Пагадненне аб спыненні агню ва Украіне: Мюнхен ці Хасаўюрт?

08.09.2014
Юрый Дракахруст, Радыё «Свабода»

Хто выйграў, а хто прайграў ад пагаднення аб спыненні агню ва Украіне? Якім будзе палітычнае рэха гэтага пагаднення ва Украіне? Ці дапамогуць Украіне вынікі саміта НАТА?

Над гэтымі пытаннямі ў «Пражскім акцэнце» разважаюць беларускія палітолагі Арсеній Сівіцкі і Андрэй Ягораў і ўкраінскі палітычны аналітык Канстанцін Бандарэнка.

Перамір’е: пераможцы і пераможаныя

Юрый Дракахруст: Перамовы ў Мінску ў межах кантактнай групы па Украіне (а фактычна — паміж украінскай уладай і сепаратыстамі, а яшчэ дакладней — паміж Кіевам і Масквой) прывялі да перамір’я на Данбасе. Але, як кажуць ангельцы, д’ябал хаваецца ў дробязях. Што азначаюць умовы перамір’я, ці можна сказаць, што канфлікт ператвараецца ў замарожаны, што Расія дасягнула ўсіх сваіх мэт ва Украіне? Прыгадваецца, што чэрвеньскі мірны план прэзідэнта Парашэнкі прадугледжваў раззбраенне сепаратыстаў і ўсталяванне кантролю Украіны над мяжой. Мінскае перамір’е гэтага не прадугледжвае.

Канстанцін Бандарэнка: Так, безумоўна. Канфлікт ператвараецца ў замарожаны. Такіх шмат на постсавецкай прасторы. Павінна прайсці шмат часу, каб узаемны недавер адышоў у мінулае. Кіеву давядзецца прапанаваць варыянт, які б задавальняў і жыхароў Заходняй і Цэнтральнай Украіны, і тых, хто жыве ў Данецкай і Луганскай абласцях, і жыхароў Усходу і Поўдня Украіны, і большасць стратэгічных партнёраў Украіны (паколькі ў канфлікт уцягнутыя і ЗША, і ЕС), і Расію. Гэты варыянт, напэўна, павінен прадугледжваць высокую ступень дэцэнтралізацыі. Данецкая і Луганская вобласці пагаджаюцца на адмысловы статус у рамках Украіны. І дыскусіі ў бліжэйшы час будуць ісці вакол гэтага статуса.

Андрэй Ягораў: Я не думаю, што Расія дасягнула ва Украіне ўсіх сваіх мэт і канфлікт стаў замарожаным. Зараз мы пакуль маем прыпыненне агню, і колькі яно працягнецца — невядома. Пакуль ніводзін з бакоў не пайшоў на значныя саступкі іншаму боку. Уваход расійскіх войск змяніў усю сітуацыю. Ваенная машына Украіны не можа зараз супрацьстаяць масіраванаму ўварванню расійскіх войск, патрэбная нейкая перагрупоўка войск і падтрымка Захаду. І гэтае часовае перамір’е патрэбнае Кіеву з тактычных меркаванняў.

А тэрарыстам і Расіі перамір’е патрэбнае, каб дамагчыся рашэння аб адмысловым статусе ЛНР і ДНР, каб мець магчымасць кантраляваць паводзіны Кіева. Але я не бачу гатоўнасці на гэта з боку ўлад Украіны.

Арсеній Сівіцкі: Тыя ўмовы перамір’я, якія былі падпісаны ў Мінску, вельмі падобныя на ўмовы, якія былі прапанаваны «групай Боіста», якая складалася з амерыканскіх і расійскіх экспертаў, якія некалькі месяцаў таму сустрэліся ў Фінляндыі. Яны выпрацавалі план урэгулявання канфлікта з 24 пунктаў. Тыя 7 пунктаў, якія расійскі прэзідэнт Пуцін нібыта «накідаў на каленцы», а потым агучыў прэзідэнт Парашэнка — гэта якраз пункты, якія фігуравалі ў плане «групы Боіста». Так, перамір’ем Расія дасягнула сваіх мэт, але не дзеяннямі па дэстабілізацыі Украіны і стварэннем «народных рэспублік», а праз кансэнсус з вялікімі дзяржавамі. У складзе «групы Боіста» былі не толькі незалежныя эксперты, але і былы шэф расійскай Службы знешняй разведкі і двое адстаўных кіраўнікоў дэпартамента Расіі і Еўразіі Нацыянальнай разведнай рады ЗША.

