Таццяна Вадалажская: Лятучы ўніверсітэт — ад прасоўвання ідэі да этапа фармавання падмуркаў

09.06.2014
Алена Барэль, Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі»

Навуковыя вандроўкі і канферэнцыі, публічныя лекцыі і летнікі — у грамадскай свядомасці беларусаў усё гэта ўжо звязана з Лятучым універсітэтам.

Навуковыя вандроўкі і канферэнцыі, публічныя лекцыі і летнікі — у грамадскай свядомасці беларусаў усё гэта ўжо звязана з Лятучым універсітэтам.

Завершаны чарговы сезон лекцый Лятучага ўніверсітэта. Амаль за тры гады ў межах цыкла публічных лекцый «Urbi et Orbi» («Гораду і Свету») ўсяго ладзілася больш за 50 лекцый выбітных беларускіх навукоўцаў і дзеячоў.

Пра тое, чым быў цікавы мінулы вучэбны год, што ўдалося рэалізаваць, а што яшчэ чакае наперадзе, карэспандэнт Службы інфармацыі «ЕўраБеларусі» пагутарыла з арганізатарам навуковых імпрэз —каардынатарам Лятучага ўніверсітэту Таццянай Вадалажскай.

— Таццяна, якія вынікі прынёс гэты сезон? Чым ён адметны?

— Гэты сезон, як мне падаецца, быў такім пераходам ад нейкага этапа прасоўвання ідэі да этапа фармавання падмуркаў — такой больш-менш сістэматычнай, рэгулярнай працы. Мяне цешыць тое, што ў гэтым сезоне ў нас было фактычна некалькі форм працы, якія набылі сваi аўтарытэт і грунтоўнасць: перш за ўсё, канферэнцыі Лятучага ўніверсітэту, летнік, які адбудзецца ў хуткім часе, праектная сесія — такая форма нашай супольнай працы над развіццём універсітэта.

Усё гэта дае падставу думаць, што мы перайшлі ў стадыю грунтоўнай працы, склалася больш-менш зразумелае кола людзей, якое ўжо асацыюе сябе з Лятучым універсітэтам. Яно разумее і думае пра тое, як развіваць універсітэт, спрабуе засвоіць яго ідэі, рамкі і падыходы, якія мы прапаноўвалі некалькі гадоў.

— Ці ўдалося ажыццявіць усё запланаванае ў гэтым вучэбным годзе?

— Даволі цяжка адказаць адназначна. Фактычна ўсё, што было запланавана датычна мерапрыемстваў, усё адбылося. Зразумела, што не ўсё адбылося так, як хацелася б, ёсць нейкія памылкі і недапрацоўкі. Хацелася, каб нешта было больш грунтоўна і цікава. Але ёсць і тое, што нас радавала і, мажліва, атрымалася нават лепш, чым чакалася.

— Якія лекцыі, на вашае гледзішча, былі самымі цікавымі?

— Для мяне, нават не як для каардынатара, а як для чалавека інтэлектуальнай супольнасці, для даследчыка, для аналітыка найбольш цікавай была менавіта канферэнцыя, якая адбылася ўзімку. Мне падаецца, яна была вельмі незвычайнай для нашага асяродку, бо была на вельмі складаную тэму. Акрамя таго, былі грунтоўныя і гарачыя абмеркаванні цягам двух дзён.

Вельмі цешыць, што мы змаглі распачаць такую размову — не дысцыплінарную, не навуковую. Паміж сабой размаўлялі людзі, якія даволі часта не мелі агульнай мовы, а тут гэта атрымалася. На маю думку, канферэнцыя — гэта лепшае, што было ў нас у гэтым годзе.

— Якіх цікавых асоб з навукавага асяроддзя плануеце запрасіць у якасці лектараў у наступным сезоне?

— Трэба сказаць, што зараз мы стартуем не як у першым перыядзе, калі запрашалі навукоўцаў, а ўжо больш працуем з тым, што нам прапануюць. То бок ужо нейкі аўтарытэт з’явіўся, мы ўжо чакаем прапаноў.

Спадзяюся, у праграму наступнага года будуць уключаны некалькі чалавек, якія дагэтуль працавалі з намі больш шчыльна, чым астатнія. Па-першае, гэта Міхаіл Баярын, я ўзгадваю яго неверагодную публічную лекцыю і спадзяюся, што нашае супрацоўніцтва працягнецца, і гэта будзе, мажліва, курс лекцый. Думаю, што ўсёй супольнасці гэта пойдзе на карысць і будзе адзначана як вартае.

Спадзяюся, што больш шчыльна мы яшчэ будзем супрацоўнічаць з Ігарам Духанам, які таксама чытаў у нас шмат публічных лекцый.

Зараз вядзем перамовы для таго, каб рабіць больш цікавымі курсы і семінары на базе той супольнасці, якая ёсць, бо там яшчэ абсалютна невычарпаны патэнцыял. І справа не ў тым, каб прапанаваць нешта новае, а ў тым, каб развіваць тое, што ёсць. 

— Ці будзе праект геаграфічна пашырацца, і лектары паедуць не толькі ў абласныя цэнтры, але і на перыферыю?

— Па-першае, мы не ўсе абласныя гарады ахапілі сваёй ўвагай, не кажучы пра больш дробныя. І справа не толькі ў чалавечым рэсурсе і магчымасцях, але, у тым ліку, у гатоўнасці саміх слухачоў і ў іхняй патрэбе. Нажаль, гэтая патрэба не такая вялікая.

Патрэба менавіта не для зусім простых асветніцкіх лекцый, а для глыбокага роздуму, для таго каб напружвацца. Не так шмат дзе магчыма сабраць людзей, бо такая праблема існуе нават для абласных гарадоў, нават для Мінска.

Хоць, мы, здаецца, не скардзімся на колькасць людзей на нашых публічных лекцыях у сталіцы, але ў абласных гарадах ужо ўсё выглядае не так прыгожа. Усё ж, нашыя слухачы — гэта публіка часцей за ўсё каляўніверсітэцкая, калянавуковая. І такія людзі з гарадоў, дзе няма навуковых устаноў, звычайна з’язджаюць у больш буйныя гарады, дзе яны ёсць.

Не магу не адзначыць яшчэ адзін накірунак нашай працы, які набыў грунтоўнасць і аўтарытэт. Гэта навуковыя вандроўкі, ініцыятыва слухача, а пасля — удзельніка і суарганізатара — Святланы Бергер.

Апошнім часам вандроўкі вядуць Ірына Дубянецкая і Сяргей Харэўскі, якія знайшлі даволі цікавую і актуальную форму паездак па сваёй краіне з лекцыямі і абмеркаваннямі па розных праблемах. Мне здаецца, там таксам добры вынік, бо ёсць свая аўдыторыя, якая чакае гэтых вандровак і заўсёды ў іх ездзіць. І гэты накірунак развіваецца абсалютна як самастойны.


Другие публикации