Приглашаем всех желающих заглянуть в ближайшее будущее Беларуси и обсудить перспективы развития страны, которые с высокой степенью вероятности развернутся перед нами уже в следующем году.
Кампанія «1863»: ад гісторыі да грамадзянскасці (Фота)
Міжнародны кансорцыум «ЕўраБеларусь» падвёў вынікі грамадскай культурна-гістарычнай кампаніі «1863», прысвечанай 150-годдзю паўстання Кастуся Каліноўскага.
Кампанія «1863» была адмыслова абвешчаная Радай «ЕўраБеларусі» як асобны накірунак дзейнасці ў межах праграмы на 2013 год. Дзейнасць кампаніі «1863» разгортвалася ў вельмі розных фарматах, у выніку чаго да яе на працягу года далучаліся беларускія даследчыкі, гісторыкі і іншыя спецыялісты ў справе распрацоўкі экскурсій, рэканструкцыі гістарычных строяў, мастакі, літаратары, музыкі.
15 снежня актывісты кампаніі ацэньвалі супольную працу ў Мінску. На канферэнцыі былі прадстаўлены як нематэрыяльныя вынікі — экскурсійныя маршруты, смыковая музыка шляхецкіх падвор'яў, аналіз праектаў, што адбыліся цягам году, так і друкаваная прадукцыя — комікс «Пра Кастуся», кніга Генадзя Кісялёва «Смак беларушчыны», матэрыялы па экскурсіям, рэканструяваныя строі паўстанцаў 1863-64 гадоў.
У каментары Службе інфармацыі «ЕўраБеларусі» старшыня кансорцыюму Улад Вялічка падкрэсліў, што прапаноўвае ставіцца да гэтай кампаніі больш «не як да гістарычнага, а як да грамадзянскага праекта». «Прасцей за ўсё разглядаць паўстанне ў такім вось культурніцка-гістарычным ракурсе. Але паўстанцы былі найперш, грамадзянскімі героямі, якіх вельмі не стае зараз Беларусі», — зазначыў Вялічка.
Ён патлумачыў, што ідэя кампаніі «1863» з'явілася падчас падрыхтоўкі праграмы супрацоўніцтва «ЕўраБеларусі» з беларускімі грамадскімі арганізацыямі: «высветлілася, што шэраг з іх на гэты год плануе мерапрыемствы, прысвечаныя 150-годдзю паўстання».
— І мы вырашылі, што не проста хочам зрабіць нешта з кожнай арганізацыяй паасобку, а хочам паспрабаваць «упакаваць» гэтыя праекты ў доўгатэрміновую кампанію. То бок не проста 4-5 дробненькіх праекцікаў у розных рэгіёнах Беларусі, а вырашылі зрабіць гэта больш гучна. Другая ідэя палягала ў тым, каб пайсці трошкі далей за фігуру Кастуся Каліноўскага — ён, канешне, галоўная фігура і сімвал паўстання, але ў розных рэгіёнах Беларусі былі і свае героі кампаніі. Пра якіх, на жаль, людзі ведаюць мала. Менавіта таму мы вырашылі падтрымаць такія ініцыятывы як Мілавідскі фэст у Баранавічах, ці распрацоўку экскурсійных маршрутаў па Вілейшчыне і Слонімшчыне, дзе ёсць імёны гэтых людзей, якія стаялі разам з Кастусём Каліноўскім. Так што для нас, «ЕўраБеларусі», гэта такая зона развіцця, і я вельмі рады гэтаму праекту — ён надае нейкую такую жыццёвую жылу, гэта не проста абстрактныя размовы пра грамадзянскасць, тут вельмі добра праводзяцца паралелі з нашай сучаснасцю.
Кампанія «1863» мае і відавочныя ўжо на сёння вынікі: «у супрацоўніцтве з Баранавіцкім ТБМ быў праведзены Мілавідскі фэст, вялікая і цікавая імпрэза; дасканала распрацаваныя два экскурсійныя маршруты, што ўвайшлі ў каталог Нацыянальнай агенцыі па турызму — не проста сухая гісторыя, а спроба данесці да нас тыя падзеі праз асобаў, што жылі і змагаліся менавіта ў гэтых рэгіёнах».
— З'явілася некалькі друкаваных прадуктаў — абсалютна разнастайных. Ад кніжкі «Смак беларушчыны», якая мае характар навуковы, даследчы, да коміксу пра Кастуся Каліноўскага, скіраванага перш за ўсё да падлеткаў, спроба данесці такой мовай гістарычны матэрыял. Рэканструкцыя строяў паўстанцаў — гэта будзе, безумоўна, уяўляць інтарэс для этнографаў, з другога боку, гэта было вельмі прывабнай «морквачкай» для наведвання розных імпрэзаў кампаніі «1863».
