Уладзімір Мацкевіч: Трэба прызнаць, што Пуцін не да канца звар’яцеў

08.05.2014
Віталь Цыганкоў, Радыё «Свабода»

Прэзідэнт Расіі Уладзімер Пуцін заклікаў сепаратыстаў ва Усходняй Украіне адкласці рэферэндумы пра самавызначэнне, запланаваныя на 11 траўня.

Акрамя гэтага, Пуцін паведаміў, што Расія адвяла войскі ад украінскай мяжы. Чым можна патлумачыць апошнія заявы кіраўніка Расіі? Ці можна лічыць, што Крэмль канчаткова вырашыў пайсці на дээскалацыю канфлікта, ці гэта толькі хітры манёўр? На гэтыя пытанні адказвае кіраўнік Рады Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь» Уладзімір Мацкевіч.

Віталь Цыганкоў: Заявы Пуціна ўжо ацэньваюцца як сенсацыйныя. Што магло паўплываць на пазіцыю кіраўніка Расіі? Ці заходнія санкцыі дасягнулі такога ўзроўню, ці дзеянні ўкраінскіх сілавікоў — чаму Пуцін (на думку многіх) даў задні ход?

Уладзімір Мацкевіч: Па-першае, гэтага варта было чакаць, бо дзеянні сусветнай супольнасці дарма не праходзяць. Рана ці позна гэта павінна было адбыцца, і добра, што гэта адбылося без канчатковай эскалацыі ваеннага канфлікта.

Па-другое, гэтымі сваімі словамі Пуцін ускосна прызнаецца, што ён пэўным чынам кіруе (можа, не да канца яго кантралюючы) гэтым так званым сепаратысцкім рухам. На самой справе, ён хутчэй здрадніцкі, бо сепаратысты выступаюць за незалежнасць, а не за далучэнне да іншай дзяржавы. А тут ужо людзі, якія працуюць на анексію.

Што выклікала? Відаць, трэба прызнаць, што Пуцін не да канца звар’яцеў і можа неяк прагназаваць вынікі сваіх дзеянняў. Бо тыя дзеянні, няхай сабе асцярожныя і не вельмі рашучыя, з боку ЗША і Еўрасаюза вядуць да вельмі кепскіх вынікаў для Расіі. І таму Пуцін вырашыў адступіць. Але гэта зусім не значыць, што ён адмовіўся ад сваіх мэт.

— За апошнія месяцы палітыка Расіі выклікае столькі недаверу і ў суседзей, і ўва ўсёй міжнароднай супольнасці, што кожны крок Масквы разглядаецца і з гэтага гледзішча. Ці можа быць гэты манёўр Пуціна нейкім часовым адступленнем, каб потым «ударыць з новай сілай»?

— Цалкам можа быць. Тут усё можа атрымацца больш складана. У тым сэнсе, што Пуцін, ініцыяваўшы «сепаратысцкі рух» ва Украіне праз сваіх агентаў, у пэўны час страціў кантроль за гэтым працэсам. Там ужо пайшла пэўная самадзейнасць гэтых груповак. І гэта ставіць пад сумнеў дасягненне ягоных уласных мэт. А калі ўстае такая пагроза, то даводзіцца перапыніць дзейнасць, каб перагрупавацца.

Радыё «Свабода»


Другие публикации