Эвалюцыя палітычнай сістэмы: ад дэмакратыі да дыктатуры

28.06.2014
Валер Карбалевіч, Радыё «Свабода»

За 20 гадоў кіравання Аляксандар Лукашэнка ператварыў Беларусь у «апошнюю дыктатуру Еўропы». Якія чыннікі садзейнічалі ўсталяванню беларускага аўтарытарызму? Якія асаблівасці аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі? Ці магчыма яго дэмакратычная эвалюцыя?

Удзельнікі праграмы «Экспртыза Свабоды»: метадолаг Уладзімір Мацкевіч і палітолаг Сяргей Нікалюк.

Ці быў непазбежным аўтарытарызм?

Валер Карбалевіч: «За Беларуссю цвёрда замацавалася назва «апошняй дыктатуры Еўропы». Але вось на што хацеў бы звярнуць увагу. Яшчэ на пачатку 1990-х гадоў з’явілася тэорыя, паводле якой на постсавецкай прасторы пераход ад таталітарызму да дэмакратыі адразу немагчымы, патрэбен пераходны перыяд у выглядзе аўтарытарызму. Дык так і атрымалася. Ва ўсіх постсавецкіх краінах узніклі рэжымы з большай ці меншай ступенню аўтарытарызму.

Некаторыя расійскія эксперты, кшталту Аляксандра Цыпко ці Роя Мядзведзева, станоўча ацэньваюць беларускую мадэль, якая, на іх думку, ёсць такі ашчадны шлях пераходу ад сацыялізму да капіталізму. Маўляў, да рэзкага пераходу народ не гатовы, і Лукашэнка прапанаваў такі павольны варыянт, каб насельніцтва змагло адаптавацца да новых рэалій. Калі прыняць такую версію, то, можа, Лукашэнка — не жорсткі дыктатар, не абсалютнае зло, не Князь Цемры, а інструмент гістарычнай неабходнасці? Ці згодныя вы з такой канцэпцыяй?»

Уладзімір Мацкевіч: «Не так проста на гэта адказаць. Гэтую канцэпцыю цяжка аспрэчваць. І 20-гадовая гісторыя пасля распаду СССР — пацверджанне гэтай канцэпцыі. Іншая справа, як да гэтага ставіцца. Нават калі мы прызнаем аб’ектыўную гістарычную неабходнасць такога этапа ў развіцці маладых нацый, дзяржаваў, гэта не значыць, што дыктатары павінны быць па-за крытыкай. Бо дыктатура застаецца дыктатурай, нават калі яна гістарычна, эканамічна, палітычна абумоўленая».

Сяргей Нікалюк: «Найперш, не ўва ўсіх былых савецкіх рэспубліках узніклі аўтарытарныя рэжымы. Пасля распаду СССР мы бачым тры вектары развіцця на постсавецкай прасторы. Першы вектар — краіны Балтыі. Ніякага аўтарытарызму там няма.

Другі вектар — краіны Сярэдняй Азіі. Там, зразумела, ёсць свае адрозненні, Казахстан не зусім падобны да Кыргызстану ці Туркменістану. Тым не менш там дамінуе аўтарытарызм ці нават ёсць таталітарызм.

Трэці вектар — тры праваслаўныя рэспублікі. Усе яны спачатку заяўлялі, што ідуць у Еўропу. Прайшло больш за 20 гадоў, у кагосці трошкі атрымалася ісці па такім шляху (напрыклад, Малдова). Але ўсе іншыя краіны нестабільныя. Калі недзе стабільнасць і падтрымліваецца, то выключна за кошт прыродных рэсурсаў.

Тое, што адбываецца ў Беларусі, я не ацэньваю як нейкі пераходны этап. Гэта не пераходны этап — гэта самастойны этап. Не ўсякая сацыяльная дынаміка ёсць развіццё. Цяпер Беларусь не развіваецца, а ўсё больш адстае ад усясветнага мэйнстрыму. І калі мы яшчэ трымаемся на плыву, то за кошт расійскіх датацый».

Якія асаблівасці аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі?

Валер Карбалевіч: «Кожны аўтарытарны рэжым на постсавецкай прасторы мае свае асаблівасці. Падаецца, напрыклад, што беларускі рэжым у ідэалагічным сэнсе — самы савецкі, самы антызаходні. Можна адзначыць і іншыя асаблівасці. З чым гэта звязана: з асобай Аляксандра Лукашэнкі ці з нечым іншым?»

