Размова шаснаццатая — пра тое, як адказваюць тэалогія, навука і філасофія на кантаўскія пытанні: «Што я магу ведаць?», «Што мушу рабіць?» і «На што магу спадзявацца?»
«Расіі патрэбна разбурэнне дзяржаўнасці і эканомікі Украіны цалкам»
Якія наступствы для Расіі і для сітуацыі ў рэгіёне можна прадбачыць у выніку з’яўлення расійскіх войск на тэрыторыі Крыма? Ці імкнецца Крэмль да поўнамаштабнага канфлікту або проста паляпшае свае пазіцыі ў супрацьстаянні з новымі ўладамі Кіева? Якую пазіцыю зойме беларускае кіраўніцтва ва ўмовах нарастання напружання паміж Расіяй ды Украінай?
На гэтыя пытанні адказваюць з Масквы — дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных дачыненняў Кірыл Коктыш, і з Мінска — кіраўнік Рады Міжнароднага кансорцыюма «ЕўраБеларусь» Уладзімір Мацкевіч.
Віталь Цыганкоў: Якія наступствы для Расіі і ўсяго рэгіёна вы бачыце ў выніку ўварвання расійскіх войск на тэрыторыю Крыма? Як зменіцца стаўленне да Расіі ў свеце, што можа адбыцца ў расійска-украінскіх дачыненнях?
Кірыл Коктыш: На сёння пакуль абыходзіцца без прамых збройных сутыкненняў, і пачуццё меры не здрадзіла расійскаму кіраўніцтву. Пакуль так — мы маем вялікія шанцы, што ўсё гэтае становішча пройдзе недзе «на мяжы» і не зваліцца ў сцэнары, жудасныя для Расіі і постсавецкай прасторы.
Бо калі дойдзе да ваенных сутыкненняў паміж расійцамі і ўкраінцамі, то можна сказаць, што ўся СНД проста кінецца ад Расіі. Гэта будзе першае відавочнае наступства. Па-другое, гуманітарная катастрофа, якая пачнецца ва Украіне, ляжа цяжкім грузам найперш на Расію і Нямеччыну — дзве краіны ў рэгіёне, якія маюць нейкія грошы.
Але ж калі канфлікт застанецца «на мяжы», то Расія можа вельмі шмат выйграць. Бо пакуль існуе стан нявызначанасці з Крымам, немагчыма правесці прэзідэнцкія выбары ва Украіне. Гэта значыць, што цяперашняя ўкраінская ўлада так і застанецца боўтацца — рэвалюцыя спынілася, але так і не ператварылася ў дзяржаву.
Віталь Цыганкоў: Кірыл, а як наконт падзення расейскіх акцый толькі за адзін дзень на 10 працэнта — гэта вы не лічыце заканамернымі наступствамі крызісу?
Кірыл Коктыш: Гэта пакуль толькі біржавая гульня, гэта тое, што можа адыграцца назад. Бо пакуль гэта рэакцыя на нявызначанасць. Вядома, калі пяройдзе да збройных сутыкненняў, то расійскае грамадства будзе першае супраць. Бо гэта нікога не задаволіць, будзе дэманстрацыяй няздольнасці Расіі трымаць СНД і гэтак далей. Але пакуль сітуацыя застаецца на мяжы, то гэта можа застацца такім спекулянцкім усплёскам, які можа вярнуцца на ранейшыя пазіцыі.
Віталь Цыганкоў: Кірыл, давайце ўдакладнім яшчэ адзін ваш тэзіс. Вы сказалі, што «пачуццё меры не здрадзіла расійскаму кіраўніцтву». Дэ-факта расійскія войскі ўвайшлі ў Крым. Тое, што там няма збройных сутыкненняў, — гэта, перш за ўсё, на думку многіх, дзякуючы вытрымцы ўкраінскага боку...
Кірыл Коктыш: Альбо вытрымка, альбо няздольнасць адказаць. Па-другое, існуе няпэўнасць, ці гэта новыя войскі, ці гэта часткі Чарнаморскага флота Расіі. Калі насамрэч увайшлі нейкія дадатковыя часткі з Расіі, то гэта, вядома, зусім іншая справа. Але афіцыйна пакуль ніякага руху войск няма, і ў Крыме знаходзіцца кантынгент, які там і знаходзіўся. Так што пакуль сітуацыя ў такім стане, які можна адыграць назад — пакуль не пачалася бойка. Бо калі пачынаецца бойка, спыняецца, і ўсім давядзецца за бойку плаціць, і плаціць шмат.
Уладзімір Мацкевіч: Сітуацыя насамрэч выглядае такім чынам. Узброеныя людзі, якія знаходзяцца цяпер у Крыме і блакуюць украінскія вайсковыя часткі, не носяць ніякіх знакаў прыналежнасці да расійскай арміі. Гэта значыць, гэтыя людзі — бандыты. І гэта значыць, з імі можна паступаць як з бандытамі.
Але калі б забілі хоць аднаго з гэтых людзей, то Расія б пачала енчыць, што нарэшце забілі расійскага грамадзяніна. Бо пакуль ніякіх забойстваў, гвалтаў супраць расійскіх грамадзян ці нават этнічных рускіх — грамадзян Украіны не было. Адпаведна, няма ніякіх фактычных падстаў для ўводу войск ці нейкіх аперацый іншай дзяржавы на тэрыторыі Украіны.
