Штогадовая канферэнцыя Лятучага ўніверсітэта: запрашэнне да ўдзелу

06.01.2014
Лятучы ўніверсітэт

7-8 лютага 2014 года Лятучы ўніверсітэт супольна з Міжнародным кансорцыюмам «ЕўраБеларусь» праводзяць штогадовую зімовую ўніверсітэтскую канферэнцыю.

Сёлятняя канферэнцыя праводзіцца на новым этапе існавання Лятучага ўніверсітэта, на якім перад намі паўстаюць новыя выклікі. Усведамленне сутнасці і зместу новага этапа існавання Лятучага ўніверсітэта, асэнсаванне паўстаючых выклікаў складаюць практычную актуальнасць сфармуляванай тэмы канферэнцыі:

«Пачатак і існаванне: спосабы вызначэння і спосаб дзеяння. Анталагічныя, экзістанцыйныя, гістарычныя і праграмныя аспекты».

Пытанне «Калі пачынае існаваць тое, што існуе?» з асаблівай вастрынёй вярэзіць нас, калі мы звяртаемся да такіх з’яў як «універсітэт», «горад», «супольнасць», «нацыя», «культура». Шмат якія рашэнні і прапановы, якія паўставалі ў нашых абмеркаваннях і практычных дзеяннях у апошнія гады, крытыкаваліся і абвяргаліся менавіта праз зварот да пытання існавання і існасці гэтых з’яў. Вызначэнне статуса існавання тых з’яў, якія цяжка намацаць эмпірычна, але якія задаюць сэнс і накіраванасць нашым дзеянням і жыццю, становіцца праблемай на шляху супольнай дзейнасці і паразумення.

Гісторыя, паліталогія, педагогіка, філасофія — кожная дысцыпліна па-свойму вырашае гэту праблему. Культурныя, грамадскія і палітычныя дзеячы даюць свае адказы. Але ні адну з гэтых з’яў немагчыма «пакласці» у асобную дысцыпліну. І калі мы намагаемся рабіць нешта супольна, то спосабы рашэння гэтага пытання могуць стаць карыснымі для такой справы.

Гэтая канферэнцыя нацэлена на тое, каб знайсці паразуменне ў розных падыходах да праблемы існавання і пачатку. Гэта дапаможа далей прасунуцца ў справах развіцця не толькі Лятучага ўніверсітэта, але і ў іншых супольных грамадскіх і культурных намаганнях.

Праграма канферэнцыі прадугледжвае:

Пленарнае паседжанне: «Праблемы пачатку быцця і існавання з’яў і працэсаў у філасофіі, метадалогіі і канкрэтных навуках». Плануецца 4 пленарныя даклады.

На падставе праблем, узнятых і разгорнутых у гэтых дакладах, будуць разварочвацца абмеркаванні і дыскусіі па секцыях:

  • Філасофска-метадалагічная секцыя (анталогія і экзістэнцыя);
  • Гісторыка-паліталагічная секцыя (праблемы вызначэння эпох, перыядаў, пачатку і канца праграм і працэсаў);
  • Педагагічна-сацыялагічная секцыя (універітэт, супольнасці, студэнт-выпускнік);
  • Праектна-метадалагічная секцыя (праекты розных тыпаў, праграмы развіцця);
  • Практычная секцыя Лятучага ўніверсітэта.

Агульнае абмеркаванне па выніках працы ў секцыях: «Пачатак (בְּרֵאשִׁית [Берэшыт], Arche): Як пачынае быць тое, што пачынае быць?»

Калі вы зацікаўлены ва ўдзеле ў канферэнцыі, дашліце заяўку да 16 студзеня 2014 года на адрас электроннай пошты: [email protected] з наступнымі звесткамі:

  1. Імя і прозвішча;
  2. Месца працы ці вучобы;
  3. Мэты, матывы, а таксама ці патрэбы да ўдзелу канферэнцыі;
  4. Секцыя, у працы якой вы збіраецеся ўдзельнічаць.

Колькасць удзельнікаў канферэнцыі абмежаваная і Арганізацыйны камітэт пакідае за сабой права адбору ўдзельнікаў, паводле «мэтаў і матываціі ўдзелу».

Па ўсіх арганізацыйных пытаннях, калі ласка, звяртайцеся да Юліі Галіноўскай па нумары тэлефона: (+375 29) 7422040.


Другие публикации