Уладзімір Мацкевіч: «Калісці, на пачатку 1990-х гадоў, мы з маімі калегамі выбудавалі такую схему сістэмнага крызісу на постсавецкай прасторы, якая ўключала ў сябе пяць розных адмысловых крызісаў: ідэалогіі, улады, дзяржаўнага кіравання, эканомікі, ладу жыцця. І ў залежнасці ад таго, як вырашаецца папярэдні крызіс, складаецца сітуацыя з наступным крызісам.

У Беларусі крызіс ідэалогіі быў вырашаны на карысць рэстаўрацыі і вяртання да звыклых савецкіх дзяржаўных форм. У гэтым сэнсе, мы страцілі два дзесяцігоддзі, каб трапіць у шэраг развітых дзяржаў.

Але ж трэба мець на ўвазе і стан грамадскай свядомасці. На пачатку 1990-х гадоў большасць насельніцтва не ўяўляла сабе магчымасці самастойнага дзяржаўнага існавання. Які б ні быў антыцывілізацыйны той праект, які абраў наш дыктатарскі рэжым, але за гэты час грамадзяне прызвычаіліся да існавання незалежнай дзяржавы, няхай сабе і з расійскімі датацыямі. Сам таго не жадаючы, рэжым выхаваў самастойную нацыю. Якім чынам мы будуем гэтую нацыю — пытанне іншага маштабу».

Сяргей Нікалюк: «Безумоўна, за 20 гадоў шмат зроблена ў будаўніцтве беларускай нацыі і дзяржавы. Але ёсць розныя варыянты нацыі: дзяржаўная, грамадзянская. У Беларусі ўлады імкнуцца пабудаваць дзяржаўную нацыю. Гэта такая мадэль, калі людзі лічаць сябе беларусамі таму, што жывуць у беларускай дзяржаве. Але ўзнікае пытанне: наколькі падобная нацыя канкурэнтаздольная? Бо мы не грамадзяне, а падданыя сваёй дзяржавы. У гэтым пляне, і ў Туркменістане дасягнуты вялікія поспехі ў будаўніцтве сваёй дзяржаўнасці і нацыі. Але наколькі яна канкурэнтаздольная? Усясветны досвед паказвае, што ў сучасны момант канкурэнтаздольнымі могуць быць толькі грамадзянскія нацыі».

Ці магчыма дэмакратычная эвалюцыя беларускага рэжыму?

Валер Карбалевіч: «Якія перспектывы ў беларускага рэжыму? Ці магчыма нейкая яго эвалюцыя ў бок дэмакратыі? Або ён, як шмат хто лічыць, у прынцыпе няздольны да эвалюцыі, пакуль ва ўладзе Лукашэнка?»

Уладзімір Мацкевіч: «Я менавіта так і лічу, што сённяшні рэжым не здольны да эвалюцыі, ён нягнуткі. І справа тут нават не ў самім Лукашэнку. Будуецца вельмі архаічная нацыя, бо яна складаецца не з грамадзян, а з падданых. Таму яна нежыццяздольная».

Валер Карбалевіч: «Можа, праблема ў будаўнічым матэрыяле? Які будаўнічы матэрыял, такая і будоўля. Ці не так?»

Уладзімір Мацкевіч: «Так. Тут ёсць пра што падумаць. Але гэта асобнае пытанне. У гэтым сэнсе, найбольшая хіба аўтарытарнага рэжыму — тое, што ён разбэшчвае людзей, пазбаўляе іх здольнасці да ініцыятывы, самастойнасці, адказнасці і інш. У выніку мы выжылі, але страцілі перспектыву. Таму тут трэба спадзявацца не на эвалюцыю, а на змену ўсёй канструкцыі».

Сяргей Нікалюк: «Вядома, «матэрыял» быў не зусім той, каб адразу пайсці балтыйскім шляхам. Галоўны негатыў існага рэжыму ў тым, што ён не толькі не спрыяў развіццю чалавечага, сацыяльнага капіталу, а ўсяляк блакаваў такое развіццё. У выніку, паводле сацыялягічных апытанняў, за 20 гадоў мы не бачым прынцыповых змен у стаўленні да такіх базавых паняццяў, як «рынак», «дэмакратыя». Бо ўлады мэтанакіравана глушаць працэсы самаразвіцця. Таму, пакуль Беларусь падсілкоўваецца расійскімі датацыямі, ніякія станоўчыя змены немагчымыя».


Другие публикации