Макей у Бруселі: эксперты прарыву не чакаюць

23.07.2014
Уладзімір Глод, Радыё «Свабода»

На 22 ліпеня ў Бруселі адбылася запланаваная сустрэча міністраў замежных спраў краін, якія ўваходзяць у праграму Еўрасаюза «Усходняе партнёрства». Беларусь на сустрэчы прадстаўляў міністар Уладзімір Макей.

Як напярэдадні паведамілі Радыё «Свабода» ў прэсавай службе МЗС Беларусі, у планах Уладзіміра Макея быў выступ на пленарнай міністэрскай сустрэчы, каб выкласці на ёй падыходы Беларусі да далейшага развіцця Усходняга партнёрства.

Радыё «Свабода», перад тым як сталі вядомы вынікі міністэрскай сустрэчы, пацікавілася ў шэрагу экспертаў, з чым мог прыехаць у Брусель Уладзімір Макей.

«Ад Макея сёння нельга чакаць нейкіх «рэвалюцыйных» ідэяй», — выказаў мяркаванне дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў:

«Думаю, што мы пачуем традыцыйную рыторыку, звязаную з тым, што Беларусь патрабуе роўнага ўдзелу ў гэтай праграме. А роўныя ўмовы, у разуменні беларускіх уладаў, азначаюць наступнае: не выстаўляйце нам ніякіх патрабаванняў аб вызваленні палітвязняў, лібералізацыі і правах чалавека, а давайце з намі супрацоўнічаць у эканамічным вымярэнні.

Я думаю, што такая рыторыка будзе разгорнута Макеем. А Еўрасаюз сёння фактычна пагаджаецца з такой пазіцыяй, нягледзячы на свае рытарычныя заявы пра палітзняволеных, пра магчымыя санкцыі. Дэ-факта разгортваецца новы віток супрацоўніцтва на тых т.зв. прагматычных умовах, якія выстаўляюць беларускія ўлады».

Не пабачыў падстаў для таго, каб сустрэча ў Бруселі стала пераломнай, і старшыня Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь» Уладзіслаў Вялічка:

«Пераломнасць — гэта не ёсць рыса беларускай палітыкі перыяду Лукашэнкі. Гэта, хутчэй, шараговая сустрэча, якая павінна замацаваць зацікаўленасць беларускіх уладаў у нармальных стасунках з Еўропай. Для гэтага цяпер існуе шэраг фарматаў, якія да нічога не абавязваюць беларускія ўлады, не патрабуюць непасрэдных вынікаў рэформ у бліжэйшы перыяд. І таму такія адносіны, у прынцыпе, больш на карысць беларускай уладзе.

Думаю, што ў гэтай логіцы будзе працягнутая і камунікацыя падчас сустрэчы міністраў. І, найхутчэй, размова будзе ісці пра ўжо пазначаныя пункты супрацоўніцтва. Гэта — пытанні візавай лібералізацыі і эканамічнага супрацоўніцтва ў фарматах, якія былі ўжо вызначаныя раней».

«На сёння не выглядае, што афіцыйны Мінск гатовы да нейкіх рэзкіх дзеянняў і рухаў у бок Еўропы, — канстатаваў намеснік кіраўніка Грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў. — З іншага боку, хоць і нязначны, але дыялог з Бруселем узнавіўся»:

«І гэты візіт Макея ў Брусель дадасць дыялогу, мабыць, больш выразнасці. Яшчэ раз Брусель згадае, што палітычныя вязні павінны быць вызваленыя. Макей на гэта яшчэ раз скажа, што гэта ўнутраная справа Рэспублікі Беларусь.

Хоць з таго, што адбываецца цяпер ва Украіне, мне падаецца, што і Захад у значна большай ступені гатовы да кампраміснага дыялогу з Беларуссю, і беларуская ўлада магла б скарыстацца гэтым і сапраўды зрабіць нашу незалежнасць, наш суверэнітэт хоць крыху больш абароненым. Праз тое, што мы будзем базавацца не на адным толькі саюзніку, а сапраўды на шматвектарнай палітыцы».

Пасля пленарнага паседжання ў Макея былі запланаваныя некалькі двухбаковых сустрэч з калегамі з іншых краін.

Для Уладзіміра Макея, які пэўны час быў неўязны ў краіны Еўрасаюза, гэты візіт у Брусель стаў другім па ліку. Год таму, у ліпені 2013 года, ён удзельнічаў у аналагічным мерапрыемстве.

Еўрасаюз фармальна распачаў праект пад назвай «Усходняе партнёрства» на Саміце ў Празе ў траўні 2009 года, прапанаваўшы падтрымку дэмакратызацыі і рынкавых рэформ для шасці краін: Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны. Праграма прапануе шасці краінам-удзельнікам цесную эканамічную інтэграцыю з Еўрасаюзам, калі тыя выканаюць пэўныя ўмовы. З цягам часу яны могуць падпісаць шырокія гандлёвыя пагадненні, якія дадуць кампаніям краін-удзельнікаў лягчэйшы доступ да рынку Еўрасаюза.

Такія гандлёвыя дамовы дазволяць знізіць мытныя і іншыя бар’еры, якія стрымліваюць імпарт і экспарт, а таксама фінансавыя паслугі і дзяржаўныя закупы.

Большая мабільнасць людзей у Еўропе — таксама частка праекта «Усходняе партнёрства». Еўрасаюз хоча спрасціць працэдуры падарожжаў па Еўропе і ў канчатковым выніку прапанаваць бязвізавы рэжым перамяшчэння.

У абмен на лягчэйшы доступ да Еўрасаюза дзяржавы-ўдзельнікі павінны ўвесці строгія правілы па барацьбе з карупцыяй, арганізаванай злачыннасцю і гандлем людзьмі, наркотыкамі і зброяй. Гэта, у сваю чаргу, знізіць рызыку распаўсюджання такіх злачынстваў у ЕС.

Фармальна 22 ліпеня ў сталіцы Бельгіі праходзілі дзве сустрэчы. Спачатку за зачыненымі дзвярыма дыскутавалі кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў толькі краін Еўрасаюза. Бліжэй да вечару да іх далучыліся яшчэ шасцёра — міністры замежных спраў Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны, то бок тых краін, што ўваходзяць у праграму «Усходняе партнёрства».


Другие публикации