Размова шаснаццатая — пра тое, як адказваюць тэалогія, навука і філасофія на кантаўскія пытанні: «Што я магу ведаць?», «Што мушу рабіць?» і «На што магу спадзявацца?»
Уладзімір Мацкевіч: Ніякі Лукашэнка не міратворац
26 жніўня ў Мінску маюць адбыцца шматбаковыя перамовы ў фармаце «Мытны саюз — Еўрасаюз — Украіна» пра будучыню Украіны, ахопленай збройным супрацьстаяннем. Чытайце пра тое, як у Мінску рыхтуюцца да саміта.
Ці не ўпершыню за апошнія два дзясяткі гадоў Мінск будзе прымаць перамоўнікаў такога высокага ўзроўню. Апроч кіраўнікоў Украіны, Расіі і Казахстана, дамаўляцца пра мір ва Украіне прыедуць вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, віцэ-старшыня Еўракамісіі Гюнтэр Этынгер і еўракамісар па гандлі Карл дэ Гухт.
У Мінск сярод іншых высокіх асоб маюць прыехаць прэзідэнты варагуючых краін — Пятро Парашэнка і Уладзімір Пуцін. Ці адбудзецца іх сустрэча ў фармаце сам-насам — пакуль невядома. Як заявіў кіраўнік расійскага знешнепалітычнага ведамства Сяргей Лаўроў, запланаваны цэлы шэраг двухбаковых перамоў, але пра тое, хто і з кім будзе сустракацца, абвесцяць толькі заўтра.
Мерапрыемства, якое можа стаць паваротным у расійска-ўкраінскім канфлікце, ужо адзначана вялізнай цікавасцю з боку мас-мэдый. Як паведамілі ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі, на перамовы акрэдытавана больш за 300 журналістаў, і заяўкі паступаюць надалей. Асобна ідзе акрэдытацыя на сустрэчы кіраўнікоў дэлегацый у Нацыянальным аэрапорце «Мінск». Прыблізны графік прыбыцця перамоўнікаў досыць расцягнуты, і фактычна самалёты будуць прызямляцца да сярэдзіны дня.
Як удакладнілі ў амбасадах краін, чые кіраўнікі гатовы выпрацоўваць у Мінску салідарную пазіцыю, першым збіраецца прыляцець Пятро Парашэнка — у раёне 11-й раніцы. Дзесці ў гэты ж час прыбудуць прадстаўнікі Еўрасаюза на чале з Кэтрын Эштан. Уладзімір Пуцін традыцыйна не спяшаецца, ягоны борт чакаецца дзесці ў 13.30.
Кансультацыі па ўкраінскай праблематыцы будуць праходзіць у Палацы Незалежнасці, нядаўна збудаваным на праспекце Пераможцаў непадалёк ад лукашэнкаўскай рэзідэнцыі ў Драздах. Па ўсім перыметры палаца ідзе апошняя падрыхтоўка: дзясяткі супрацоўнікаў «Зелянбуда» падмятаюць пляц, прамысловыя альпіністы мыюць вокны, людзі ў цывільным аглядаюць тэрыторыю. Дзяржаўтаінспекцыя ўжо папярэдзіла аўтааматараў, што маршруты па праспекце Пераможцаў і вуліцы Арлоўскай лепш не планаваць, бо рух транспарта будзе перакрывацца.
Ці зможа мінская сустрэча паспрыяць дээскалацыі канфлікта? Якія дывідэнды атрымае гаспадар перамоўнай пляцоўкі — Аляксандр Лукашэнка? Сітуацыю аналізуе філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч:
Уладзімір Мацкевіч: «Ніякага аптымізму на гэты конт я не маю — не бачу канструктыўных прапаноў у ніводнага з бакоў, якія будуць прысутнічаць на гэтых перамовах. З боку Украіны ёсць толькі адно выйсце — хутчэй і паспяхова скончыць антытэрарыстычную аперацыю, ачысціць Украіну ад гэтых узброеных фармаванняў. З боку Расіі ўвогуле няма ніякіх прапаноў і ніякага добрага выйсця. Еўрасаюз у асобе Кэтрын Эштан — гэта толькі пасярэднік. Ну, і два статысты — Назарбаеў і Лукашэнка».
Карэспандэнт: «Якую выгаду ад умоўнай «міратворчасці» атрымае Лукашэнка?»
