Ад засухі да патопу (Відэа)

14.08.2014
Алесь Яшчанка, Belsat.eu

Яшчэ нядаўна не ведалі, як ратавацца ад спёкі, цяпер пакутуем ад залеваў. За апошнія содні ў Мінску выпала 62% ад месячнай нормы ападкаў. Паводле звестак МНС, толькі ў цэнтры затапіла 12 адцінкаў сталічных вуліцаў.

Патоп спрычыніўся да гіганцкіх коркаў на дарогах, цягам гадзіны не курсавалі 28 тралейбусных, 8 аўтобусных і 5 трамвайных маршрутаў. Палітолаг Андрэй Ягораў — сярод тых мінчукоў, чые планы сапсавала стыхія: ён спазніўся на самалёт.

Андрэй Ягораў, палітолаг:

«Хто тут адказны? Натуральна, перш за ўсё камунальнікі, якія не ствараюць нармальных умоў, каб у выпадку такой колькасці ападкаў яны нармальна сыходзілі ды не перашкаджалі руху аўтатранспарту».

Самыя ж камунальныя службы запэўніваюць, што ліўнёўкі чысцяць рэгулярна, як мае быць, праблема ж — у надзвычайнай колькасці ападкаў.

УП «Гаррамліўнесцёк»:

«Вы самі разумееце, труба не дае рады. Яно ўсё выцекла паціху. Сёння ўжо нічога няма, правільна? А калі б была забітая, была б лужа. А калі вада сышла, значыцца, не дае рады. Можа, там патрэбныя трохметровыя трубы».

Але нават калі і патрэбныя, усталёўваць іх у праблемных месцах не спяшаюцца. Гэтак, адцінак праспекта Незалежнасці ля парка Чэлюскінцаў традыцыйна за лічаныя хвіліны пераўтварыўся ў сапраўдны басейн.

Жыхары Мінска:

«Нармальна, можна плаваць».

«Горад развіваецца, аўтаў шмат, а рэканструяваць патрэбныя грошы. Усё мяняць, усё старое».

«Натуральна, перашкаджае! Аўта глухне. Перашкаджае, як усім».

Апрача сталіцы ад залеваў пацярпелі іншыя гарады. У Магілёве на некаторых кавалках вуліц вада паднялася да 30 сантыметраў, працаўнікі МНС адпампоўвалі яе да позняга вечара. І спыняцца на гэтым стыхія не збіраецца. Бліжэйшымі днямі сіноптыкі ізноў абяцаюць навальніцы, залевы, а месцамі нават град, абвешчаны памаранчавы ўзровень небяспекі. І спадзявацца толькі на парасон не выпадае.

Belsat.eu


Другие публикации