«Urbi et Orbi» у Магілёве: Андрэй Ягораў

21.01.2014
Лятучы ўніверсітэт

25 студзеня 2014 года Лятучы ўніверсітэт і Міжнародны кансорцыюм «ЕўраБеларусь» ладзяць у Магілёве публічную лекцыю з цыкла «Urbi et Orbi». Перад магілёўскімі слухачамі выступіць палітолаг Андрэй Ягораў.

Сёння і ў свеце, і ў Беларусі прадукуецца шмат спецыфічнай інтэлектуальнай прадукцыі, што носіць назву аналітычнай веды. Аналітычная публіцыстыка, экспертныя меркаванні, палітычныя і эканамічныя агляды, спецыяльныя даследаванні і дакументы, што накіраваныя на падтрымку прыняцця рашэнняў ды шмат чаго іншага, даступныя сёння шырокаму колу чытачоў. Увесь гэты стос інтэлектуальна насычаных тэкстаў нясе нам безліч новай веды. Веды абмежаванай, неаб’ектыўнай і кантэкстуальнай... Але ў той жа час веды практычнай і неабходнай, калі ўмець ёй правільная карыстацца.

25 студзеня 2014 года ў межах магілёўскага цыкла публічных лекцый «UrbietOrbi», які ладзяць Лятучы ўніверсітэт і Міжнародны кансорцыюм «ЕўраБеларусь», новаабраны нацыянальны каардынатар Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства па Беларусі, дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, палітолаг Андрэй Ягораў запрашае слухачоў да супольных разважанняў на тэму: «Што і як мы можам ведаць пра Беларусь? Альбо пра падставы аналітыкі». Гэта лекцыя пра аналітыку «правільную» і «няправільную», аналітычную веду «тут і цяпер», правілы аперавання з аналітыкай, яе стварэнне, чытанне і выкарыстанне, а таксама пра неабходнае памнажэнне сутнасцей і тое, як выжыць з заўседы абмежаванай ведай у мностве сусветаў.

Публічная лекцыя Андрэя Ягорава «Што і як мы можам ведаць пра Беларусь? Альбо пра падставы аналітыкі» адбудзецца 25 студзеня 2014 года па адрасе: г. Магілёў, вул. Чкалава, 16 («Кола сяброў»). Пачатак у 15.00. Уваход вольны!

Звяртаем увагу, што ў наступны дзень, 26 студзеня, арганізатары запрашаюць усіх жадаючых на абмеркаванне лекцыі. Гэта мажлівасць у больш свабоднай атмасферы звярнуцца да зместу лекцыі, задаць тыя пытанні, якія па нейкіх прычынах складана было агучыць на лекцыі, падзяліцца сваімі ўражаннямі і думкамі. Абмеркаванне адбудзецца па тым жа адрасе. Пачатак у 11.00.


Другие публикации