Паспяховыя рэформы ва Украіне — найлепшы адказ Крамлю, — меркаванне экспертаў

26.09.2014
Радыё «Свабода»

Украіна можа перамагчы Расію не столькі ваенным шляхам, колькі шляхам дэманстрацыі паспяховых рэформ. Такую думку ў інтэрв’ю Радыё «Свабода» выказалі эксперты, каментуючы план рэформ ва Украіне, які ўчора абвясціў Пятро Парашэнка.

Прафесар паліталогіі Кіева-Магілянскай акадэміі Аляксей Гарань адзначае, што ў пытанні правядзення рэформ ва Украіне трэба ўлічваць як знешнія, так і ўнутраныя фактары:

«Унутраны — гэта неабходнасць ачышчэння ўлады і барацьбы з карупцыяй. Гэта частка рэформ, і прэзідэнтам гэта менавіта так і задэкларавана. Пытанне ў тым, як гэта зрабіць. У гэтым сэнсе, вельмі важны напрамак — гэта датэрміновыя парламенцкія выбары. Сёння ў парламенце сканцэнтраваліся прадстаўнікі ранейшай улады, і якраз яны нядаўна зарубілі закон аб антыкарупцыйным бюро. Гэта толькі яшчэ раз пацвярджае, што датэрміновыя выбары патрэбныя, яны прывядуць новых людзей у парламент. Увогуле цяпер ужо зразумела, што новы парламент не будзе ідэальны, але ў ім будзе дастаткова ўстойлівая праеўрапейская, прарэфарматарская большасць. Зразумела, ускладняе перспектывы рэформ расійская інтэрвенцыя ва Украіну. Безумоўна, гэта адцягвае каласальныя сілы. Але я думаю, што мы павінны зыходзіць з таго, што перамагчы ў гэтым супрацьстаянні мы можам не столькі ваенным шляхам, колькі шляхам дэманстрацыі таго, што мы можам стаць больш паспяховай краінай — так, як гэта ў свой час прадэманстравала ФРГ або Паўднёвая Карэя».

Эксперт адзначае, што пры правядзенні рэформ Украіне будзе вельмі патрэбная падтрымка Еўрасаюза і ЗША.

«Асацыяцыя з Еўрасаюзам — гэта таксама своеасаблівы план рэформ. Зараз імплементацыя зоны свабоднага гандлю адкладзеная, але ўжо цяпер Украіна атрымала істотныя прэферэнцыі — украінскія тавары ў ЕС абкладаюцца нулявой мытнай стаўкай. І гэта таксама важная дапамога рэформам ва Украіне. То бок я думаю, што нягледзячы на тую вайну, якую вядзе супраць нас Расія, мы павінны сканцэнтравацца на ўнутраных рэформах і пры гэтым разлічваць на тую дапамогу, якую павінна аказаць трансфармацыі нашай эканомікі дамова з ЕС», — кажа Гарань.

Што тычыцца планаў Парашэнкі падаць заяўку на сяброўства ў Еўрасаюзе да 2020 году, то гэта перш за ўсё трэба ўспрымаць як напрамак руху Украіны, а далёка не як сам факт уваходжання ў ЕС:

«Гэта складаная задача. Мы павінны добра разумець тыя цяжкасці, якія стаяць на гэтым шляху. Але я хачу адзначыць, што Парашэнка не бярэ на сябе нейкіх завышаных абавязанняў, што Украіна стане сябрам Еўрасаюза — гаворка ідзе аб падачы заяўкі. Гэта ўсё ж такі трошкі іншае».

Беларускі палітолаг, дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў адзначае, што абвяшчэнне планаў падаць заяўку на сяброўства ў Еўрапейскім Саюзе да 2020 году выглядае моцным крокам, асабліва на фоне заявы Бруселя пра тое, што дзверы ў ЕС адчыненыя для краін Усходняга партнёрства. Але іншае пытанне — ці сапраўды ў 2020 годзе Украіна будзе гатовая да ўваходжання ў Еўрасаюз? Для гэтага Украіна павінна прайсці доўгі шлях унутраных рэформ, і на гэтым шляху яе чакае шмат перашкод, кажа палітолаг.

«Без спынення ваеннага канфлікту, безумоўна, гэтыя рэформы не могуць быць паспяховымі. Немагчыма адначасова весці вайну і рабіць рэформы — нейкім чынам гэтае пытанне павінна быць вырашана.

Акрамя таго, Расія будзе рабіць усё, што магчыма, каб не даць Украіне ісці па шляху эфектыўных рэформ — яна будзе шчыльна ўлазіць ва ўнутрыпалітычную сітуацыю ва Украіне, будзе спрабаваць дэстабілізаваць сітуацыю, бо поспех рэформ ва Украіне, дэмакратычная і заможная Украіна — гэта тое, што будзе вельмі падрываць аўтарытэт сённяшняга расійскага рэжыма, і ён будзе рабіць усё магчымае, каб не дапусціць гэтага», — упэўнены Ягораў.

Палітолаг таксама адзначае, што паспяховасць рэформ будзе залежаць ад складу Вярхоўнай Рады, выбары ў якую адбудуцца 26 кастрычніка.

«Рэформы, якія трэба зрабіць ва Украіне, — іх трэба рабіць вельмі хутка і вельмі рашуча. А для гэтага ў прэзідэнта Парашэнкі няма дастатковых паўнамоцтваў, бо тая Канстытуцыя, якая дзейнічае сёння ва Украіне, яна абмяжоўвае паўнамоцтвы прэзідэнта, і яму патрэбна вельмі лаяльная Вярхоўная Рада, каб ажыцьцяўляць гэтыя рэформы. Невядома, што будзе пасля выбараў у Вярхоўную Раду, ці зможа Парашэнка атрымаць рэфармісцкі склад Рады, ці не. Але ад гэтага фактычна будзе залежаць рэалізацыя любых амбітных планаў рэформ», — падкрэслівае Ягораў.


Другие публикации