Юрый Дракахруст: Арсеній, а гэты план не нагадвае вам мюнхенскі? У 1938 годзе вялікія дзяржавы таксама прыйшлі да паразумення.

Арсеній Сівіцкі: Так, нагадвае. Зараз пра гэта шмат пішуць: што вялікія дзяржавы дамовіліся, але забыліся спытаць Украіну. Цікава адзначыць, што ў складзе «групы Боіста» не было ніводнага ўкраінскага эксперта. Некаторыя параўноўваюць цяперашняе перамір’е з пактам Молатава-Рыбентропа.

Расія дасягнула не толькі тактычных мэт, яна прадухіліла ўступленне Украіны ў НАТА і дамаглася замарожвання імпліментацыі Пагаднення аб асацыяцыі Украіны з Еўрасаюзам.

«Парашэнка пайшоў на ўкраінскі Хасаўюрт»

Юрый Дракахруст: Многія ва Украіне могуць расцаніць перамір’е як здраду ці капітуляцыю. Прэм’ер Яцанюк, здаецца, і не хавае, што яго падыход істотна больш жорсткі, чым прэзідэнта Парашэнкі. Ці не спародзіць перамір’е востры ўнутрыпалітычны крызіс ва Украіне, а можа, і новы Майдан?

Канстанцін Бандарэнка: Ва Украіне існуюць дзве палітычныя плыні: «партыя вайны» і «партыя міру». «Партыя вайны» лічыць, што трэба весці вайну да тае пары, пакуль не будзе разбіты супраціў на Усходзе, і што неабходна атрымаць максімальную падтрымку НАТА і ЗША, каб перамагчы Расію ў гэтым канфлікце. «Партыя міру», якая прадстаўленая найперш Партыяй рэгіёнаў і Партыяй развіцця Украіны, выступаюць за кампраміс і формулу перамір’я, каб пачаць адраджэнне ўкраінскай эканомікі, якая знаходзіцца на мяжы калапса.

Пятро Парашэнка ішоў на выбары пад міратворчымі лозунгамі, ён казаў, што скончыць АТА за лічаныя тыдні, ён абяцаў устойлівы мір. Але потым ён стаў на пазіцыі «партыі вайны». Зараз, калі ён пагадзіўся на перамір’е, яго абвінавачваюць у згодніцтве і капітуляцыі. Колькасць яго прыхільнікаў зараз рэзка зменшыцца, яны адыдуць да Юліі Цімашэнкі, да Алега Ляшко, да іншых радыкальных праектаў.

Мы бачым, што на ўкраінскай палітычнай сцэне з’явілася новая плынь — гэта людзі, якія прайшлі праз АТА, якія ведаюць, што такое вайна. Калі пагаршаецца эканамічная і сацыяльная сітуацыя, калі з’яўляецца вялікая колькасць расчараваных дэмабілізаваных людзей, узнікаюць сур’ёзныя негатыўныя тэндэнцыі ў грамадскім жыцці, якія назіраліся ў Еўропе пасля Першай сусветнай вайны.

Юрый Дракахруст: Вы кажаце пра «партыю вайны» і «партыю міру». А ці не аказваецца «партыя міру» закладніцай пуцінскай тактыкі «салямі»? Ён узяў Крым — «партыя міру» гаворыць пра мір. Ён бярэ Данбас — «партыя міру» працягвае быць супраць узброенага супраціву. Ён возме Днепрапятроўск, Харкаў ці нават Кіеў — «партыя міру» будзе працягваць заклікаць да міру? Так не можа быць.

