Эксперты: Еўрасаюз павінен вырашыць «расійскае пытанне»

13.09.2014
Радыё «Свабода»

Еўрасаюз аказаўся не гатовы да агрэсіўнай знешняй палітыкі Расіі ў рэгіёне, а цяпер не можа хутка выпрацаваць адказ на расійскі выклік.

Такую думку выказаў эксперт брусельскага Цэнтра даследаванняў еўрапейскай палітыкі Грант Кастанян падчас публічнай дыскусіі ў рамках Еўрапейскага міжкультурнага фестывалю ў Мінску.

Палітолаг зазначыў, што ў Еўропе проста не разумелі, што развіццё інтэграцыі постсавецкіх краін з Еўрасаюзам успрымаецца Расіяй як пагроза сваім інтарэсам. Але на практыцы атрымалася, што Пагадненне аб асацыяцыі з Еўрасаюзам разглядаецца Крамлём не проста як гандлёвая дамова, а як першы крок гэтых краін да ўваходжання ў НАТА.

«Для Расіі гэта тая чырвоная лінія, пераступаць якую суседнія краіны, паводле іх меркавання, не павінны. Менавіта таму сёння РФ гатовая перайсці да ўзброенага канфлікта. Еўрасаюз не чакаў такой рэакцыі Расіі», — канстатуе Кастанян.

Менавіта палітычны кантроль над украінскай дзяржавай з’яўляецца сёння галоўнай мэтай Крамля ў канфлікце на Данбасе, мяркуе эксперт.

«На мой погляд, у інтарэсах Расіі — стварыць замарожаны канфлікт і праз гэты канфлікт паўплываць на прыняцце ўкраінскімі ўладамі рашэнняў. Для Расіі асноўная цікавасць тут не анексія новых тэрыторый, а, хутчэй, выкарыстанне падкантрольных тэрыторый у якасці голасу вета на ўсе палітычныя рашэння, якія прымаюцца ў Кіеве», — падкрэслівае Кастанян.

На недаўлік Еўропай расійскага фактара ў сваёй усходняй палітыцы звяртае ўвагу і беларускі палітолаг Андрэй Ягораў:

«Еўрасаюз усе гэтыя гады ашукваўся наконт Расіі. Насамрэч Расія заўсёды ў гэтым рэгіёне вяла антыеўрапейскую палітыку. І Еўрасаюзу трэба было вельмі пастарацца, каб не заўважаць гэтага ажно да агрэсіі Расіі ва Украіне», — зазначыў эксперт.

Палітолагі таксама адзначаюць, што еўрапейскія палітыкі не толькі не ўлічвалі фактар Расіі, але і не ўлічвалі і спецыфіку кожнай з краін рэгіёна. Паводле Кастаняна, ЕС сёння павінен больш уважліва падыходзіць да ўнутранай сітуацыі дзяржаў-удзельнікаў Усходняга партнёрства і ў будучыні больш працаваць з грамадзянскай супольнасцю гэтых краін.

«Але для таго, каб наладзіць гэтую працу, арыентаваную на мясцовую спецыфіку кожнай краіны, Еўрасаюз павінен вырашыць для сябе шэраг знешніх праблем. У гэтым выпадку, гаворка ідзе пра вырашэнне расійскага пытання. ЕС павінен прыняць больш разумную палітыку ў адносінах да Расіі. Трэба правільна ўспрымаць, аналізаваць і інтэрпрэтаваць расійскую палітыку», — кажа Кастанян.

Ён адзначае, што агрэсія Расіі ва Украіне стварыла новую сітуацыю ў рэгіёне, да чаго Еўрасаюз не быў гатовы. Больш за тое, нават ўсведамляючы выклікі часу, Брусель не можа хутка выпрацаваць новыя адказы з-за складанай унутранай структуры Еўрасаюза.

Радыё «Свабода»


Другие публикации