Што да неакрэсленай, двухсэнсоўнай ці нават варожай пазіцыі чыноўнікаў да паўстання 1863 году, то, мяркуе Улад Вялічка, «постаць Кастуся Каліноўскага і ўвогуле матэрыял гэтага паўстання — гэта пратэстны матэрыял».
— Гэта фактычна падкрэслівае пратэстны патэнцыял беларускага грамадства супраць пэўных тэндэнцый, парадкаў, якія не прыжываліся на гэтай зямлі. І таму, канешне, гэта вельмі супярэчліва для сучаснай беларускай дзяржавы. З аднаго боку, немагчыма выкрасліць паўстанне з гістарычнага кантэксту (нават у савецкі час Кастусь Каліноўскі падаваўся як пазітыўная фігура, рэвалюцыянер — тым больш, там сапраўды быў рэвалюцыйны складнік, не толькі шляхецкі), з другога боку, гэта небяспечна, бо ўшаноўваць Каліноўскага — значыць, падкрэсліваць герояў, якія не ў сучасным дзяржаўным трэндзе, не лаяльныя, ідуць супраць плыні і г.д. Паглядзіце, ці шмат у нас такіх герояў у сучасных падручніках гісторыі? Сваіх герояў, бо казаць пра кагосьці там, далёка — чаму б і не, а пра сваіх — іншая справа. Гэта стаўленне дзяржавы такога ж кшталту як і да Курапатаў. Гэта проста страх. Страх падымаць нейкую тэму, якая можа падштурхнуць, справакаваць людзей на разуменне, на нейкае супрацьдзеянне.
Васіль Грынь, куратар кампаніі «1863», падкрэслівае, што яе галоўнай мэтай было «асэнсаванне ролі гэтага паўстання ў нашым сённяшнім жыцці; разуменне і рабленне правільных, уласна беларускіх высноваў наконт таго, што для нас азначалі, азначаюць і будуць надалей азначаць гэтыя падзеі».
— Лічу, што перадача гэтай памяці далей, нашым дзецям, унукам мае выключнае значэнне, бо, нягледзячы на фактычную паразу паўстання на той час, яно стала пачаткам палітычнай незалежнасці нашай краіны, — зазначыў Васіль Грынь. — Калі тут, у Беларусі, дапускаць праявы непрафесійнай, заангажаванай, неабгрунтаванай крытыкі і шэльмавання тых падзей і гістарычных асоб паўстання, то гэта можна назваць ідэалагічным пілаваннем сука, нават цэлага камля дзяржаўнасці нашай. Падкрэслю, Каліноўскі, ягоныя паплечнікі, паўстанне — усё гэта дало пачатак тым палітычным працэсам, што скончыліся напрыканцы XX стагоддзя здабыццём незалежнасці. Тыя людзі, якія склалі галовы падчас змагання за Радзіму, якія высылаліся і гінулі ў Сібіры, заслугоўваюць у незалежнай Беларусі вечнай памяці.
Другие публикации
-
9 ноября в Минске — лекция и дискуссия «Человек и его границы: этическое усилие и культура»
В первый день работы форума о человеке, медицине и технологиях «Homo (Im)Perfectus» в минском Культ. центре «Корпус» философ и методолог Владимир Мацкевич выступит с открытой лекцией.
-
Новый онлайн-курс Летучего университета: «УНОВИС: витебская история мировой культуры»
На Дистанционной платформе Летучего университета появился новый курс, посвященный авангардному художественному объединению УНОВИС.
-
9-12 лістапада — Форум пра чалавека, медыцыну і тэхналогіі «Homo (Im)Perfectus: дзе пралягае мяжа?»
9-12 лістапада ў Мінску пройдзе форум пра чалавека, медыцыну і тэхналогіі «Homo (Im)Perfectus» — падзея аб тым, як біятэхналогіі змяняюць чалавека, культуру, грамадскія адносіны, сацыяльныя і этычныя нормы.
-
А1 и Летучий университет запускают курс про УНОВИС онлайн и на VOKA
В поддержку проекта #UNOVIS100 компания А1 и образовательная медиаплатформа «Летучий университет» подготовили бесплатный онлайн-курс «УНОВИС: витебская история мировой культуры».
Комментарии и дискуссии
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Размова шаснаццатая — пра тое, як адказваюць тэалогія, навука і філасофія на кантаўскія пытанні: «Што я магу ведаць?», «Што мушу рабіць?» і «На што магу спадзявацца?»