У выніку, гэтая сітуацыя знаходзіцца па-за межамі прававога поля. Тым самым Расія паставіла сябе ў становішча, калі яна не можа лічыцца прававой дзяржавай. Бо яна не выконвае самых элементарных прынцыпаў міждзяржаўных паводзін. І, у гэтым сэнсе, тое, што адбываецца цяпер у Крыме, цалкам дэнансуе АДКБ, усе дамовы ў межах СНД. Каб Расія не была ядзернай дзяржавай, не мела такой ваеннай моцы, такіх эканамічных стасункаў з заходнімі дзяржавамі, то да яе б ставіліся зусім інакш. Бо калі пачаць аперацыю па спыненні гэтага бандытызму, то проста пачнецца Трэцяя сусветная вайна.
Віталь Цыганкоў: Кірыл, як суседзі Расеі па СНД могуць рэагаваць на цяперашнія падзеі ў Крыме? Напрыклад, Казахстан мае шмат расейскамоўнага насельніцтва. Ці не павінен ён задумацца пра тыя матывы, якімі апраўдвае свае дзеяньні расейскае кіраўніцтва? І як павінна і можа рэагаваць кіраўніцтва Беларусі на ўсё гэта?
Кірыл Коктыш Па-першае, тут ёсць прававая пастка, якую цалкам выкарыстоўвае расійскае кіраўніцтва. Бо ўкраінскай дзяржавы, якая б магла дэклараваць прымат міжнароднага права, на сёння не існуе. Яна прыпыніла існаванне, пасля таго як быў скінуты Януковіч. Рэвалюцыя, якая адбылася, дзяржавай пакуль не з’яўляецца і да выбараў з’яўляцца не будзе. І ўзнікае пытанне: а хто з’яўляецца ўкраінскім суб’ектам, з кім магчыма размаўляць? І юрыдычна дзеянні Расіі — гэта не дзеянні ў дачыненні да ўкраінскай дзяржавы.
Віталь Цыганкоў: Кірыл, але хіба гэтая «пастка» не існуе толькі ў галовах расійскага кіраўніцтва? Увесь свет прызнаў змены ва Украіне і ўспрымае новае кіраўніцтва краіны як легітымнае.
Кірыл Коктыш: Не зусім так. Калі паглядзець і на рэакцыю Меркель і на некаторыя астатнія рэчы... Апошнія легітымныя дамоўленасці, якія былі падпісаныя, — гэта 21 лютага, з удзелам Януковіча і еўрапейскіх міністраў. Я не кажу, што я гэта апраўдваю (расійскую пазыцыю), я проста паказваю, як гэта працуе і на чым грунтуецца.
Мне здаецца, што астатнія краіны СНД пакуль будуць чакаць. Бо сітуацыя можа павярнуцца на адзін бок — катастрафічны, а можа і ўтрымацца. У першым выпадку — ад СНД мала што застанецца, і ўсе выгоды, якія Расія можа атрымаць, будуць абнуленыя тымі стратамі, якія панясе Масква. З другога боку — я лічу, што Расія імкнецца захаваць Украіну як цэласную дзяржаву, яна не збіраецца яе дзяліць. І дзеянні Масквы — гэта проста перамоўны шантаж, каб Кіеў асэнсаваў узровень уласнай слабасці.
Уладзімір Мацкевіч: Я катэгарычна не пагаджаюся з Кірылам па большасці пазіцый. Што тычыцца прававой пасткі, то яна сапраўды ёсць. Але выкліканая яна тым, што Януковіч збег з краіны і тым самым паставіў Украіну ў асаблівую сітуацыю, бо там не было дастаткова заканадаўчай базы для такіх выпадкаў. Але ж Януковіч сам падпісаў тую дамову (якую, дарэчы, не падпісаў прадстаўнік Расіі Лукін), а потым збег з краіны і фактычна адхіліўся ад выканання сваіх прэзідэнцкіх абавязкаў. Дэ-факта цяпер легітымная Вярхоўная Рада прыняла на сябе ўсю паўнату ўлады ў краіне да наступных прэзідэнцкіх выбараў.
Дарэчы, у Беларусі няма ані легітымнага прэзідэнта, ані легітымнага парламента. І, тым не менш, Расія вядзе з беларускім рэжымам цалкам іншую палітыку.
Думаю, што сёння Расія не мае тэрытарыяльных прэтэнзій да Украіны. Па вялікім рахунку, нават Крым ёй не патрэбны. Ёй патрэбна разбурэнне дзяржаўнасці і эканомікі Украіны цалкам. Каб потым на падставе хаосу і разбурэння ўвесці знешняе кіраванне, адчыніць усе магчымыя міжнародныя, а таксама расійскія бюджэтныя лініі для адбудовы гаспадаркі і дзяржавы ва Украіне, і потым раскрасці гэтыя патокі.
Што да Беларусі, то для яе такі канфлікт цалкам нявыгадны. Таму не думаю, што Лукашэнка падтрымае гэтыя расійскія намеры, тым больш, што ён не можа спадзявацца, што ў гэтых планах па рабаванні бюджэтных сродкаў Беларусь будзе мець нейкую долю. Таму Лукашэнка будзе стрымана рэагаваць. Не прызнае анексіі Крыма, калі яна будзе, не прызнае законнасці расійскіх дзеянняў ва Украіне.
Радыё «Свабода»
Другие публикации
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #4 (Видео)
1 июня беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел четвертый вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #3 (Видео)
28 мая беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел третий вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #2 (Видео)
25 мая беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел второй вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #1 (Видео)
21 мая беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел первый вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
Комментарии и дискуссии
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Размова шаснаццатая — пра тое, як адказваюць тэалогія, навука і філасофія на кантаўскія пытанні: «Што я магу ведаць?», «Што мушу рабіць?» і «На што магу спадзявацца?»