Канстанцін Бандарэнка: Ва Украіне надзвычай складаная сітуацыя. Няма грошай. Няма арміі. Няма чым абараняцца. Ёсць сур’ёзны патрыятычны ўздым, але няма забеспячэння рэсурсамі гэтых ідэалістычных, высакародных памкненняў грамадскасці. Таму цяперашняе перамір’е — гэта перадышка, час сфармаваць абароназдольную армію, якая на працягу 23 гадоў развальвалася, час сфармаваць эканамічныя і дыпламатычныя перадумовы, каб узяць рэванш. Неабавязкова на полі бою, найперш размова ідзе пра дыпламатычны рэванш за тыя паразы, якія панесла Украіна.

У нас часта прыгадваюць у гэтай сувязі вопыт Расіі, якая ў 1996 годзе атрымала Хасаўюрт — па сутнасці паразу ў вайне з Чачнёй. А ў 2000 годзе Хасаўюрт абярнуўся перамогай. Пагадненнем у Мінску Парашэнка пайшоў на ўкраінскі Хасаўюрт.

НАТА і Украіна

Юрый Дракахруст: Як вы ацэньваеце вынікі саміта НАТА, які адбыўся на гэтым тыдні? Яго асноўныя вынікі: стварэнне корпуса хуткага рэагавання, усталяванне ваенных баз у Эстоніі, Польшчы і Румыніі, дазвол на пастаўкі зброі Украіне індывідуальнымі членам альянса. Наколькі гэтыя рашэнні падаюцца вам адэкватнымі сітуацыі ва Украіне?

Арсеній Сівіцкі: З самага пачатку ўкраінскага крызісу рэакцыя НАТА на яго была стрыманая. Украіна не ўваходзіць у альянс і не мае нават статуса краіны-партнёра НАТА. Я пэўны час таму ўдзельнічаў у сімуляцыйных гульнях, мэтай якіх было прадказаць магчымую рэакцыю на анексію Крыма і на далейшае ўварванне расійскіх войск на тэрыторыю Украіны. Тыя меры ў адказ з боку НАТА, якія мы тады спрагназавалі, і робяцца альянсам зараз: гэта павялічэнне колькасці войск у краінах Балтыі і ў Цэнтральнай Еўропе, павялічэнне колькасці і маштабаў вучэнняў, ваенна-тэхнічная і кансультацыйная дапамога Украіне.

Я не думаю, што крокі НАТА маглі істотна паўплываць ці паўплываюць на развіццё ваенна-палітычных падзей ва Украіне.

Юрый Дракахруст: Андрэй, Захад не меў адмысловых ваенных абавязкаў ні перад Карэяй у 1950 годзе, ні перад Кувейтам у 1990 годзе, што не перашкодзіла ўступіць у вайну за гэтыя краіны. А за Украіну ў 2014 годзе нешта перашкодзіла. Ці лічыце вы выпадковым тое, што прэзідэнт Парашэнка абвясціў аб канчатковай згодзе на спыненне агню менавіта на саміце НАТА?

Андрэй Ягораў: Зразумела, не. Парашэнка абвяшчаў пра мірную дамоўленасць на саміце НАТА, каб тактычна перагуляць Расію. Ён пагадзіўся на перамір’е, на чым настойвалі і лідэры НАТА, але скарыстаўся магчымасцю, каб высветліць, чым НАТА можа дапамагчы Украіне потым, пасля перамір’я, якое відавочна не вырашае сітуацыю. Гэта не здача пазіцый, не тое, што ён пагадзіўся на ўмовы Расіі.

Пасля саміта Украіна стала нашмат бліжэй да альянса. Рашэнні, прынятыя на саміце, даюць Украіне нашмат больш магчымасцей атрымліваць ваенна-тэхнічную і кансультацыйную дапамогу.

Арсеній кажа, што нібыта ёсць змова вялікіх дзяржаў не даць Украіне зблізіцца з НАТА і пайсці па шляху асацыяцыі з ЕС, але мы бачым, што менавіта вайна, развязаная Расіяй, наблізіла Украіну да НАТА.

У геапалітычным сэнсе я не бачу выйгрышу Расіі. НАТА ўзмацнілася, рэфармавалася, наблізілася да мяжы з Расіяй. Я мяркую, што дамова Украіны аб асацыяцыі з ЕС будзе ратыфікаваная. Аднак яе немагчыма будзе рэалізаваць без таго, каб завяршыць вайну.


Другие публикации