Уладзімір Мацкевіч: Санкцыі супраць Расіі — зразумелы і цалкам апраўданы крок самаабароны еўрапейцаў

30.07.2014
Віталь Цыганкоў, Радыё «Свабода»

Краіны Еўрасаюза ўводзяць супраць Расіі санкцыі трэцяга, сектаральнага ўзроўню. На сустрэчы ў Бруселі былі ўхвалены крокі па абмежаванні доступу расійскіх банкаў на фінансавыя рынкі, абмежаванні супрацоўніцтва ў фінансавай сферы, забарона на гандаль зброяй ды іншае.

Ці азначае гэтае рашэнне, што краіны Еўрасаюза і ЗША маюць супольную і даволі жорсткую пазіцыю адносна апошніх дзеянняў Крамля? Ці можна сказаць, што Маскве не ўдалося раскалоць Захад у пытанні санкцый?

На гэтыя пытанні Радыё «Свабода» адказвае старшыня Рады Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь» Уладзімір Мацкевіч.

Віталь Цыганкоў: Аналітыкі часта казалі пра тое, што Еўропа ў адрозненні ад ЗША не здольная пайсці на шырокія, рэальныя санкцыі супраць Расіі. Аднак менавіта такія санкцыі, «трэцяга ўзроўню» сёння вырашылі ўводзіць краіны Еўрасаюза. Ці гаворыць гэта пра тое, што ступень задаволенасці расійскімі дзеяннямі ва Ўкраіне дасягнула ўжо такога ўзроўню, што краіны Еўрасаюза гатовыя ісці на моцныя крокі?

Уладзімір Мацкевіч: Так. Рэч у тым, што такія санкцыі ўвогуле вельмі цяжка ўводзяцца. Бо трэба ўсё ўзгадніць, шмат з кім дамовіцца, нейкім чынам дамовіцца з тымі, хто будзе супраць. І тут працуе шмат чыннікаў.

Па-першае, чыннік часу. Хтосьці чакаў, што ўсё хутка скончыцца, і не трэба спяшацца, можа, санкцыі не давядзецца ўводзіць. Па-другое, дачыненне Расіі да падзеяў на ўсходзе Украіны стала агульнавядомым фактам. Раней у еўрапейцаў у гэтым былі пэўныя сумневы, і Расія гэтыя сумневы стымулявала. Зараз ніякіх сумневаў на гэты конт не засталося.

І па-трэцяе, тыя еўрапейскія краіны, асабліва тыя, дзе дзейнічаюць расійскія СМІ, заўважылі, як Расія спрабуе ўплываць на свядомасць іхніх грамадзян. Таму дзеянні Еўрасаюза — зразумелы і цалкам апраўданы крок самаабароны еўрапейцаў.

Віталь Цыганкоў: Крэмль відавочна ставіў на тое, каб выклікаць раскол паміж ЗША і Еўропай у ўкраінскай праблеме. Ці можна цяпер казаць, што гэтая стратэгія правалілася?

Уладзімір Мацкевіч: Так, стратэгія Масквы была відавочна накіраваныя на гэта, і былі рэальныя падставы, што Масква стымулюе разіходжанні і нават канфлікт інтарэсаў паміж Еўропай і Амерыкай. Але ж амерыканская і еўрапейская дыпламаты і палітыкі таксама не спалі ў шапку і ўзгаднялі свае пазіцыі.

Цяжка казаць, як менавіта яны дамовіліся. Але я думаю, што амерыканцы пагадзіліся ўзяць на сябе частку цяжару гэтых санкцый. І гэта дазволіла тым еўрапейскім палітыкам, якія адразу былі за санкцыі, пераканаць сваіх апанкнтаў. Так што можна канстатаваць, што гэты стратэгічны накірунак Масквы на раскол Захаду не спрацаваў.


Другие публикации