Універсітэт і сучаснасць: адкрыццё ўніверсітэцкага года ў Лятучым!

29.08.2014
Лятучы ўніверсітэт

Лятучы ўніверсітэт запрашае на адкрыццё ўніверсітэцкага года і прэзентацыю праграмы навучальнага сезона 2014-2015 года.

Якімі межамі мы задаем і вызначаем сучаснасць? З дапамогай якіх сродкаў рэалізуем сябе ў ёй? На якой мове разумеем, тлумачым і вызнаем? Без адказу на гэтыя пытанні немагчыма распачаць працу Універсітэта.

9 верасня 2014 года Лятучы ўніверсітэт абвяшчае пра пачатак новага ўніверсітэцкага года і запрашае да ўдзелу ўсіх зацікаўленых справай Універсітэта і мыслення разам, каб зарыентавацца ў прасторы і часе, у актуальных пытаннях і магчымасцях адказаў на іх — у тым, ЯК, ДЗЕ, З КІМ і ЯКІМ ЧЫНАМ суаднесці сябе, час і грамадства.

У межах імпрэзы Лятучага вы будзеце мець магчымасць пачуць уяўленні, развагі і пытанні, з якімі распачынаюць працу ў новым годзе чальцы калегіума Лятучага, абмеркаваць планы і магчымасці рэалізацыі сябе і сваіх інтэлектуальных памкненняў, бліжэй пазнаёміцца з выкладчыкамі і саўдзельнікамі ў будучай працы.

Традыцыйна на сустрэчы можна будзе даведацца пра новую праграму на 2014-2015 год. Арганізатары прадугледжваюць і нефармальную частку — мажлівасць непасрэднага сумоўя за кавай-гарбатай у асяроддзі лектараў курсаў і публічных лекцый, вядучых школ і семінараў, арганізатараў універсітэцкіх пляцовак.

Імпрэза з нагоды пачатку ўніверсітэцкага года ў Лятучым «Універсітэт і сучаснасць» адбудзецца 9 верасня 2014 года ў Крэатыўнай прасторы «ЦЭХ» (Мінск, прасп. Незалежнасці, 58, к. 6, праход праз вул. П. Броўкі. Пачатак у 18.30. Уваход вольны!

Каардынатар: Юлія Галіноўская: (+375 29) 7422040, flyuniby@gmail.com.

Як дабрацца:

UPD.: Відэазапіс імпрэзы:


Другие публикации