Уладзімір Мацкевіч: «Не перастаю паўтараць адну простую рэч: ніякі Лукашэнка не міратворац. У яго для гэтага няма ні моцнай дзяржавы, ні — галоўнае — рэпутацыі і даверу. Да гэтага чалавека ў нікога з усясветных палітыкаў няма даверу, у тым ліку ні ў Пуціна, ні ў Парашэнкі. Які міратворац? Тое, што адбываюцца сёння змены ў дачыненні да Беларусі ў міжнароднай палітыцы, дык такія ж самыя змены адбываюцца, прыкладам, у бок Ірана. Проста яны, зыходзячы з інтарэсаў «рэалпалітык», становяцца не такімі істотнымі, як пагроза з боку Расіі. Таму ніякай заслугі Лукашэнкі ў гэтай змене стаўлення да ягонага рэжыма ў Еўропе няма. Гэта ўсяго толькі прывабная краіна як месца для перамоў, бо лепшага і бліжэйшага месца няма. І дзеля гэтага выкарыстоўваецца Беларусь. Ніякай заслугі тут ні беларускага народа, ні Лукашэнкі няма і быць не можа».
Аляксандр Лукашэнка, прымяраючыся да ролі міратворцы, намагаецца лавіраваць паміж Масквой і Кіевам. 24 жніўня, напярэдадні саміта, ён павіншаваў свайго ўкраінскага калегу Пятра Парашэнку з Днём Незалежнасці Украіны, адзначыўшы «высокі ўзровень двухбаковых адносін»: «Шчыра даражу ўсталяваным паміж намі ўзаемаразуменнем і буду рады працягу канструктыўнага дыялога, накіраванага на далейшае ўмацаванне супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Украінай», — падкрэсліў у тэлеграме Лукашэнка. Але ці не стане мінская сустрэча марнай ва ўмовах, калі кожны з бакоў едзе са сваім пералікам патрабаванняў і ўльтыматумаў? Палітолаг Вячаслаў Оргіш разлічвае, што эмоцыі саступяць месца здароваму сэнсу:
Вячаслаў Оргіш: «У палітыцы ўвогуле не бывае пустых сустрэч — бываюць сустрэчы, якія замаруджваюць той ці іншы працэс альбо яго паскараюць. Таму сустракацца трэба, бо калі не сустракацца і не размаўляць, то эскалацыя канфлікта будзе ўзрастаць і нічога добрага ад гэтага чакаць не давядзецца. Відавочна, што на дадзены момант так званыя ДНР і ЛНР пераходзяць да больш актыўных дзеянняў, у той жа час украінскае войска дэманструе дрэнную дзеяздольнасць, і Кіеву, хоча ён таго ці не хоча, трэба зараз сядаць за стол перамоў і шукаць нейкага паразумення ў перамоўным працэсе. А што тычыцца гэтак званых паўстанцаў, самаабвешчанай Наваросіі, то відавочна, што яны таксама ў пэўным сэнсе зацікаўлены ў перамоўным працэсе, гэта дае ім магчымасць перагрупавацца, сканцэнтраваць сілы на тым ці іншым напрамку. Дый увогуле час — такая рэч, што можа даць нейкія перавагі ў сэнсе дыпламатыі, у ваенным плане, эканамічным. Таму яны, відаць, таксама разлічваюць на перамовы, якія нешта ім прынясуць. Калі не ў стратэгіі, то, ва ўсялякім выпадку, у сэнсе тактыкі».
Напярэдадні зацікаўленыя бакі выказаліся наконт чаканняў ад мінскай сустрэчы. Так, прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка адзначыў, што едзе дамаўляцца пра мір, бо «ўвесь свет ужо стаміўся ад вайны». Пры гэтым Парашэнка ўдакладніў, што будзе заклікаць Расію вывесці баевікоў з мяцежных рэгіёнаў Усходняй Украіны. Кэтрын Эштан падкрэсліла, што перамовы ў Мінску — «магчымасць, якую нельга змарнаваць». Міністар замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў на брыфінгу запэўніў, што Расія выступае за «гарманізацыю адносін паміж Мытным саюзам, Украінай і Еўрасаюзам». Праўда, ягоныя заявы суправаджаюцца ўсё новымі фактамі несанкцыянаванага ўваходу расійскіх войскаў на тэрыторыю Данбаса.
Радыё «Свабода»
Другие публикации
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #4 (Видео)
1 июня беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел четвертый вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #3 (Видео)
28 мая беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел третий вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #2 (Видео)
25 мая беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел второй вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #1 (Видео)
21 мая беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел первый вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
Комментарии и дискуссии
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Размова шаснаццатая — пра тое, як адказваюць тэалогія, навука і філасофія на кантаўскія пытанні: «Што я магу ведаць?», «Што мушу рабіць?» і «На што магу спадзявацца?»