныя дасягненні ёсць. У адпаведнасці з патрабаваннямі ЕС, Украіна часткова змяніла заканадаўства. Трэба, мусіць, унесці карэктывы ў тэмпы рэформ у краінах-партнёрах.

Алёна Зуйкова: Вынесці пытанне дэмакратыі і правоў чалавека за дужкі не атрымаецца. Кіроўныя органы ЕС — гэта не гамагенныя структуры. Там існуюць тры інстытуцыі. А ў парламенце існуюць розныя фракцыі, і радыкальныя рашэнні там не пройдуць. Там шмат палітыкаў, для якіх пытанне каштоўнасцей — не прадмет дыскусій.

Каб уратаваць праграму «Усходняе партнёрства», трэба карэнным чынам змяніць падыходы да краін нашага рэгіёну. Дасюль ЕС ладзіць адносіны з урадамі гэтых краін. Але гэта не актуальны трэнд. Трэба развіваць адносіны з недзяржаўнымі арганізацыямі, з грамадзянскай супольнасцю, з парламентамі (дзе яны незалежныя ад выканаўчай улады). Трэба змяніць палітыку, пабудаваную на прынцыпе «большае за большае», у палітыку як чыннік перамен у нашых краінах.


Другие публикации