Эксперты: Прыхільнікаў еўраінтэграцыі ў Беларусі паболее

28.06.2014
Уладзімір Глод, Радыё «Свабода»

27 чэрвеня ў Бруселі Грузія, Малдова і Украіна падпісалі ключавыя дамоўленасці з Еўрапейскім Саюзам.

Грузія і Малдова заключылі пагадненні аб палітычнай асацыяцыі і эканамічным збліжэнні, а Украіна — аб эканамічным збліжэнні (палітычнае пагадненне аб асацыяцыі Кіеў падпісаў у сакавіку). Ці адаб’ецца працэс інтэграцыі гэтых краін з Еўропай на Беларусі, якая таксама ўваходзіць у праграму «Усходняе партнёрства».

Дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў сказаў Радыё «Свабода»: сённяшняя падзея паспрыяе пашырэнню кола прыхільнікаў еўрапейскага курса ў Беларусі:

«Калі ў гэтых краінах пачнецца рэальная трансфармацыя і будзе бачна, што яна спрыяе развіццю гэтых краін, падвышэнню дабрабыту іх жыхароў, то гэта будзе спрыяць і праеўрапейскім настроям беларусаў. І гэта можа мець істотнае значэнне для будучыні нашай краіны.

Калі дамовы будуць адэкватна праводзіцца ў жыццё, то эканомікі трох краін будуць умацоўвацца. А яны ж — нашы гандлёвыя партнёры, асабліва значны — Украіна. Таму гэта станоўча паўплывае і на беларускую эканоміку.

І, можа, беларускія ўлады тады пераканаюцца, што такі курс не адаб’ецца балюча на працэсах унутры краіны. І тады, магчыма, нашы ўлады стануць больш лаяльна ставіцца да ўзаемадзеянняў з Еўрапейскім Саюзам».

Падпісанне адпаведных дакументаў у Бруселі сведчыць, што еўрапейскі трэнд на постсавецкай прасторы набывае другое дыханне, — упэўнены старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

«Еўрасаюз прачыняе дзверы для постсавецкай прасторы. І калі гэты трэнд будзе ўзмацняцца, калі ён стане прывабным, то гэта будзе станоўча ўплываць на грамадскую думку ва ўсім былым Савецкім Саюзе.

Гэта дадае інтрыгі і для Беларусі. Калі шлях Грузіі, Малдовы і Украіны ў Еўропу будзе суправаджацца пазітыўнымі зменамі ў эканоміцы, у сацыяльнай сферы, то гэта будзе прывабліваць і новых прыхільнікаў еўрапейскага выбару для Беларусі».

Еўрапейскі выбар некаторых былых савецкіх рэспублік, асабліва Украіны, вельмі непакоіць Крэмль, — падкрэслівае эканаміст Сяргей Чалы:

«Ёсць пункт гледжання Расіі. Яна цвердзіць, што адкрыццё рынку для Украіны, якая мае практычна рэжым свабоднага гандлю з краінамі Мытнага саюза, напоўніць рынак Мытнага саюза таннымі таварамі, якія хлынуць сюды праз Украіну. І таму Расіі, Беларусі і Казахстану давядзецца абараняцца.

Насамрэч гэта поўная лухта. Бо і Мытны саюз, і Еўразійскі эканамічны саюз якраз дзеля гэтага і ствараліся. Усе гэтыя размовы пра перамаркіроўкі, пра сертыфікаты адпаведнасці еўрапейскіх тавараў — толькі размовы. Бо гэтыя стандарты ўжываюцца цяпер да тавараў з Еўрасаюза. І якая розніца, ці яны будуць імпартавацца ў Расію наўпрост, ці праз Украіну, ці яшчэ праз некага?

Спецыяльна дзеля таго, каб падобныя наступствы былі мінімальнымі, усе нашы інтэграцыйныя структуры, кшталту Мытнага саюза, і ствараліся».

У сакавіку Еўрасаюз і Кіеў падпісалі палітычнае пагадненне. Брусель планаваў падпісаць палітычныя і гандлёвыя дамовы з Кішынёвам і Тбілісі ў канцы 2014 года, але змяніў даты на фоне асцярогаў, што Масква паспрабуе перашкаджаць гэтаму працэсу. Пасля заключэння пагадненняў Украіна, Малдова і Грузія атрымаюць доступ да рынку Еўрасаюза з яго 500 мільёнамі спажыўцоў.


Другие публикации