Уладзімір Мацкевіч: Сёння немагчыма адначасова быць добрым і для Расіі, і для Украіны

18.07.2014
Віталь Цыганкоў, Радыё «Свабода»

Што азначае затрыманне ў Мінску народнага дэпутата Украіны? Ці можна сцвярджаць, што ўлады Беларусі цалкам падпарадкоўваюцца Расіі, ці ўдаецца Аляксандру Лукашэнку падтрымліваць сваю неадназначную пазіцыю ва ўкраінска-расійскім канфлікце?

На гэтыя пытанні Радыё «Свабода» адказвае старшыня Рады Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь» Уладзімір Мацкевіч.

— «Лукашэнка на падтанцоўцы ў Пуціна, нейкай асобнай палітыкі ён не праводзіць», — заявіў «Свабодзе» дэпартаваны з Беларусі народны дэпутат Украіны Аляксандар Брыгінец па вяртанні ў Кіеў. Ці можна пагадзіцца з такой ацэнкай, і як увогуле варта ацаніць гэты інцыдэнт?

— Цяжка не пагадзіцца з гэтым абагульненым выказваннем украінскага дэпутата, і ніякага асаблівага адкрыцця тут няма. Але ж я б сказаў так: не трэба перабольшваць удзел Лукашэнкі ў розных справах. Думаю, што тут проста спрацавалі фармальныя дамоўленасці паміж спецслужбамі. Вядома, што мытны кантроль у Беларусі і Расіі агульны, і беларускія памежнікі проста выконваюць тое, што пастанавілі расійскія. Як, у сваю чаргу, расійскія памежнікі могуць не ўпусціць у сваю краіну чалавека, непажаданага беларускім уладам. Таму не думаю, што тут было нейкае асабістае ўмяшанне Лукашэнкі.

— Як увогуле можна ацаніць апошнія заявы і дзеянні Лукашэнкі наконт расійска-украінскага канфлікту? З аднаго боку, кіраўнік Беларусі робіць часам даволі праўкраінскія заявы, з іншага — затрыманне дэпутата, прыкметы гандлёвай вайны паміж Беларуссю і Украінай і г.д.

— Гэта ўсё наступствы непаслядоўнасці палітыкі і спробы ўсядзець на двух крэслах адначасова. Краіна павінна вызначацца, асабліва ў крызісны момант. Беларусь павінна заняць нейкі бок. Але ж ані беларускае кіраўніцтва, ані самі беларусы як нацыя пакуль не вызначыліся. Аднак немагчыма адначасова быць добрымі аднаму і другому боку, якія знаходзяцца ў стане вайны.

— Вы кажаце пра неабходнасць вызначацца. Але ці не здаецца, што ў цяперашніх рэаліях гэтае вызначэнне можа быць толькі на карысць Масквы? Можа быць, для кіраўніцтва Беларусі якраз найлепшая пазіцыя — ніяк не вызначацца?

— Сённяшняя сітуацыя склалася не адразу, гэта вынік недальнабачнай палітыкі 20 гадоў. Калі Беларусь дбае пра будучыню, то вызначацца трэба ўжо цяпер. Так, мы вельмі залежныя ад Расіі, павязаныя з ёй шмат якімі пагадненнямі. Аднак і Еўропа залежыць ад Расіі пастаўкамі газа і нафты. Аднак яна вызначаецца і прымае кірунак пазбавіцца ад гэтай залежнасці.

Таму зараз Беларусь вымушаная прымаць рашэнні ў стылі рэалпалітык, але кірунак на будучыню трэба прымаць такі, каб змяншаць гэтую залежнасць. Калі мы незалежная краіна, калі мы цэнім сваю незалежнасць, то трэба яе павялічваць, у тым ліку ў гандлёвай і газавай залежнасці ад Масквы.


Другие публикации